Фрык-тэатр “Гексаген” павінен быў выступіць на Ночы музеяў у Гродне. Гэта абурыла праўладную актывістку Вольгу Бондараву. У выніку афіша падзеі знікла з сайта Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры (ГЦК). Па горадзе пайшлі чуткі, што “Гексаген” наогул плануюць выгнаць з цэнтра. Журналіст Hrodna.life спытаў пра адмену мерапрыемства і будучыню тэатра ў дырэктара ГЦК Уладзіміра Сацюка.

У чым справа?

У межах міжнароднай акцыі “Ноч музеяў” Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры арганізаваў 20 траўня творчы праект “Вне времени”. У межах яго павінна адбыцца экскурсія “Рамантыка XVIII стагоддзя” па парку імя Жылібера. На ёй павінен выступіць фрык-тэатр “Гексаген”. 

Гэта не задаволіла праўладную актывістку Вольгу Бондараву. Яна напісала ў сваім Telegram-канале, што акторы тэатра нібыта “выступаюць супраць дзяржаўнай улады”, а ў “ГЦК ім даюць зялёнае святло”.

18 траўня Бондарава патэлефанавала ў ГЦК і размаўляла з кіраўнічкай аддзелу культурна-масавай працы. Яна патрабавала, каб з афішы мерапрыемства прыбралі ўзгадку пра тэатр “Гексаген”, а таксама асоб, якія з ім супрацоўнічаюць. 

Пасля гэтага афіша мерапрыемства з удзелам фрык-тэатра “Гексаген” знікла з сайта ГЦК. Паводле інфармацыі Hrodna.life, прэтэнзіі Бондаравай абмяркоўваліся на ўзроўні Гродзенскага аблвыканкама.

Што будзе з Ноччу музеяў і “Гексагенам”?

Мерапрыемства “адбудзецца дакладна”, але ці выступіць на ім тэатр “Гексаген” – невядома. “Не магу адказаць дакладна”, – сказаў Hrodna.life дырэктар цэнтра культуры Уладзімір Сацюк.

“Што будзе – я не ведаю. Сёння застанецца” [“Гексаген” у складзе цэнтра культуры – Hrodna.life], заўтра не ведаю. Я сам буду вырашаць. Мне не трэба раіць, што рабіць. У мяне такіх 45 калектываў”, – адказаў Сацюк.

Паводле інфармацыі Hrodna.life, экскурсія дакладна пройдзе без удзелу “Гексагена” – гэта было вырашана яшчэ за дзень да падзеі.