Беларусы Варшавы ўжо два гады амаль штотыдзень збіраюцца ў Беларускім моладзевым хабе і пішуць лісты палітзняволеным. Яны не ведаюць, як шмат лістоў даходзяць, і атрымалі толькі некалькі адказаў. Актывісты знайшлі спосаб, каб зняволены прачытаў ліст пасля вызвалення — нават калі не атрымае яго падчас тэрміну. Які шлях праходзіць ліст ад валанцёра да беларускай турмы, расказала адна з мадэратарак ініцыятывы «Напішы ліст палітвязню» Алена Панамарова.

Два гады ў Беларускім моладзевым хабе існуе ініцыятыва «Напішы ліст палітвязню». Яна зарадзілася на акцыях салідарнасці беларусаў Варшавы. Ініцыятыва паўстала пасля навіны, што ў шклоўскай калоніі палітвязням забараняюць адказваць на лісты з-за мяжы і праз гэта садзяць у ШІЗА.

«Мы, калі прачыталі гэта, вырашылі, што мусім напісаць як мага больш лістоў. Раздрукавалі спіс палітвязняў са шклоўскай калоніі і напісалі кожнаму. Адправілі такім вялікім стосікам. Тады там было каля 50 чалавек».

Так жа працуюць і зараз: раздрукоўваюць спіс палітвязняў калоніі, турмы, папраўчай установы і пішуць усім запар, каб «нікога не забыць». Валанцёры сустракаюцца штотыдзень. Бываюць пераносы — за імі варта сачыць тут (таксама там можна заданаціць). За два гады адбылося 95 сустрэч. За гэты час адправілі больш за 3400 лістоў. Лісты пішуць у розныя калоніі - ужо пайшлі па коле. Часам выбіраюць па нейкай прыкмеце — напрыклад, пішуць толькі жанчынам.

«У гэтым наш такі супраціў. Калі людзі, якія працуюць у калоніях, атрымліваюць лісты вялікімі стосікамі, бачаць, што людзі пішуць, — гэта таксама ўплывае на адміністрацыю калоніі. [Яны бачаць,] што людзі пішуць палітвязням і памятаюць пра іх. Такі своеасаблівы ціск — наша кропля супраціву», — лічыць Алена.

«Бяруць дамоў хатняе заданне»

Чатыры мадэратары і каля 20 валанцёраў фармуюць спіс палітвязням. Яго спампоўваюць з dissidentby.com — каб не прапусціць тых, хто сядзіць па палітычных прачынах, але не прызнаныя палітвязнямі. Ініцыятыва падтрымлівае пазіцыю dissidentby.com наконт крытэрыяў прызнання людзей палітзняволенымі. Стараюцца пісаць невядомым палітзняволеным.

Беларускі моладзевых гэта у Варшаве гэта месца, дзе беларусы збіраюцца, каб пісаць лісты палітвязням
Фота прадстаўлена ініцыятывай «Напішы ліст палітвязню»

Мадэратары падпісваюць канверты. Людзі прыходзяць і выбіраюць, каму напісаць. Некоторыя пішуць лісты дзве гадзіны на месцы. Пасля гэтага размаўляюць і абмяркоўваюць падзеі, нешта асабістае. Часам канверты бяруць з сабой дадому і пішуць ліст там.

«Разумееце, як хатняе заданне, — жартуе Алена. — Яны могуць і самі адкрыць dissidentby.com, выбраць, каму напісаць. Але ім важна быць разам, быць у нейкай справе. Часам бывае, што людзям патрэбна падтрымка. Стараемся стварыць максімальна прыязную атмасферу, каб мы маглі адзін аднаго падтрымаць».

Пра што пісаць і не пісаць палітвязням

Мадэратары не правяраюць, пра што людзі пішуць лісты. Можна напісаць пра сябе — жыццё, смешныя падзеі, новы горад, краіну, хатніх гадаванцаў. Дасылаць вершы, песні.

