Былі гады, калі ў Гродне на вуліцы Лідскай, якая мела тады назву Лідскай шашы, выпускаліся самазвалы Мінскага аўтамабільнага завода. Сапраўдныя МАЗы, металічныя, з кузавамі, якія адкідваліся назад. Толькі гэтыя грузавікі былі… цацачныя, зусім маленькія. Выпускала іх гродзенская фабрыка цацак, якая ўвайшла ў гісторыю нашага горада пад скаротам «ДИФА».
Ад выставы дасягненняў гаспадаркі да фабрыкі цацак
Гісторыя фабрыкі пачалася ў траўні 1957 года. Пра фабрыку цацак тады не думалі, але выдзелілі ўчастак пры Лідскай шашы пад выставу дасягненняў гаспадаркі Гродзенскай вобласці. Тады было модна рабіць такія пастаянныя выставы, дзе дэманстравалася прадукцыя сельскай гаспадаркі і прамысловасці, выступалі калектывы ды можна было закупіцца недарагім харчаваннем і прамысловымі таварамі.
Да 1950-х гг. такая абласная выстаўка функцыянавала на Калгаснай плошчы — цяпер гэта плошча Савецкіх Пагранічнікаў. Але яе зачынілі ў сувязі з пашырэннем завода аўтазапчастак і перанеслі на Лідскую шашу. Там і сёння бачныя прыгожая ўрачыстая брама і глыбей былы галоўны павільён выстаўкі.

У 1958 г. новы комплекс выстаўкі на вуліцы Авангарднай (Белуша) прыняў наведвальнікаў. Але ўжо ў верасні 1959 г. абласныя ўлады выставачныя плошчы ліквідавалі (мода ўжо праходзіла) і прынялі рашэнне адчыніць на іх базе фабрыку цацак, галантарэі, а таксама «прафілакторый па абслугоўванні легкавых машын асабістага карыстання».
Зайцы, машынкі і аксесуары для ровараў: што выпускалі на гродзенскай фабрыцы цацак
Фабрыка ўвайшла ў таямнічае Міністэрства мясцовай прамысловасці БССР і з 1963 г. на ёй пачаўся выпуск драўляных і набіўных цацак. А з 1964 г. з канвеера фабрыкі пачалі сыходзіць металічныя грузавікі і іншая тэхніка. Фабрыка афіцыйна называлася «Гродзенская фабрыка дзіцячых цацак і галантарэі». Яе сімвалам быў зайчык на веласіпедзе.


У 1965 г. фабрыка выпускала 29 відаў прадукцыі. Апрача металічных бензавозаў, пажарных лесвіц ды грузавікоў на фабрыцы выпускаліся драўляныя гоначныя машыны і шматлікія звяркі, сшытыя з плюшу. Апошнія доўга яшчэ стаялі ў сервантах гродзенцаў і не адно пакаленне малых трымала іх у сваіх руках ды зубах.





Паколькі ў Гродне ў тыя часы існаваў велазавод, то і яму дапамагала фабрыка сваёй прадукцыяй. Яна выпускала розныя скураныя аксесуары да веласіпедаў - найперш сумкі для ключоў.

У 1980-х гг. фабрыку перайменавалі ў металаапрацоўчы завод. З 1984 года яна пачала выпускаць аўтамабільныя фільтры. Тады і з’явілася назва «фабрыка ДИФА» — скарот ад «фабрика детской игрушки и фильтров автомобильных». Назва захавалася, хаця прадпрыемства паступова адыходзіла ад цацак, перапрафілёўваючыся на аўтамабільныя дэталі.
Growei: як у Гродне выпускалі цацачныя машынкі на экспарт
Апошнім «брэндавым» цацачным прадуктам фабрыкі сталі пластыкавыя грузавікі ды іншыя машыны, якія пачалі выпускацца ў 1990-х гг. Пачатак гэтай прадукцыі дало стварэнне 1 траўня 1991 года на базе цэху дзіцячых забавак сумеснага савецка-нямецкага прадпрыемства «Гровэй» («Growei»).
Гэтыя пластыкавыя аўтамабілі добра памятаюць гродзенцы, якія былі дзецьмі гадоў 30 таму.


Частка вытворчасці ішла адмыслова на экспарт. Напрыклад, пластмасавы грузавічок абклейвалі налепкамі Tatra — вядомага брэнда чэхаславацкіх грузавых аўтамабіляў. Прыклад тагачаснай прадукцыі гродзенскай фабрыкі сёння можна знайсці ў крамах з рэтра-забаўкамі або на інтэрнэт-аўкцыёнах накшталт Allegro.









У 2002 г. ДІФА стала сумесным беларуска-расійскім акцыянерным таварыствам. Сёння фабрыка выпускае шырокую лінейку рознага аўтамабільнага абсталявання — галоўным чынам фільтраў, і дае работу некалькім сотням гродзенцаў. А старыя зайцы ды гоначныя машыны знаходзяцца ў прыватных калекцыях або ляжаць у каробках са старымі цацкамі. Чакаюць, пакуль іх адшукае які малы чалавек.