Артур Олар з жонкай і дзецьмі ў кастрычніку пакінуў Гродна і пераехаў ва Украіну. Пасля выбараў прэзідэнта Беларусі гродзенец быў двойчы асуджаны па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), а яго жонка стала падазраванай у крымінальнай справе аб парушэнні грамадскага парадку. Пра сітуацыю ў сям'і і пераезд Артур расказаў журналісту Hrodna.life.

Артур працуе ў IT-сферы, яго жонка Надзея — фатографка. У сям'і трое дзяцей. Да выбараў у сям'і не было праблем з законам.

«Уяўляў, як абвяшчаюць перамогу Ціханоўскай»

«Першы раз дзяржава дала непрыемнага штурхяля яшчэ ў чэрвені, калі я стаяў у „ланцугу салідарнасці“ пасля затрымання Віктара Бабарыкі. У той дзень я пайшоў з плошчы са страхам і крыўдай. Я верыў у перамены ў краіне. Усе надзеі былі на Цапкалу, ён быў маім кандыдатам. Але ЦВК яго не зарэгістраваў. Так у нас скралі выбар. Гэта больш за ўсё і абурыла».

У дзень выбараў 9 жніўня Артур пайшоў на Савецкую плошчу, каб выказаць сваю незадаволенасць. Увечары там сабралася некалькі сотняў гродзенцаў, якія былі незадаволеныя ходам галасавання.

«Я ведаў, што вынікаў не будзе ў гэты дзень, але ўяўляў, як абвяшчаюць перамогу Ціханоўскай і ўсе людзі ў цэнтры Гродна радуюцца. Спачатку было няшмат людзей на плошчы, але вакол шпацыравалі людзі з белымі бранзалетамі. Я патэлефанаваў жонцы і запрасіў яе на Савецкую. Як толькі паклаў трубку, на плошчы сталі выгружацца сілавікі. Ператэлефанаваў жонцы і сказаў, каб яна не прыязджала».

Сядзеў, як у санаторыі

Артур заставаўся на плошчы і ўстаў да групы людзей, якая пляскала. Перад імі ў гэты час выбудоўвалася ланцуг сілавікоў. Праз некалькі хвілін яны рушылі і пратэстоўцы сталі разбягацца.

«Пры падзенні рэжыму мы прыляцім у Беларусь з любой кропкі свету». Гродзенец распавёў, чаму вывез сям'ю ва Украіну
Дзень выбараў у Гродне. Фота: Руслан Кулевіч

«Мне было сорамна, бо я не вінаваты ні ў чым і павінен быў уцякаць. У выніку мяне затрымалі салдаты тэрміновай службы. Завезлі ў Ленінскі РАУС, там пратрымалі больш за пяць гадзін і склалі пратакол. Пасля гэтага мяне і іншых затрыманых этапавалі ў турму, дзе мы прасядзелі суткі. Стаўленне там было нармальнае, мы былі першымі, каго затрымалі на пратэстах у Гродне»

Па рашэнні суда Артур атрымаў 5 сутак арышту. Яго разам з іншымі затрыманымі ў першы дзень пратэстаў перавезлі даседжваць у пагранатрад на Белуша.

«Памежнікі былі ў шоку ад таго, каго ім прывезлі, вельмі былі незадаволеныя. Калі не лічыць, што мы былі абмежаваныя ў свабодзе, у атрадзе да нас ставіліся як да людзей. Памежнікі апынуліся людзьмі з вялікай літары, ад афіцэраў да салдат тэрміновай службы. Калі нас адпусцілі ноччу, я даведаўся, што рабілася ў краіне, і зразумеў, што мы сядзелі, як у санаторыі».

Ператрус і крыміналка для жонкі

Пасля адсідкі Артур працягнуў удзельнічаць у пратэстах. Хадзіў на мітынгі і маршы, стаяў у счэпцы перад АМАПам, а таксама «партызаніў»: сцяг у сажалцы на Рэпіна — яго справа.

«Сцяг — гэта наша з жонкай гонар. Нас разам затрымалі ў верасні на маршы. Гэта было на Горкага. Прывезлі ў Ленінскі РАУС. Там я быў упэўнены, што атрымаю за паўторны прывад яшчэ суткі, але жонку адпусцяць. Было жудасна ўбачыць яе ў аўтазаку, калі мяне грузілі для транспарціроўкі ў ІЧУ».

Артуру далі 7 сутак арышту. Яго жонку Надзею пратрымалі двое сутак да суду і далі штраф. У жанчыны быў нервовы зрыў, яна звярталася да медыкаў па псіхалагічную дапамогу. Пакуль бацькі былі ў зняволенні, з дзецьмі сядзела бабуля.

«Пры падзенні рэжыму мы прыляцім у Беларусь з любой кропкі свету». Гродзенец распавёў, чаму вывез сям'ю ва Украіну
13 верасня, Алег (у зялёнай куртцы справа) і Надзея (у светлай кофце справа) ідуць сярод пратэстоўцаў у цэнтры Гродна. Фота чытача Hrodna.life

«Было вельмі цяжка сядзець, калі не ведаў што з жонкай. Яе адпусцілі, але на гэтым усё не скончылася. Супрацоўнікі міліцыі павезлі Надзею на допыт, пасля гэтага дадому завезлі на ператрус і канфіскавалі рабочую тэхніку. Яна стала падазраванай па крымінальнай справе [ч.1 арт.342 — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх — рэд.]. Я як выйшаў, ледзь не расплакаўся, калі даведаўся пра ўсё. Рызыкаваць мы не маглі і таму вырашылі бегчы. Мы сабралі рэчы, дзяцей, лабрадора і збеглі ва Украіну».

«Ну як у вас там?»

Шэнгенскія візы ў сям'і скончыліся. Адкрываць новыя, каб бегчы ў суседнія Польшчу ці Літву, не было часу. Таму Артур вырашыў вывозіць сям’ю ва Украіну.

«На мяжы нас прапусцілі спакойна, на ўкраінскім баку нават багажнік не адчынілі, а там у нас сабака сядзеў. Толькі мы праехалі мяжу — нас спынілі нейкія вайскоўцы з аўтаматамі. Праверылі дакументы і спачувальна спыталі: „Ну як у вас там?“ Па нашай даверху набітай машыне, мабыць, было відаць, што і як».

«Пры падзенні рэжыму мы прыляцім у Беларусь з любой кропкі свету». Гродзенец распавёў, чаму вывез сям'ю ва Украіну
Артур, Надзея і іх сабака. Фота: асабісты архіў сям'і

Чакаюць моманту, каб вярнуцца

Ва Украіне гродзенцы знялі кватэру і сталі працаваць аддалена. Па радзіме сумуюць і чакаюць моманту, каб вярнуцца.

«Наша гісторыя ўцёкаў не сумная. Акрамя бытавых праблем, усё выдатна. Напрыклад, трэба знайсці кватэру, каб можна было жыць з вялікім сабакам. Гэта ўсё вырашаюцца з часам. Адзінае, што не атрымліваецца, гэта адысці ад падзей у Беларусі. Там блізкія і яны да гэтага часу змагаюцца, стараемся дапамагаць ім. Ад дзяцей мы не хавалі, што адбываецца ў іх родным горадзе і краіне, і чаму такі важны наш удзел.

Мы вернемся ў Беларусь толькі пасля сыходу Лукашэнкі. Магчыма да гэтага моманту мы пераедзем у іншую краіну, але ведаю дакладна — пры падзенні рэжыму мы прыляцім у Беларусь з любой кропкі свету".