«Людзям, якія там сядзяць, банальныя словы падтрымкі „Давай, трымайся“… больш раздражняльна выглядаюць, хутчэй за усё. Калі вы напісалі ліст — ужо зразумела, што вы хочаце чалавека падтрымаць. Больш асабістага — гэта заўсёды лепш чытаецца», — раіць Алена.


Пра што не варта пісаць:

  • людзям у СІЗА да суда нельга пісаць падрабязнасці пра іх справу,
  • нельга ўзгадваць людзей, якія яшчэ ў Беларусі, у іх сувязі з пратэстамі,
  • абразы,
  • палітыку,
  • шыфры,
  • не дадаваць штосьці з «экстрэмістскіх» парталаў,
  • не пісаць лісты на замежнай мове — у турме няма перакладчыкаў.

Але і цалкам нейтральны ліст могуць не прапусціць. Аднойчы Алена даслала сябру і музыку Аляксею Санчуку ноты, каб яго падтрымаць. Іх палічылі шыфрам, і ліст вярнулі.

Як дбаюць пра бяспеку пісараў

Лісты збіраюць, дадаюць да іх паштоўкі, размалёўкі, карцінкі. Купляюць маркі - за кошт данатаў або з дапамогай сродкаў Беларускага моладзевага хаба. Адна марка каштавала восемь злотых, а са снежня каштуе 10. Затым лісты нясуць на мясцовую пошту.

Лісты ў Беларусь, каб іх ужо там адправіць, не вязуць. «Першае — у мэтах бяспекі людзей, якія перадавалі б лісты ў Беларусь. Нават калі б я так рабіла, я б вам зараз гэтага не сказала, — усміхаецца Алена. — Мы разглядалі шмат разоў гэты варыянт. <…> Вы можаце сабе ўявіць, што можа быць з чалавекам, якога на мяжы возьмуць, а там у яго — сотня лістоў палітвязням. Другое — хай супрацоўнікі калоній бачаць, што людзі за мяжой сядзяць не проста так, не з’ехалі і забыліся».

Беларускі моладзевы хаб гуртуе беларусаў Варшавы на розныя падзеі і ініцыятывы - напрыклад, напісанне лістоў палітычным зняволеным
Фота прадстаўлена ініцыятывай «Напішы ліст палітвязню»

Як зваротны адрас пазначаны адрас Беларускага моладзевага хаба. Хто хоча — піша сваё сапраўднае імя і прозвішча. Але да гэтага не прымушаюць. Галоўнае — бяспека. Людзей без іх дазволу нават не будуць фатаграфаваць.

Чытайце таксама: «Моладзевы хаб стаў домам, а яго каманда — сям’ёй». Дзе шукаць падтрымку ініцыятыўным беларусам і беларускам Польшчы

План па напісанні лістоў

Як правіла, пісаць лісты прыходзяць людзі, якія сутыкнуліся з пераследам — самі або іх блізкія. Ёсць сталае кола валанцёраў. Пастаянна далучаецца нехта новы.

«Ёсць адна жанчына, якая прыходзіць і кажа: „Значыць, так. Я сабе паставіла план па напісанні лістоў“. Людзі з вялікім імпэтам да гэтага ставяцца: ставяць планы, бяруць „хатнія заданні“, перажываюць, калі не трапляюць на ініцыятыву. Яны лічаць гэта сваім абавязкам, часткай іх змагання, часткай іх салідарнасці».

Людзі не забыліся на 2020 год і хочуць пераменаў і паказаць сваю салідарнасць, лічыць Алена.

— Мая асабістая матывацыя заключаецца ў тым, што мне трэба штосьці рабіць — я не магу проста сядзець. Я знайшла сябе ў тым, што я магу дапамагаць людзям, каб лісты пісаліся і адпраўляліся — для мяне гэта важна. Я лічу, што наша праца важная. Я заўсёды думаю, што мае знаёмыя, сябры выйдуць з турмы. Я ім скажу, што ведаеце, мы вам не пісалі, бо думалі, што лісты не даходзяць? Мне будзе сорамна глядзець гэтым людзям у вочы. Зараз змагацца вельмі цяжка і небяспечна. Але ж каб мы нават не пісалі лісты з-за мяжы?

