Год таму на фоне паслявыбарчых пратэстаў з Гродзенскага драматычнага тэатра звольніліся 15 актораў. Частка сышла па дамове бакоў, іншых звольнілі па артыкулах, нібыта за парушэнне працоўнага кодэксу. Двое з былых актораў, Мікалай Вілімовіч і Лізавета Мілінцэвіч, з’ехалі ў Польшчу. Яны расказалі Hrodna.life, чым займаюцца зараз. Псіхолаг Дар’я Змітровіч пракаментавала этапы перажывання міграцыі і дала парады па адаптацыі за мяжой.

Аргумент застацца — койка-месца ў інтэрнаце

акторы, тэатр, Гродна
Мікалай Вілімовіч

Мікалай Вілімовіч працаваў у Гродзенскім абласным драматычным тэатры 11 гадоў. 25 жніўня 2020 года ён атрымаў працоўную кніжку і пераехаў у Польшчу.

«Пераезд не стаў для мяне нечым раптоўным. Я думаў аб гэтым яшчэ задоўга да жнівеньскіх падзей. Яны сталі трыгернай кропкай. Мой кантракт сканчаўся ў маі 2020-га. Я сказаў дырэктару, што не хачу яго працягваць. Атрымаў адказ у выглядзе аргументаў застацца. Адным з іх была фраза: „Адумайцеся — у вас жа ёсць койка-месца ў інтэрнаце!“ Але ўсё ж такі гэта не тая рэч, за якую я хачу трымацца». У выніку размовы Мікалай падпісаў кантракт, але з умовай, што зможа сысці ў любы момант, папярэдзіўшы дырэктара за месяц.

Не хапае родных і тэатра

Пасля пераезду Мікалай уладкаваўся ў таксі і працуе вадзіцелем дагэтуль.

«З пераездам дапамаглі сябры. Тут вельмі вялікія расходы, але і заробкі адпаведныя. Вельмі сумую па дзецях. Але я разумею: на дадзены момант, працуючы тут, я буду больш карысным для іх і эфектыўным для сябе, чым у Беларусі. Не хапае нашай гродзенскай атмасферы, творчасці. Тут я адчуваю моўны бар’ер, які не дазваляе мне свабодна размаўляць. Калі мне трэба было вярнуцца ў Беларусь, зрабіць дакументы, адразу адчуў глыток моўнай свабоды — не трэба было падбіраць словы, каб нешта высветліць. Але, калі прыехаў на радзіму, сапраўды здалося, што тут стала менш людзей».

«Маральна не магу сабе дазволіць граць на беларускіх сцэнах»

акторы, тэатр, Гродна
Лізавета Мілінцэвіч

Лізавета Мілінцэвіч працавала ў Гродзенскім драматычным тэатры ад 2017 года. Да гэтага яшчэ тры гады вучылася ў каледжы мастацтваў пры тэатры пад кіраўніцтвам Генадзя Мушперта.

Закаханая ў камедыйныя ролі акторка ўжо год жыве ў Гданьску. Яна таксама вырашыла пакінуць гродзенскі тэатр яшчэ да падзеяў 9 жніўня.

«У нас была вусная дамоўленасць з кіраўніцтвам, што я магу сысці ў любы момант. Праз некалькі дзён пасля пачатку пратэстаў я прыйшла да дырэктара з гэтым намерам, але ні ён, ні рэжысёр мяне не пусцілі. Я адказала, што проста не буду ўдзельнічаць у пастаноўках».

Кіраўніцтва прасіла акторку пачакаць з рашэннем. Пазней, у канцы верасня, яна грала ў спектаклі «Вельмі простая гісторыя», які прыпынілі, бо АМАП затрымаў на вуліцы калег-актораў. Пасля гэтага дырэктар паставіў Лізавеце ўльтыматум: «Або пішы тлумачальную, або мы цябе звальняем». Акторка выбрала звальненне і ў кастрычніку 2020 з’ехала.

«Зараз вельмі не хапае тэатру. Я з дзяцінства граю на сцэне, таму гэтыя змены даліся надта цяжка. Але пасля таго, што адбылося ў Беларусі, нягледзячы на маё жаданне працягваць творчую дзейнасць, маральна я не магу сабе дазволіць граць на сцэнах беларускіх тэатраў. Прыйшлося гэта перажыць».

«Людзі такія ветлівыя, што не адчуваеш сябе чужынцам»

Лізавета па прыездзе ў Польшчу працавала прадаўцом у пякарні і фрылансерам у SMM. Зараз уладкавалася бармэнам у кавярні.

«Гданьск — вельмі ўтульны горад. Тут вялікі захаваны гістарычны цэнтр і шмат месцаў, куды можна схадзіць у параўнанні з Гроднам. Але Гродна мой родны горад. Я ведаю там кожны закуток. Дадаткова ў Польшчы пакуль вельмі перашкаджае моўны бар’ер. Але тут такія ветлівыя людзі, што не адчуваеш сябе чужынцам», — распавяла акторка Hrodna.life.

Чытайце таксама: З’ехалі. Гісторыі тых, хто ўцёк з краіны праз палітыку

Псіхолаг: эміграцыя, як перасадка кветак у новы вазон

Адзін - таксіст, другая - бармэнка. Гродзенскія акторы расказалі пра жыццё ў эміграцыі
Дар’я Змітровіч

«Каб заразумець, як сабе дапамагчы на этапах эміграцыі, у першую чаргу трэба ведаць, што мігранта будзе чакаць», — расказала Hrodna.life псіхолаг Дар’я Змітровіч.

Умоўна чалавек пройдзе некалькі этапаў:

  1. «Турыстычны» этап, калі чалавек успрымае сваю міграцыю як падарожжа і не ўсведамляе, што гэты час будзе трываць даўжэй. Працягласць — да шасці тыдняў.
  2. Першыя бытавыя цяжкасці прыносяць этап расчаравання, калі чалавек сутыкаецца з рознымі праблемамі (моўны бар’ер, адсутнасць заканадаўчых ведаў). На гэтым этапе чалавек адчувае адсутнасць дома. Этап можа быць вельмі працяглым і суправаждацца дэпрэсіяй, агрэсіяй з боку мігранта да новай супольнасці: адсутнічае жаданне інтэграцыі, вывучэння мовы.
  3. Этап прыстасавання. Гэта вельмі паступовы працэс. Калі чалавека пакідае жаданне «трымацца за старое», ён пачынае бачыць новыя магчымасці.
  4. Этап задавальнення новым жыццём.

Галоўныя з парадаў псіхолага:

  • дазваляць сабе перажываць і быць не ў настроі;
  • знайсці рэсурс (гэта можа быць спорт, любімае хобі, цікавы занятак);
  • даць сабе час;
  • зразумець, што кожны этап — гэта толькі этап.

«Працэс эміграцыі падобны да перасадкі кветкі ў новы вазон. Адразу яна вельмі слабая, але праз некалькі месяцаў расток ужо квітнее і давярае новай зямле. Таму трэба ставіцца да сябе вельмі беражліва і не патрабаваць адразу быць шчаслівым у новых умовах», — кажа Дар’я Змітровіч.

Чытайте таксама: Бег, гарбата і коцікі. Што дапаможа ад стрэсу, калі да псіхолага не дайсці

Як зараз выглядае Беларусь з-за мяжы

Знаходзячыся за мяжой, Мікалай працягвае назіраць за падзеямі ў Беларусі.

«Мне здаецца, нельга сказаць, што пратэсты здуліся. Пратэст застаўся ўнутры саміх людзей. Ён набыў іншую форму, змяніў лакацыю. Але не, беларусы не здаліся. Калі я быў на вялікім маршы ў Мінску, я захапіўся той атмасферай, якая была вакол. Калі глядзіш у розныя бакі, а людзі не сканчаюцца, яны паўсюль, запаўняюць увесь праспект. Я адчуваю такую моц гэтага натоўпу. Але потым пачаліся затрыманні. І мы ўсе ведаем, што было далей».

Лізавета таксама назірае за тым, што адбываецца на радзіме.

«Калі я прыехала ў Беларусь на сесію, здалося, што ўсе забылі пра гэтыя страшныя падзеі. Але, чытаючы навіны, разумею, гэта яшчэ не скончылася. Зараз пратэст перамясціўся за межы Беларусі. Бо тут яго больш відаць. І людзі адчуваюць сябе вольнымі, не баяцца гаварыць і выходзіць на вуліцы».

Хачу вярнуцца ў тэатр. Але не ў такі, як зараз

акторы, тэатр, Гродна
Былая акторка з Гродна Лізавета Мілінцэвіч. Фота з асабістага архіва

Лізавета Мілінцэвіч працягвае вучыцца ў Акадэміі мастацтваў, але вяртацца ў Беларусь пакуль не збіраецца.

«Глядзела прэс-канферэнцыю Гродзенскага тэатра. Усе, хто яго прадстаўляў, увогуле ніяк з не звязаны з творчым працэсам. Гэта для мяне трошкі незразумела».

«Тэатр — гэта жывы арганізм, які з адной і той жа пастаноўкай можа быць зусім розным. Калі мы працавалі ў драмтэатры, дырэктар спрабаваў зрабіць з яго нешта накшталт арміі. Але, не разумеючы спецыфіку ўнутраных працэсаў, немагчыма гаварыць пра творчасць», — кажа Мікалай Вілімовіч.

акторы, тэатр, Гродна
Мікалай Вілімовіч, былы актор з Гродна. Фота з асабістага архіва

У маскоўскіх тэатрах, каб стаць памочнікам рэжысера, трэба вучыцца 4−5 гадоў. Для рэжысёра — і таго болей, прыводзіць прыклад Мікалай. «А калі гэтым арганізмам пачынае кіраваць чалавек, які нават не бачыў да гэтага ніводнай пастаноўкі, нічога добрага не выйдзе. Я хачу вярнуцца ў тэатр, але не ў такі, які ён сёння. Зараз тут няма творчасці і той глыбіні, якая мае быць».

Чытайце таксама: