З верасня дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і маладыя людзі з інваліднасцю змогуць разам глядзець і абмяркоўваць фільмы ў кінаклубе «Кіналюбы». Бясплатны кінаклуб для іх арганізавала гродзенская дабрачынная арганізацыя — цэнтр дапамогі «Вера».
Сустрэчы будуць праходзіць у будынку цэнтра «Вера» на Рэпіна, 5а — у актавай зале, дзе час ад часу праводзяцца заняткі і рэпетыцыі для дзяцей з інваліднасцю. Частка часу зала проста пустуе. Яе абсталявалі буйнафарматнай відэасценай 243 на 137 см і гукаўзмацняльнай апаратурай, павесілі там спецыяльныя жалюзі. На пераабсталяванне залы спатрэбілася каля 30 тыс. рублёў - дапамаглі партнёры і спонсары цэнтра дапамогі. Клуб будзе працаваць раз на тыдзень, па панядзелках, расказалі ў «Веры».
Наведваць клуб змогуць і маламабільныя людзі. Ён арыентаваны на дзяцей з інваліднасцю да 18 гадоў у суправаджэнні бацькоў і маладых людзей да 31 года з суправаджэннем і без. Ступень страты здароўя не мае значэння, галоўнае, каб была магчымасць дабірацца ў цэнтр на сустрэчы кінаклуба. Ва ўсім будынку цэнтра «Вера» і на ўваходзе прадугледжана безбар’ернае асяроддзе.
Глядзельная зала ўмяшчае да 20 чалавек. Удзельнікам кінаклуба таксама будуць прапаноўваць творчыя заданні, інтэрактывы і гульні. Курыраваць працу клуба будзе валанцёр цэнтра Вера Бесараб.
Навошта кінаклуб?
На жаль, пакуль гарадское асяроддзе і гродзенскія кінатэатры не даюць магчымасці людзям з інваліднасцю без праблем перамяшчацца па Гродне і глядзець кіно на вялікім экране.
Далёка не кожны маламабільны глядач, малады чалавек ці дзіця з інваліднасцю можа камфортна сябе адчуваць у звычайным кінатэатры, растлумачылі ў цэнтры «Вера». Неабходна безбар’ернае асяроддзе, асаблівая атмасфера. Праца клуба павінна быць пабудаваная з улікам псіхафізічных асаблівасцяў такіх людзей.
Што будуць паказваць
Ад ідэі стварыць кінаклуб для людзей з інваліднасцю да яе рэалізацыі прайшло больш за год.
«Галоўны акцэнт у працы клуба „Кіналюбаў“ будзе зроблены на маральнае выхаванне, гарманізацыю дзіцяча-бацькоўскіх адносін. Хочацца зрабіць акцэнт на стужках, якія паказваюць чалавечыя адносіны, расказваюць пра добрыя ўчынкі, закранаюць выхаваўчыя моманты, тлумачаць, што такое добра, а што такое дрэнна, вучаць ўзаемадапамозе і павазе. Мы плануем пачаць з сумеснага прагляду і абмеркавання вядомых добрых фільмаў савецкага кінематографа, якія любяць дарослыя і дзеці. А пасля прагляду будзем гутарыць, дзяліцца ўражаннямі і гуляць», — патлумачыла Вера Бесараб.
Як запісацца
Каб стаць удзельнікам клуба «Кіналюбы», трэба напісаць заяву і падаць копіі дакумента, які сведчыць асобу заяўніка, дзіцяці-інваліда або падапечнага маладога інваліда (гэта можа быць пашпарт або пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці з інваліднасцю), пасведчанні аб інваліднасці (дзіцяці-інваліда ці маладога інваліда),
пасведчанні на права прадстаўлення інтарэсаў падапечнага (апекуна або папячыцеля). Пры сабе трэба будзе мець і арыгіналы гэтых дакумэнтаў. Падаць дакумэнты і запісацца ў клуб можна да 1 верасьня.
Адрас цэнтра: вул. Рэпіна, 5а. Час працы з 8:30 да 17:00. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне: +375 33 61 333 61.
Чытайце таксама:
- У Гродне ўсё ж пакажуць «Барбі». Калі ўжо, і чаму пазней, чым абяцалі?
- Кава ў Гродне не для ўсіх. Валанцёры ў інвалідных калясках пратэставалі гарадское грамадскае харчаванне на даступнасць
- Непрыступны Стары замак: Аня ў інваліднай калясцы патрапіла толькі ў адну залу, Лера з ДЦП баялася спускацца па лесвіцы без парэнчаў