«Адказаў мы асабліва не чакаем»

Колькі лістоў даходзіць да палітвязняў, Алена не ведае. Частка з іх даходзіць дакладна — пра гэта Алене вядома ад былых зняволеных.

— Канешне, адказаў мы асабліва не чакаем адтуль. На жаль, гэта вельмі складана — атрымаць адказ з Беларусі. Першапачаткова таму, што там могуць абмяжоўваць ліставанне. Нават калі ліст даходзіць да палітвязня, не заўсёды ў яго ёсць магчымасць адправіць адказ за мяжу — для гэтага трэба мець марку, — патлумачыла Алена для Hrodna.life. — Не заўсёды ў людзей ёсць і жаданне адказваць — разумеючы, што іх могуць пакараць за такія ліставанні з людзьмі, якія за мяжой.

Купіць такія маркі ў Варшаве немагчыма. Аднойчы іх перадалі з Беларусі і валанцёры адправілі 20 лістоў з беларускімі маркамі ўнутры. «На жаль, адказаў таксама не было», — кажа мадэратарка. За ўвесь час прыйшлі толькі некалькі адказаў з «хіміі» — там людзі жывуць у своеасаблівых інтэрнатах і могуць выходзіць на працу і ў горад.

Часам людзі губляюць матывацыю праз адсутнасць адказаў. Калі вы хочаце атрымаць адказ, лепш атрымліваць іх на беларускі адрас. Але гэтым варта карыстацца асцярожна, каб гэта не выклікала ўвагу да людзей, якія іх атрымліваюць і перасылаюць вам. Таксама можна пісаць праз гугл-формы — напрыклад, праз «Майстэрню паштовак салідарнасці» або dissidentby.com. Карыстаўся папулярнасцю сервіс письмо.бел, які размяшчаўся ў Беларусі. Але ў канцы лістапада яго супрацоўнікаў затрымалі.

«Учора мне распавядала жанчына: «Прайшоў адказ ад мужчыны, якому вельмі мала лістоў прыходзіць. Ён мне напісаў: «Дзякуй, канешне, што вы мне напісалі, але мне няма чаго вам расказаць. Я тут выжываю». Усё залежыць ад настрою, ад сілы чалавека», — перадае Алена.

Паўгода назад на dissidentby.com з’явілася магчымасць адправіць фота свайго ліста ў «банк лістоў». Палітвязень пасля вызвалення зможа іх атрымаць. «Спадзяюся, людзі змогуць іх прачытаць, нават калі яны не атрымалі іх падчас свайго тэрміну», — кажа Алена.

Культура і сацыяльныя праекты звязаныя

З Беларускім моладзевым хабам ініцыятыва супрацоўнічае ад моманту іх заснавання. Разам са стваральнікамі Алена, калі прыйшла ўпершыню, вешала на голыя сцены ліхтарыкі. Пасля яны разам рабілі іншыя праекты і ўдзельнічалі ў грамадскіх ініцыятывах.

Моладзевы хаб у Варшаве ўзнік падчас беларускай выбарчай кампаніі 2020 года. Гэта супольнасць актывістаў у Варшаве, якая аб’ядноўвае беларускую моладзь і падтрымлівае беларускіх студэнтаў і ўцекачоў. Рэгулярна арганізоўвае пратэстныя і культурныя акцыі салідарнасці з Беларуссю.

«Людзі разумеюць, што культура і сацыяльныя праекты звязаныя непасрэдна, — кажа Алена. <…> Мы — ініцыятыва мабільная, моцна ад памяшкання не залежым. Калі трэба, можам пісаць лісты і дома, і ў кавярні раз на тыдзень збірацца. Але, канешне, нам прыемна, што ў нас ёсць свой дом, ёсць хаб, што яны нам дапамагаюць і падтрымліваюць».

Як даслаць ліст палітвязню з-за мяжы расказалі ў пляцоўцы Беларускі моладзевы хаб
Фота прадстаўлена ініцыятывай «Напішы ліст палітвязню»