Беларусам, якія па палітычных матывах хочуць з’ехаць з краіны, прасцей за ўсё абраць Польшчу. У гэтай краіне па гуманітарнай візе можна легальна працаваць. Таму ў 2020 годзе туды з’ехалі тысячы грамадзян Беларусі, а папрасілі прытулку 407 чалавек. Беларусы з’язджалі і ў іншыя дзяржавы. Карэспандэнт Hrodna. life вывучыў свежую афіцыйную статыстыку па міграцыі ў суседнія краіны.

Літва, Латвія і Польшча ў жніўні 2020 года спрасцілі ўезд для беларускіх грамадзян. Гэта быў адказ на рэпрэсіі пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Уцекачам паабяцалі падтрымку і працаўладкаванне.

У Беларусі няма афіцыйнай статыстыкі пра тое, колькі беларусаў па выніках пратэстаў збеглі ў Еўропу. Паводле дадзеных Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС, за верасень і кастрычнік 2020 у Польшчу, Украіну, Літву і Латвію выехалі каля 13 500 чалавек. У гэты лік увайшлі працоўныя мігранты і тыя, хто вырашыў будаваць новае жыццё ў іншай краіне. Дадзеных за лістапад і снежань не агучвалі.

Польшча

У 2020 годзе заяву на міжнародную абарону ў Польшчы падалі 407 чалавек з Беларусі, паведамляе телеграм-канал «Беларусы ў Польшчы». З іх 377 чалавек — у перыяд са жніўня па снежань. Каб атрымаць статус бежанца, трэба даказаць, што ў роднай краіне чалавеку пагражае небяспека. Пакуль гэту ўмову выканаў толькі 81 грамадзянін Беларусі.

У 2017−2019 гадах у Польшчы кожны год прасілі прытулку каля 40 чалавек з Беларусі.

Літва

З 10 жніўня 2020 па 12 студзеня 2021 года грамадзянам Беларусі выдалі 5739 дазволаў на часовае пражыванне, паведамляе дэпартамент міграцыі Літвы. Адхілілі 11 заявак.

Па гуманітарных прычынах у Літву дазволілі ўехаць 787 грамадзянам Беларусі. 86 беларусаў падалі прашэнні аб прадастаўленні прытулку ў Літве. Двум беларусам было адмоўлена, астатнія заявы ўсё яшчэ разглядаюцца.

Прытулак у Літве могуць падаць у адной з формаў: статус бежанца або дадатковая ахова. Тым, хто атрымаў прытулак, таксама прадастаўляецца від на жыхарства.

«Большасць аддае перавагу кароткатэрміноваму прыезду ў надзеі вярнуцца ў сваю краіну, калі там палепшыцца палітычная сітуацыя, аднак расце і колькасць тых людзей, якія хацелі б ўладкавацца ў Літве на больш доўгі час», — паведаміла міністр унутраных спраў Агне Білатайтэ.

Латвія

На 17 студзеня 2021 года Латвія атрымала 50 заявак аб прадастаўленні прытулку ад грамадзян Беларусі. 49 з іх паступілі пасля выбараў прэзідэнта ў жніўні мінулага года.

У 13 з гэтых 49 выпадкаў прынята рашэнне даць беларусам альтэрнатыўны статус, паведамілі ва Упраўленні па справах грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі. 35 заяў знаходзяцца на стадыі разгляду. Адну асобу выдалі Польшчы па Дублінскай дамове — просьбу аб статусе бежанца будзе разглядаць тая краіна, якая выдала візу.

Украіна

Са жніўня па снежань 2020 года 369 грамадзян Беларусі атрымалі ва Украіне сталы від на жыхарства і 1533 — часовы. Агулам на працягу 2020 года сталы від на жыхарства атрымалі 788 беларусаў, а часовы — 2534.

Па стане на 1 студзеня 2021 года ў краіне знаходзіцца 17 грамадзян Беларусі, якія прызнаны бежанцамі, і 7 беларусаў, якія прызнаныя асобамі, што маюць патрэбу ў дадатковай абароне, паведамляе «Суспільне» са спасылкай на Дзяржаўную міграцыйную службу Украіны.

Расія

У Расію ад пераследаў бяжыць не так шмат беларусаў, як у Польшчу і Украіну. Паміж краінамі дзейнічае дамова аб экстрадыцыі людзей, якія знаходзяцца ў вышуку. Расійская паліцыя па запыце беларускіх калег можа затрымліваць грамадзян Беларусі.

У жніўні ў Пскове быў затрыманы былы старэйшы следчы з Беларусі Андрэй Астаповіч. Раней ён падаў рапарт на звальненне на фоне пратэстаў у краіне.

Члена стачкама «Беларуськалія» Андрэя Прылуцкага затрымалі 29 снежня ў пецярбургскім аэрапорце Пулкаво. На наступны дзень суд арыштаваў яго да 6 лютага ў рамках працэдуры экстрадыцыі на радзіму.

21 студзеня ў Маскве па запыце беларускіх уладаў быў затрыманы спартсмен Аляксей Кудзін. Ён удзельнічаў у пратэстах пасля выбараў прэзідэнта. Кудзіна абвінавачваюць па арт. 363 КК — «Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў». Дамадзедаўскі суд Масквы арыштаваў беларускага байца-цяжкавагавіка на два месяцы.

Чытайце таксама: З’ехалі. Гісторыі тых, хто ўцёк з краіны праз палітыку