Ад танцаў на раёне да бабуляў на гадзіну. Якім будзе сацыяльны бізнес па-гродзенску

Паўфінал школы сацыяльнага прадпрымальніцтва Good Impact прайшоў у Гродне 30 лістапада. Журы конкурса абрала 10 пераможцаў, яшчэ траіх правёў у паўфінал выбар удзельнікаў школы. Разам з трэнерамі і ментарамі школы яны працягнуць распрацоўваць свае бізнес-праекты, а таксама паўдзельнічаюць ў Форуме “Good Impact” у Мінску 15 снежня.

сацыяльны бізнес Good Impact

Любы бізнес можна зрабіць сацыяльным

На паўфінальных прэзентацыях праектаў удзельнікі і ўдзельніцы школы прадставілі бізнес-ідэі, над каторымі працавалі цягам чатырох месяцаў навучання.

Елізавета Пералайка вырашыла дадаць сацыяльны складнік у свой бізнес у сферы прыгажосці. У яе цырульні пачне працаваць   “Твігі-перазагрузка” для жанчын, што хварэюць на анкалогію. На думку Елізаветы, такая “порцыя шчасця” ў выглядзе кансультацый па стылі ды іміджы і бясплатных паслугаў па прыгажосці дапаможа ім справіцца з хваробай. Звычайным кліентам цырульня прапануе падтрымаць такіх кліентак, купіўшы цацку ручной работы. Да слова, гэтыя цацкі – вязаныя мішкі – робіць Ганна Шыкуць з цэнтра падтрымкі анкахворых “Пора”.

сацыяльны бізнес Good Impact

Ніна Ігнаццева задумалася пра ўласны бізнес, калі выйшла на пенсію. Паводле яе, большасць пенсіянераў мае жаданне працаваць некалькі гадзін на тыдні ці аказваць разовыя паслугі. Гэта магчымасць зарабіць грошы і не выпадаць з плыні жыцця. У школе Good Impact Ніна працуе над праектам “Па-суседску” і стварае каталог паслугаў спецыялістаў на пенсіі. Ужо зараз у базе ёсць бухгалтары, печнікі, няні, кухары, спецыялісты па рамонце бытавой тэхнікі ды іншыя.

Бізнес, што вырашае праблемы

Ад танцаў на раёне да бабуляў на гадзіну. Якім будзе сацыяльны бізнес па-гродзенскуСацыяльны бізнес, які зацікавіць бацькоў, прапанавалі адразу некалькі паўфіналістаў школы. Лекар Максім Таранцей рыхтуе навучальную праграму для бацькоў па даўрачэбнай дапамозе дзецям. Што рабіць, калі дзіця ўпала ці выпадкова аблілося гарачай вадой? Як не страціць каштоўныя першыя хвіліны, пакуль хуткая дапамога толькі едзе? На думку Максіма, бацькі маглі б заплаціць за такія курсы. А частку сродкаў з прыбытку ён плануе скіраваць на бясплатныя заняткі для супрацоўнікаў дзіцячых садкоў і дабрачынных арганізацый.

Мама шасцёх дзяцей і сацыяльны педагог Святлана Кутакова праз ідэю сацыяльнага бізнесу прапануе знайсці адказы на запыты многіх бацькоў. “Мае праблемы – праблемы ўсіх дарослых з дзецьмі. Тое, праз што я прайшла, зараз хвалюе многіх бацькоў – ад дзіцячых праблемаў са скурай і парушэннямі асанкі, да таго, як выхаваць дзяцей граматна і спакойна, без эмацыйнага выгарання”.

Ад танцаў на раёне да бабуляў на гадзіну. Якім будзе сацыяльны бізнес па-гродзенскуСвятлана распрацавала цэлы шэраг прыстасаванняў і гульнявых комплексаў для дзяцей, якія можна выкарыстоўваць дома, на дзіцячых пляцоўках ці ў дзіцячых садках. Каб давесці ідэю да рэалізацыі і распаўсюду, яна прышла ў школу сацыяльнага прадпрымальніцтва.

