Кірыл Кукса з Гродна працуе выкладчыкам у Гродзенскім медыцынскім каледжы. Калісьці ён сам вучыўся там, затым скончыў Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт, а пасля размеркавання вярнуўся ў каледж ужо выкладчыкам. У Кірыла дзіцячы цэрэбральны параліч — у дзяцінстве ён перасоўваўся з дапамогай хадуляў, цяпер ходзіць з кійком. Яго гісторыю распавяла газета «Вместе».

У Гродна пераехалі дзеля рэабілітацыі

Кірыл родам са Шчучынскага раёна. Калі яму было пяць гадоў, сям’я пераехала ў Гродна, каб у дзіцяці было больш магчымасцяў для лячэння і рэабілітацыі.

Ён хадзіў у звычайны дзіцячы садок, затым вучыўся ў школе № 18. У той час Кірыл перасоўваўся з дапамогай хадуляў, таму бацькі прывозілі яго ў школу і забіралі пасля заняткаў.

Маці Кірыла Ала Кукса па адукацыі педагог дашкольнай адукацыі. З сынам займаліся развіццём дробнай і агульнай маторыкі, фізічнымі практыкаваннямі, ён хадзіў у басейн, займаўся іпатэрапіяй, праходзіў масаж. Двойчы на год Кірыл ездзіў у рэабілітацыйны цэнтр «Тонус» у Брэсце.

Прыкладна ў 10 гадоў Кірыл пачаў заўважаць, што адрозніваецца ад іншых дзяцей. Паводле яго маці, гэты перыяд быў няпростым і для сына, і для яе. Тады сям’я пачала працаваць з гродзенскай псіхалагіняй Кацярынай Вашэйка.

«Яна дапамагла нам прыняць тое, што ёсць, развіваць тое, што магчыма, і не зацыклівацца на дыягназе», — расказала Ала Кукса. З псіхолагам сям’я працягвае працаваць дагэтуль.

Гродзенец з ДЦП скончыў медуніверсітэт і стаў выкладчыкам у каледжы, дзе сам вучыўся
Кірыл з бацькамі. Фота: з асабістага архіва Кірыла/wmeste.by

З 12 гадоў пачаў займацца з трэнерам

Калі Кірылу было 11 гадоў, у сям’і нарадзілася яго малодшая сястра Паліна. Бацькі вырашылі перадаць частку заняткаў спецыялістам, а Кірыл паступова стаў больш самастойна займацца рэабілітацыяй.

У 12 гадоў з ім пачаў працаваць трэнер Юрый Сафонаў. Кірыл займаўся двойчы на тыдзень і, як расказвае яго маці, не прапускаў трэніровак.

Цяпер ён працягвае займацца ўжо ў звычайнай трэнажорнай зале з трэнерам Дзмітрыем Пісаравым. Таксама Кірыл ходзіць у басейн. З часам замест хадуляў ён пачаў карыстацца кійком.

Спачатку збіраўся стаць юрыстам

Пасля дзявятага класа Кірыл паступіў у юрыдычны клас гродзенскага ліцэя № 1. Будучую прафесію выбіралі ў тым ліку з улікам яго фізічных магчымасцяў.

Але да таго часу Кірыл ужо шмат гадоў рэгулярна сутыкаўся з медыцынай праз рэабілітацыю і сам пачаў ёю цікавіцца. Ён распытваў лекараў пра лячэнне і пра тое, што можна зрабіць у яго выпадку.

Пасля кансультацыі па прафарыентацыі Кірыл вырашыў змяніць першапачатковы план і атрымаць медыцынскую адукацыю.

Гродзенец з ДЦП скончыў медуніверсітэт і стаў выкладчыкам у каледжы, дзе сам вучыўся
Фота: з асабістага архіва Кірыла/wmeste.by

У медкаледжы былі складанасці з практычнымі заняткамі

Кірыл паступіў у Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі каледж. Тэарэтычныя прадметы даваліся яму добра, але праз спастыку ўзнікалі складанасці з выкананнем некаторых медыцынскіх маніпуляцый.

У нейкі момант Кірыл нават думаў пакінуць вучобу. Працягнуць яе яму дапамагла ў тым ліку падтрымка прафесара Генадзя Мармыша.

Пасля каледжа Кірыл вырашыў атрымаць вышэйшую медыцынскую адукацыю. З першага разу паступіць у Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт не атрымалася. Але ён усё ж стаў студэнтам спецыяльнасці «Сястрынская справа».

Адным з любімых прадметаў Кірыла была фармакалогія. Дзякуючы добрай памяці яму таксама параўнальна лёгка давалася хірургія. Складаней было з гісталогіяй: праз праблемы са зрокам яму было цяжка разглядаць дробныя структуры.

Як піша «Вместе», за шэсць гадоў вучобы ў каледжы і ўніверсітэце Кірыл не прапусціў ніводнага занятку.

Гродзенец з ДЦП скончыў медуніверсітэт і стаў выкладчыкам у каледжы, дзе сам вучыўся
Фота: з асабістага архіва Кірыла/wmeste.by

Вярнуўся ў свой каледж выкладчыкам

Пасля заканчэння ўніверсітэта Кірыл па размеркаванні трапіў у Гродзенскі медыцынскі каледж — туды, дзе сам пачынаў атрымліваць медыцынскую адукацыю.

З улікам яго фізічных магчымасцяў Кірылу прапанавалі выкладаць тэарэтычныя дысцыпліны. Цяпер ён працуе выкладчыкам павышэння кваліфікацыі, а яго слухачы — медыцынскія сёстры, якія ўжо працуюць.

Кірыл выкладае агульную хірургію, анатомію, фізіялогію і анестэзіялогію. Цяпер ён працуе ў адным калектыве з выкладчыкамі, якія некалькі гадоў таму вучылі яго самога.

Першую зарплату Кірыл, паводле ўніверсітэцкай традыцыі, аддаў маці.

Жыве самастойна і працягвае трэніравацца

Цяпер Кірыл самастойна распараджаецца сваімі грашыма, аплачвае трэніроўкі, купляе прадукты і адзенне, плаціць за камунальныя паслугі. На працу і ў трэнажорную залу ён дабіраецца на грамадскім транспарце, карыстаючыся кійком.

Кірыл працягвае рэгулярна трэніравацца і хадзіць у басейн. Для прагулак ён купіў трохколавы веласіпед. Таксама ён любіць катацца на конях.

Яшчэ адно яго захапленне — музыка. Ён ведае шмат савецкіх песень: памятае, хто іх выконвае і ў якім годзе яны выйшлі. Асабліва малады чалавек любіць праводзіць час з бацькам. Яны разам выконваюць любімыя кампазіцыі: Кірыл спявае, а яго бацька грае на гітары.