Нашумелы і доўгачаканы фільм гэтага лета «Барбі» ўсё ж пакажуць у Гродне. Гродзенскі «Кінавідэапракат» абяцаў паказ з 27 ліпеня, але прэм’еры так і не адбылося.

Фільм пачнуць паказваць «у першых датах верасня», піша «Вечерний Гродно» са спасылкай на «Гроднакінавідэапракат».

Кінатэатр «Гродна» яшчэ 17 ліпеня заінтрыгаваў падпісчыкаў Instagram анонсам «Барбі» і абяцаннем «Хутка ў кіно». Тыдзень таму на пытанні падпісчыкаў «Дзе Барбі?» у акаўнце «Кінавідэапракату» адказвалі «Разумеем ваш смутак».

Раней паказ фільма анансавалі ў Брэсце з 9 верасня. У Мінску афіша «Барбі» з’явілася да канца ліпеня, але ў касе журналістам казалі, што невядома, калі фільм выйдзе ў пракат — «тэрміны пераносяцца».

Сусветная прэм’ера камедыі Грэты Гервіг «Барбі» прайшла 21 ліпеня. У той жа дзень адбылася прэм’ера драмы Крыстафера Нолана «Опенгеймер» аб стваральніку амерыканскай ядзернай бомбы. Два гэтыя фільмы сталі самымі чаканымі сёлета і паказалі вяртанне цікавасці гледачоў да кінопаказаў пасля пандэміі каранавіруса.

У першыя выхадныя пасля прэм’еры сусветныя зборы «Барбі» склалі $ 337 млн. «Опенгеймер» сабраў $ 174 млн. За два з паловай тыдні ў сусветным пракаце «Барбі» сабрала мільярд долараў: $ 459 млн у Амерыцы і $ 572 млн — у свеце, пахваліліся стваральнікі фільма.

Ці пакажуць «Опенгеймер» у Беларусі, пакуль невядома.

Як наогул «Барбі» трапіла ў Беларусь і чаму паказы пераносілі

З-за санкцый, уведзеных у дачыненні да Расіі праз яе агрэсію ва Украіне, Галивуд заблакаваў паказы сусветных кінапрэм'ер у Расіі - і ў Беларусі. 3 студзеня 2023 года ў Беларусі з’явіўся закон аб паралельным імпарце, які легалізаваў у тым ліку куплю ў трэціх асоб асобна візуальнага кантэнту і асобна — агучвання. Фільмы пачалі прыходзіць ад расійскіх студый агучкі, куды яны, у сваю чаргу, траплялі таксама ў абыход санкцыяў праз трэція краіны.

Раней у Расіі анансавалі толькі анлайн-версіі «Барбі» і «Опенгеймера», і не раней за восень. Складанасці ўзніклі праз тое, што галівудскія кінакампаніі па ватэрмарках вылічылі прадаўцоў і схему паставак пірацкіх копій фільмаў у Расію, піша Office Life. Адным з такіх пастаўнікоў былі кінатэатры Казахстана. Зараз прапаноў па продажы версій стужак для вялікага экрана на расійскім рынку не засталося, адзначыла крыніца выдання.