Доля расіян, якія купляюць кватэры ў Беларусі, расце. Па выніках сакавіка 2026 года кожную 10 кватэру ў Мінску куплялі грамадзяне Расіі. Паводле ацэнак рыэлтараў, расіяне зацікаўлены не толькі ў сталічнай нерухомасці – попытам карыстаюцца кватэры ў Гродне і Брэсце, піша «Наша Ніва».
Кватэры ў Гродне і Брэсце глядзяць, але не набываюць
Аднак цікавасць да нерухомасці не заўсёды азначае завершаную здзелку па куплі-продажы. Па ацэнках рыэлтара з Гродна, колькасць пакупнікоў з Расіі нават у самыя лепшыя месяцы не перавышала 10%, таму спецыяліст не лічыць, што яны неяк могуць уплываць на рост коштаў на мясцовым рынку. Тым больш, што расіяне час ад часу куплялі кватэры ў Гродне і да 2022 года.
Па словах спецыяліста, сапраўды адчувальны рост попыту назіраўся толькі ў канцы 2022 года, калі ў Расіі абвясцілі мабілізацыі: тады сапраўды быў невялікі перыяд, калі расіян сярод пакупнікоў было адносна шмат.
Таксама, па назіраннях рыэлтара, на попыт можа ўплываць высокі кошт нерухомасці. Большасць жа разглядае звычайныя сярэднестатыстычныя кватэры, бо сапраўды багатыя людзі з Расіі імкнуцца набываць нерухомасць усё ж не ў Беларусі.
Рыэлтар кажа, што хоць попыт і падрос, купляюць кватэры расіяне не вельмі актыўна, а як курс расейскага рубля пачаў прасядаць, то нерухомасць у Беларусі для іх таксама падаражэла.
Падобную карціну апісвае брэсцкі рыэлтар, які адзначае пэўны рост цікавасці з боку расіян, але з-за высокага кошту (Брэст – самы дарагі абласны цэнтр) многія ў выніку так нічога і не купляюць.
Чаму расіяне набываюць кватэры ў Беларусі?
«Наша Ніва» прыводзіць некалькі прычын пакупкі нерухомасці расіянамі, грунтуючыся на ацэнках рыэлтараў. Гэта магчымасць атрымання беларускага ВНЖ, які можа засцерагчы ад небяспекі ў выпадку пагаршэння ваеннай сітуацыі.
Таксама ўплываюць спрыяльныя для пераводу грошаў умовы, створаныя асобнымі банкамі. Напрыклад, з канца траўня банк БелВЭБ запусціў для грамадзян Расіі сэрвіс па безнаяўным пераводзе грошай для куплі нерухомасці ў Беларусі.
Акрамя таго, у інтэрнэце можна нават знайсці сайт расійскага рыэлтарскага агенцтва, якое прапануе сваім кліентам набыццё элітнай нерухомасці ў Беларусі. Як для пражывання, так і для інвесціравання з даходнасцю ў 15%.
Колькі расіян набылі кватэры ў Беларусі?
Па выніках сакавіка 2026 года кожную 10 кватэру ў Мінску набылі грамадзяне Расіі. Для параўнання, у 2019-м на долю расіян прыходзілася каля 1,5% здзелак, а ў 2021-м – 3%.
Доля расіян у агульным аб’ёме здзелак з жылой нерухомасцю ў Мінску, паводле слоў рыэлтара, цяпер ацэньваецца ў 8—10%, тады як год таму паказчык быў на ўзроўні 2—3%. Пры гэтым колькасць праглядаў аб’яў аб продажы або арэндзе нерухомасці ў Беларусі ў першым квартале 2026 года вырасла ў 2—3 разы ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.
Што да агульных лічбаў, то на іх сапраўды маглі паўплываць здзелкі з недарагімі аб’ектамі, якія купляюць расіяне для афармлення ВНЖ.
Да таго ж, каля 3% продажаў прыходзілася на расіян і ў 2021, калі вайна ніяк не ўплывала на рынак. Таксама трэба ўлічваць, што частка грамадзян Расіі, якія купляюць нерухомасць, – гэта людзі, якія даўно ці ўсё жыццё жывуць у Беларусі.
Чытайце таксама: Усё больш расіян цікавіцца нерухомасцю ў Беларусі. Гродна – адзін з самых папулярных напрамкаў


