Прафесар Святлана Піліпаўна Мусіенка памерла 8 жніўня 2023. Ёй было 83 гады. Яна з 1967 года выкладала ў Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы (раней — Педагагічны інстытут), а ў 1989 стварыла ў ім кафедру польскай філалогіі. Пра смерць паведаміла ў сябе ў Facebook доктар Барбара Олех з Універсітэта ў Беластоку.
«Выбітная знаўца польскай літаратуры і культуры, сяброўка многіх паланістаў, арганізатарка шматлікіх канферэнцый у Гродне. […] Гадамі разам з супрацоўнікамі сваёй кафедры яна актыўна падтрымлівала Польскую Дыктоўку ў Беларусі, якую арганізоўвала Польска Мацеж Школьна. Удзельнічала ў нацыянальных чытаннях у генеральным консульстве Польшчы ў Гродне. […] Прафесар Мусіенка была бясспрэчным навуковы аўтарытэтам, а таксама надзвычай справядлівым, зычлівым і цёплым чалавекам», — напісала пра памерлую Барбара Олех.
Гродзенскі ўніверсітэт, якому Мусіенка прысвяціла дзесяцігоддзі жыцця, па стане на вечар 9 жніўня не напісаў на сваёй старонцы нічога. Затое пра яе ўзгадаў Гданьскі ўніверсітэт, з якім яна супрацоўнічала.
Нарадзілася ва Украіне, вывучала рускую літаратуру, стала знаўцам польскай
Святлана Мусіенка нарадзілася 30 жніўня 1939 у Данецкай вобласці Украіны. У 1963 скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Руская мова і літаратура» і паступіла ў аспірантуру. Стажыравалася ў Варшаўскім універсітэце. Кантактавала з прафесарам Віктарам Хоравым з Акадэміі навук СССР, які ў той час быў самым выбітным спецыялістам па польскай літаратуры ў Расіі. З 1967 працавала ў Гродне, у 1971 абараніла кандыдацкую дысертацыю ў АН СССР.
У 1989 Святлана Мусіенка выдала першую ў СССР манаграфію прысвечаную польскай пісьменніцы Зоф'і Налкоўскай, якая ў 1920-я гады жыла ў Гродне. Тады ж Мусіенка стварыла кафедру польскай мовы і літаратуры ў ГрДУ і правяла на ёй першую канферэнцыю, прысвечаную Налкоўскай. У час канферэнцыі ва ўніверсітэце адкрыўся музей пісьменніцы, а на доме па вуліцы Акадэмічнай, дзе жыла Налкоўская, адкрылі памятную шыльду.
Кафедра пад кіраўніцтва Мусіенкі развівала міжнароднае супрацоўніцтва з першага году існавання. ГрДУ дзякуючы гэтаму супрацоўнічаў з Педагагічным універсітэтам у Кракаве, Гданьскім універсітэтам, Універсітэтам у Беластоку і іншымі ВНУ Польшчы.
У 1993 годзе Святлана Мусіенка абараніла ў Расійскай Акадэміі Навук доктарскую дысертацыю і неўзабаве стала першай у Беларусі прафесаркай паланістыкі. Апублікавала некалькі сотняў навуковых прац па польскай літаратуры, удзельнічала ў мностве навуковых канферэнцый у Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы, Швейцарыі і Славеніі. Пад кіраўніцтвам Мусіенкі кафедра выпусціла больш за 500 спецыялістаў па польскай мове, літаратуры і культуры.
Мела аўтарытэт у Польшчы
«Цудоўная ўкраінка, грамадзянка Беларусі, выдатны навуковец, сябар Польшчы і польскай культуры», — пісаў пра Святлану Мусіенку прафесар Універсітэта ў Беластоку Яраслаў Лаўскі ў 2012 годзе.
У 2019 годзе Святлана Мусіенку адзначылі прэміяй Polonicum. Яе прысуджае замежнікам Варшаўскі ўніверсітэт за асаблівыя заслугі ў папулярызацыі польскай мовы, гісторыі і культуры.
Польская мова і культура больш непатрэбныя ў Гродне?
У 2022 годзе кафедра польскай мовы і літаратуры ГрДУ была ліквідаваная, як і цэнтр польскай мовы, культуры і літаратуры. Яны зніклі са структуры філалагічнага факультэта на сайце ўніверсітэта.
Польскія школы ў Гродне і Ваўкавыску з 2022 года сталі звычайнымі рускамоўнымі школамі, дзе польская мова выкладаецца проста як адзін з прадметаў.
У тым жа годзе ліквідавалі праз суд грамадскую арганізацыю «Польска Мацеж Школьна», якая займалася адукацыяй на польскай мове ў Беларусі. Яе маёмасць прадалі з аўкцыёна.