Вырашыць сацыяльныя праблемы могуць танцы, мяркуе Таццяна Сіткевіч. Асабліва гэта важна ў мікрараёнах-навабудах. Там яшчэ няма развітай  інфраструктуры і жыхары не наладзілі між сабой сувязі. У аснове бізнес-ідэі Таццяны – дапамагчы жыць у новых раёнах камфортна і адпачываць з карысцю.

У навабудах жывуць у асноўным маладыя сем’і з дзецьмі. Таму Таццяна задумала танцавальную студыю для маладых мам. “Пакуль маладыя мамы ў дэкрэце, яны аказваюцца ў сацыяльнай ізаляцыі. Няма магчымасці адыйсці трохі далей ці надоўга, бо няма з кім пакінуць дзіця. Танцы ў крокавай даступнасці могуць стаць карыснай сацыяльнай з’явай. Да слова, Таццяна плануе прадугледзець побач з танц-залай і дзяцячы пакой: “Мамы танцуюць, дзеці малююць”. Яшчэ адзін сацыяльны складнік задуманага бізнесу – зніжкі для шматдзетных сямей.

Бізнес, звязаны з працаўладкаваннем людзей з інваліднасцю, распрацоўвае Галіна Алісава. Гэта працяг ужо існуючага бізнесу, прадпрыемства “Штучки в ваши ручки”, па вытворчасці промапрадукцыі і цацак-антыстрэсаў. Ідэя сацыяльнага складніка бізнесу – суправаджаемае працаўладкаванне. “Людзям з інваліднасцю складана знайсці працу і нават проста дабрацца да працы. Каб забяспечыць ім магчымасць самастойна зарабляць, трэба прадугледзець для іх суправаджэнне нават на працоўным месцы”.

Матывацыя быць карысными для грамадства

Ад танцаў на раёне да бабуляў на гадзіну. Якім будзе сацыяльны бізнес па-гродзенску

Па ацэнках журы, кожная з бізнес ідэяў, што прайшлі ў паўфінал, можа насамрэч ператварыцца ў прыбытковы бізнес і прынесці карысць свайму стваральніку і грамадству. Праўда, адзначылі, што пакуль сацыяльны прадпрымальнік толькі па ўласнай волі і пад уласную рызыку інвестуе ў вырашэнне сацыяльных задач і дабрачыннасць. Прававой падтрымкі сацыяльнага бізнесу на дзяржаўным узроўні ў Беларусі яшчэ няма. Калі людзі нават у такіх умовах хочуць рабіць свой бізнес сацыяльным, гэта сведчыць пра іх высокую матывацыю быць карыснымі для грамадства.

Ад танцаў на раёне да бабуляў на гадзіну. Якім будзе сацыяльны бізнес па-гродзенску


Школа Good Impact сёлета працуе ў трох гарадах краіны – Гомелі, Гродне і Мінску. Праграма курса пабудавана паводле міжнароднай методыкі, адаптаванай да беларускіх умоваў.

Курс навучання ўключае навучальныя трэнінгі, майстар-класы, абмен вопытам з паспяховымі прадстаўнікамі сацыяльна-арыентаванага бізнесу. Удзельнікі, якія паспяхова пройдуць навучанне і распрацуюць бізнес-ідэі з максімальным сацыяльным эфектам, атрымаюць фінансавую падтрымку для старту ўласнай справы.

Праект «Good Impact – Школа сацыяльнага прадпрымальніцтва» рэалізуецца ў рамках праграмы Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі “Развіццё супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю краін Усходняга партнёрства і Расіі”.

Выканаўцамі праекта ў Беларусі з’яўляюцца прыватная ўстанова «Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый» (Гродна), сацыяльнае прадпрыемства«Метэарыт Плюс» (Гомель), прыватная ўстанова «Цэнтр вольнага часу дарослых і дзяцей «ЭкоЖизнь» (Мінск, Беларусь). У Нямеччыне партнёрам праекта з’яўляецца праектная група Coopforum International (Берлін).

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: