З’ехалі. Гісторыі тых, хто ўцёк з краіны праз палітыку

Хто і як з'ехаў з Гродна за мяжу пасля выбараў, пратэстаў і рэпрэсіяў.
Вконтакте OK Telegram

Пяць месяцаў я збіраю гісторыі гродзенцаў, якія пакінулі Беларусь з-за палітычнага пераследу. Усе гэтыя расказы — пра вокамгненныя рашэнні кінуць усё неадкладна, просьбы аб дапамозе, расставанні з блізкімі на няпэўны час. У некаторых выпадках — пра нелегальны пераход мяжы. І пра надзею — на хуткае вяртанне, бяспеку пакінутых сяброў, лепшую будучыню. Пра гэта сведчыць хаця б тое, што мала хто з новых эмігрантаў з Беларусі просіць палітычнага прытулку ў суседніх краінах.

Афіцыйнай статыстыкі пра тое, колькі беларусаў па выніках пратэстаў збеглі ў Еўропу, у адкрытых крыніцах няма. Паводле дадзеных МУС, за верасень і кастрычнік 2020 года ў Польшчу, Украіну, Літву і Латвію выехалі каля 13 500 чалавек. На канец 2020 года прадаставіць статус бежанца прасілі: у Польшчы каля 300 грамадзян Беларусі, у Літве — 86, у Латвіі - 50,
ва Украіне — больш за 20.

Цяжэй за ўсё сталым героям такіх гісторый: у 60−70 гадоў яны вымушаныя працаваць на любой працы, пачынаць з пачатку ў чужой краіне. Цяжка ўявіць, што было б з імі без дапамогі супольнасцяў беларусаў за мяжой. Дзякуючы ім многія ўцекачы здолелі хутка адаптавацца.

Многія гродзенцы пераходзілі мяжу без віз і дакументаў. А, напрыклад, польскія памежнікі прапускалі іх без лішніх пытанняў - мяне ўразілі такія гісторыі. Адна з маіх крыніц інфармацыі пераходзіла мяжу па лясной сцежцы і вывела з Беларусі разам з сабой некалькі чалавек. Але публікаваць гісторыю гэтага чалавека час яшчэ не прыйшоў.

Мае героі, якія з’ехалі, упэўненыя, што лепш пакінуць краіну і нешта рабіць для Беларусі на волі, чым сядзець у турме і не рабіць нічога. Некаторыя не гатовыя размаўляць з журналістамі наогул — яны хвалююцца за сваякоў, якія засталіся ў краіне.

Чаму мне складана пра гэта пісаць?

Я і сам пакінуў краіну пасля пераследу з боку сілавікоў. Першы час я не мог сказаць сваім чытачам, што зрабіў гэта. Мне было сорамна прызнацца, бо я заўсёды быў на перадавой і нічога не баяўся. Быў прыкладам стойкасці для іншых калегаў.

Пасля майго затрымання дзяржаўныя прапагандысты раздулі маю справу і абгаварылі мяне на ўсю краіну па тэлевізары. У сацыяльных сетках выклалі мае кантакты, хатні адрас, палівалі брудам маіх жонку і маці.

Пачаліся званкі і пагрозы, выклікі ў Следчы камітэт. Працаваць у такіх умовах стала немагчыма, таму мы з жонкай вырашылі з’ехаць на час, каб аднавіцца за межамі краіны. Часовы ад’езд парадкам зацягнуўся. З Гродна мне рэгулярна паведамляюць пра тое, якія пытанні пра мяне сілавікі задаюць нават самым далёкім маім знаёмым.

Зараз я ў Латвіі, працую дыстанцыйна. Першы час хацелася ўсё кінуць і шукаць іншую працу. Я — частка Гродна і павінен быць там. Пісаць пра яго звонку — цяжка, у першую чаргу псіхалагічна. Невыносна не мець магчымасьці прыехаць у любую кропку горада на ровары за некалькі хвілін. Я — рэпарцёр і гэта — і ёсць мая праца.

Нашы героі, як і я, у адно імгненне апынуліся на чужыне, далёка ад родных, блізкіх і сяброў. Без звыклай працы, ладу жыцця.

Яны ў адзін голас кажуць: вернемся дадому пры першай жа магчымасці, таму палітычнага прытулку ў іншай краіне нам не трэба. І вельмі спадзяюцца на гэта.

У гэтым праекце сабраны іх гісторыі.

Каб рэдакцыя Hrodna.life магла рэгулярна пісаць пра Гродна і гродзенцаў, іх жыццё, дасягненні і праблемы, нам патрэбна ваша падтрымка.

Мы рады любой падтрымцы ў такія цяжкія для журналістыкі часы. Нават проста добраму слову або рэкамендацыі пачытаць нас сябрам. Але асабліва мы ўдзячныя за падпіскі на краўдфандынгавай платформе «Талака». Гэта самы просты спосаб рэгулярна падтрымліваць наша выданне і яшчэ атрымліваць за гэта падарункі.

Мы працуем для вас.

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.