Спектаклем «За што» 29 кастрычніка адкрыў сезон «Тэатр Жніўня». Яго стварылі акцёры з Гродна, якіх звольнілі за паслявыбарчыя пратэсты. Год таму гэтыя акцёры разам з калегамі паказвалі літаратурную кампазіцыю, прысвечаную «Ночы (не)расстралянай паэзіі» ў Гродне. Амаль адразу пасля гэтага многім прыйшлося пакінуць Беларусь. Для Hrodna.life яны распавялі, як ствараўся тэатр і чаму ён так называецца.

Рэпартаж з магільнай ямы

Ідэю пастаноўкі падказала сама сцэнічная прастора — лесвіца, якая сыходзіць уверх, і балкон. Шэрагі курапацкіх крыжоў размясцілі вышэй, у свеце, дзе засталіся жывыя. Гледачы апынуліся быццам пад зямлёй, побач з расстралянымі паэтамі. Асноўныя дэкарацыі - сухое лісце і рыдлёўкі. Па словах рэжысёра, Андруса Дарала, гэта спроба яшчэ раз, тэатральнай мовай, распавесці пра Курапаты і тых, каго там расстралялі і пахавалі.

Театр Августа, Вильнюс, уволенные актеры, Гродно
Рэжысёр Андрус Дарала перад прэм’ерным паказам спектакля «За што» 29 кастрычніка ў Вільні

Пастаноўку рыхтаваў рэжысёр Андрус Дарала і мастачка Таццяна Даряла. На сцэне — шасцёра акцёраў. Яны напераменку выступаюць то ў ролі суддзяў, якія выносілі расстрэльныя прысуды, то ў ролі іх ахвяр.

Театр Августа, Вильнюс, уволенные актеры, Гродно
Крыжы над галовамі і рыдлёўкі ў руках — асноўныя дэкарацыі спектакля

Людзі не маглі такое рабіць. Ці маглі?

Акцёры распавялі, што спачатку думалі паказаць тых, хто адпраўляў на расстрэл тысячы беларусаў праз вобразы дэманаў і цёмных сілаў з народных казак, міфаў і легенд. «Немагчыма было ўявіць, што гэта рабілі людзі», — кажа актор Васіль Мініч. Але ў выніку ад страшных вобразаў адмовіліся. Вырашылі, што гэта рабіла не нейкая паскуддзе з ікламі і рагамі, а самыя звычайныя людзі.

Назву пастаноўкі «За што» пакінулі без знака пытання. Гэта не толькі пытанне пра прысуд: «За што?» Гэта яшчэ і адказ на пытанне да сябе: за што людзі гатовыя змагацца і паміраць, за што ахвяруюць сабой, за што здраджваюць, што ставяць на кон, калі робяць выбар.

«Тэатр Жніўня»

У новым тэатры, кажуць акцёры, няма начальнікаў і адміністратараў: «У нас гарызантальныя адносіны, мы ўсе роўныя творцы». Таму касцюмы і дэкарацыі робяць разам з мастачкай Таццянай Даряла самі. Прыбіраюць дэкарацыі пасля спектакля таксама самі. А святлом падчас спектакля кіруе сам рэжысёр.

«Мы выбіраем свабоду, — кажа актрыса Вераніка Мініч. — За яе мала толькі змагацца. Трэба разумець, што з ёй рабіць. Мы разумеем. Мы будуем новы тэатр, у якім кожны будзе значны і важны».

«Гэта тэатр для таго, каб мы маглі выказвацца. Маглі рэалізаваць тое, што не далі нам зрабіць у Беларусі. Адсюль мы можам казаць», — дапаўняе актрыса Наталля Лявонава.

«У нас дагэтуль жнівень»

«Тэатр Жніўня» афіцыйна існуе з кастрычніка 2021 года. Да гэтага акцёры працавалі як творчая група «ў гасцях» у Рускага драматычнага тэарту Літвы. Ужо ў Вільні яны паставілі спектакль па п’есе беларускага драматурга Дзмітрыя Пражко «Трэцяя змена». Гэтая п’еса таксама пра жнівень, пра канец лета і, у нейкім сэнсе, пра канец эпохі. «Гэта балючая рана для нас усіх», — кажа акторка Наталля Лявонава.

Чытайце яшчэ: «Сістэма вучыць не чуць, а прыгнятаць». Звольненыя акцёры з Гродна паказалі ў Вільні «Трэцюю змену«

«Нядаўна атрымаў вестку з радзімы, — распавядае Васіль Мініч. — Мне пішуць: «Вася, а ў нас дагэтуль жнівень».

«У нас таксама працягваецца жнівень, — кажа Вераніка Мініч. — Тут таксама не салодка. Усё даецца цяжка — потам, працай. Але яшчэ жнівень для тэатра — гэта адраджэнне. У жніўні акцёры выходзяць з адпачынкаў. Пачынаецца новы сезон — значыць, будуць новыя ролі, спектаклі, прэм’еры».