Звольненыя з Гродзенскага драматычнага тэатра акторкі Ірына Купчанка і Лізавета Мілінцэвіч арганізавалі пастаноўку для дзяцей беларускіх і ўкраінскіх уцекачоў у Сопаце. Прэм’ера казкі “Шкодная гісторыя” прайшла 1 траўня ў памяшканні Аб’яднання беларусаў Памор’я, паведамляе Telegram-канал “Тётя Ира Разрешила“. Спектакль паказалі два разы цягам траўня ў зале на 50 месцаў. Білеты на другі паказ разабралі за тры дні. Акторкі плануюць і надалей рабіць пастаноўкі ў межах праекта “Тэатр без назвы”.
“Найважнейшае для мяне, як перажывала эмоцыі [дачка] Соня, – расказала глядачка спектакля, Наталля з Беларусі. – Яна недзе і хвалявалася, закрывала вочкі, і радавалася, калі ўсё было добра. Вялікая падзяка акторам за гэта. Мне здаецца, што такіх мерапрыемстваў не хапала ў Труймесце [аб’яднаная назва Гданьска, Гдыні і Сопата – Hrodna.life], каб прыйсці разам з дзецьмі”.
Вярнуліся ў прафесію праз два гады – эмоцыі перапаўняюць
Лізавета Мілінцэвіч пераехала з Гродна ў Гданьск у 2020-м, калі яе звольнілі з тэатра. У Польшчы акторка спрабавала сябе ў розных прафесіях – ад бармэна да SMM-спецыяліста.
Ірына Купчанка пераехала ў Гданьск у 2021 годзе. Цягам трох месяцаў акторка працавала ў таксі. Для абедзвюх гэта першы выступ за межамі Беларусі з 2020 года.

“Гэта першая пастаноўка амаль за два гады. Эмоцыі перапаўняюць. Увесь гэты час мне вельмі не хапала сцэны, – расказала Лізавета Мілінцэвіч. – Я вельмі хвалявалася. Не ведала, колькі прыйдзе людзей, ці яны зацікаўлены ў такіх спектаклях”.
Чытайце таксама:
- У Гродне акцёры закрытага драмтэатра выступілі ў двары
- Акцёры гродзенскага тэатра вырашылі выступіць бясплатна. Ім пагражаюць крымінальнай справай
Усё рыхтавалі самі
“Цяжкасць была ў тым, што мы не толькі ігралі, але адказвалі таксама за ўсё астатняе – харэаграфію, рэквізіт, музыку”, – распавяла Ірына Купчанка. Для пастаноўкі спектакля яна вырашыла працягнуць свой гродзенскі праект “Тэатр без назвы”. Зараз ён пачынае дзейнічаць у Труймясце.
“Рэквізіт збіралі са свеце па кроплі. Я сама пашыла навалачкі, алоўкі нам зрабіў знаёмы, адзенне купілі ў сэкандхэндзе”.

Па словах акторак, яны хваляваліся, як упершыню: “Мы не ведаем яшчэ гледача. Калі ў драмтэатры атмасфера для нас ужо была знаёмая, то тут мы толькі знаёмімся”.
Вырашылі ставіць казку, каб падтрымаць дзяцей

Калі сур’ёзна, то аргументам Лізаветы стала дапамога ў адаптацыі дзецям з Беларусі і Украіны: “У Гданьску недастаткова падобных мерапрыемстваў для дзяцей рэлакантаў. Многія сем’і, каторыя прыехалі ў Трумяста, яшчэ не паспелі вывучыць польскую мову. Важна даць ім магчымасць далучацца да мерапрыемстваў на той мове, да якой яны прывыклі. Гэта дапамагае адаптацыі на новым месцы”.
“Дзеці зараз самыя неабароненыя, – кажа Ірына Купчанка. – Яны засталіся амаль без увагі, таму што большасць праектаў і сіл зараз накіраваны на барацьбу з вайной, валанцёрства, салідарнасць. Таму я вырашыла, што першай пастаноўкай будзе менавіта казка”.

Чытайце таксама:



