Беларусы Польшчы дапамагаюць украінцам з першых дзён вайны: нехта дзяжурыць на вакзалах, хтосьці дапамагае з пошукам жылля, а хтосьці вырашае транспартныя пытанні. Тое, што ў валанцёраў можа быць пашпарт краіны-агрэсара, да канфліктаў не прыводзіць. Hrodna.life пагутарыў з гродзенцамі, якія зараз жывуць у Польшчы, пра іх дапамогу ўцекачам, ролі ўрада і самакіравання, а таксама пра тое, чаму ўкраінцы не хочуць ехаць у невялікія гарады.

«У маленькай двухпакаёвай кватэрцы нас было восем чалавек»

За першы тыдзень з пачатку вайны ў адміністратара канала «Беларусы Варшавы» Яўгена Жураўскага начавала шэсць чалавек з Украіны. Спачатку гэта былі чатыры чалавекі, двое з якіх — яго знаёмыя з Беларусі. Яны былі вымушаны з’ехаць ва Украіну ў 2021 годзе.

«Яны ў першы ж дзень прачнуліся з-за бамбёжкі, сабралі рэчы і пачалі ўцякаць. У нас яны заставаліся тры дні, потым паехалі да сваякоў у Нямеччыну», — распавёў Яўген.

Потым двое ўкраінцаў прыйшлі на працу да суседа Яўгена. «Хутчэй за ўсё, яны ўбачылі вялікі ўкраінскі сцяг, які вісеў ва ўстанове, і прыйшлі туды». Пасля закрыцця наведвальнікаў папрасілі выйсці і хлопец заўважыў, што хлопцы не ведаюць, куды ісці. Маладыя людзі аказаліся украінцамі, якія працавалі ў Францыі. Хлопцы вырашылі ехаць дадому, каб «ваяваць з рускімі агрэсарамі».

«Вось так у маленькай двухпакаёвай кватэрцы нас было восем чалавек. Не вельмі зручна, але нічога страшнага. Мы і далей гатовыя прымаць уцекачоў, пакуль больш да нас ніхто не прасіўся», — кажа беларус.

«Насіліся як куры з адрэзанымі галовамі»

У Гданьску ўцекачам дапамагае знайсці жыллё гродзенка Надзея Маляўка.

«Спачатку быў хаос. Ніхто не разумеў, што рабіць. Валанцёры насіліся як куры з адрэзанымі галовамі і спрабавалі чымсьці дапамагчы. Потым арганізавалі групу каардынатараў, якія адказваюць за рассяленне, псіхалагічную дапамогу, транспарт, медыцынскую дапамогу, збор рэчаў і каардынацыю саміх валанцёраў», — распавяла Надзея.

Гдыня. Информационный пункт для украинцев. Фото: Przemysław Kozłowski/Gdynia.pl
Гдыня. Інфармацыйны пункт для ўкраінцаў. Фота: Przemysław Kozłowski/Gdynia.pl

Збор рэчаў па Труймясту (агламерацыя з трох злучаных гарадоў - Гданьск, Гдыня, Сопат) арганізаваны на двух складах. Працуюць валанцёры ад «Stowarzyszenie Białorusinów na Pomorzu» («Таварыства беларусаў Памор’я»). Неўзабаве да беларускай дыяспары далучыліся і ўкраінцы.

Арганізаванасць ёсць, але яшчэ шмат хаосу

Спачатку валанцёры прыязджалі на мяжу, каб падвезці ўцекачоў. Ад Гданьска да ўкраінскай мяжы — каля 700 км. Стаялі з таблічкамі «На Гданьск» або «На Сопат». Але людзі не сядалі ў машыны, бо баяліся.

«Ёсць такія, хто нажываюцца на людзях — выстаўляюць ім рахунак. Я з гэтым не сутыкалася, але іншыя распавядалі. У асноўным усе адпраўляюцца ў цэнтр уцекачоў. Зараз даведваюцца па сарафанным радыё, скідаюць інфармацыю і ў Instagram. Нейкая арганізаванасць ёсць, але шмат хаосу», — кажа валанцёрка.

Горад дапамагае знайсці жыллё, а гаспадары кватэр ладзяць «кастынгі»

Падключыліся валанцёры працаваць з гарадскім самакіраваннем. «Мы не можам браць на сябе такую адказнасць і нейкую матэрыяльную дапамогу даваць. А горад можа забяспечыць людзей больш сур’ёзна, — распавяла Надзея. — На нас выходзяць тыя, каму патрэбна дапамога, ці мы выходзім на іх, потым кааперуемся з горадам. Людзей засяляюць на 1−2 дні, у гэтыя дні ёсць магчымасць знайсці кватэры і жыллё на больш працяглы тэрмін. Залежыць ад таго, што людзі плануюць рабіць далей. Горад таксама дапамагае знайсці працу».

Чытайце таксама: Как живут белорусы, оставшиеся в Украине несмотря на войну

Ужо ў сярэдзіне сакавіка жылля ў горадзе катастрафічна не хапала. «Спрабуем шукаць агульнымі намаганнямі. У Гданьску людзі і цэнтры дапамогі ў любым выпадку знаходзяць месца тым, каму няма дзе начаваць. Але людзі ў чарзе могуць праседзець па сем гадзін, пакуль знойдзецца нешта вольнае», — патлумачыла Надзея.

Сортировка гуманитарной помощи в Гданьском университете. Фото: M/galeria Trojmiasto.pl
Сартаванне гуманітарнай дапамогі ў Гданьскім універсітэце. Фота: galeria.trojmiasto.pl

Сістэма працуе так: калі людзі звяртаюцца па жыллё, іх размяшчаюць у хостэле, інтэрнаце або гасцёўні, дзе ёсць вольныя ад замоваў месцы. Калі хтосьці рэзервуе месца за грошы, то людзей просяць з’ехаць. Яны зноў звяртаюцца ў цэнтр дапамогі і ім зноў шукаюць новае месца.

Валанцёры цэлы дзень абтэлефаноўваюць прапановы жылля. «Гаспадары кватэр ладзяць аўкцыёны, хто больш заплаціць, або „кастынгі“, хто ім мілейшы», — кажа гродзенка.

Вялікія гарады перапоўненыя, а ў маленькія ўцекачы ехаць не хочуць

Цэнтр дапамогі на дадзены момант займаецца экстраным засяленнем. «Калі спачатку ў іх была ідэя дапамагаць у тым ліку і з працай, то зараз усе сілы кінулі на тое, каб людзі не заставаліся на вуліцы», — кажа Надзея Маляўка.

Уцекачоў заклікаюць прыязджаць у маленькія гарады, бо вялікія перапоўненыя. Але ехаць у правінцыю ўкраінцы не спяшаюцца. Валанцёрка тлумачыць гэта тым, што людзі ўяўляюць сабе маленькія гарады як глыбінку ў Беларусі і Украіне — драўляныя дамы і туалет на вуліцы.

«На самрэч польскія маленькія гарады добра развітыя. Там можна знайсці працу і прыстойнае жыллё. У мяне было пару выпадкаў, калі я знаходзіла жыллё ў невялікім горадзе, прапаноўвала людзям, а яны адмаўляліся, бо хочуць працаваць у вялікім», — распавяла Надзея.

Чытайце таксама: «Каб не страцілі беларускасць». Як працуе «Мова Нанова» за мяжой

«Ёсць перавагі, каб застацца ў невялікім цэнтры: няма наплыву людзей, прасцей знайсці жыллё і атрымаць медыцынскую дапамогу. Кожнаму хопіць ежы, сродкаў гігіены. Дапамогуць з афармленнем неабходных дакументаў ва ўсіх інстанцыях і гэта зойме менш часу. У нас тут няма нацыяналізму і канфліктаў на глебе мовы або рэлігіі», — лічыць гродзенка Ганна Мураўёва. Яна сама жыве ў такім адносна невялікім горадзе — Тарнуве — з насельніцтвам крыху больш за 100 тысяч чалавек. Ад горада да ўкраінскай мяжы — каля 150 км.

Валанцёраць палякі, украінцы, рускія, беларусы — канфліктаў няма

Ганна Мураўёва прыходзіць дзяжурыць на чыгуначны вакзал свайго горада пасля працы. Яны з мужам жывуць і працуюць у Тарнуве паўтара гады. У валанцёры запісаліся адразу, каб дапамагаць усім, хто прыедзе ў Польшчу, напрыклад, без ведання мовы.

«У першыя дні пасля атакі на Украіну пачалі арганізоўваць пункты збору цёплага адзення, коўдраў, ежы, прадметаў гігіены і іншага. Адразу ж быў арганізаваны вялікі цэнтр для прыёму уцекачоў з усім неабходным для іх знаходжання», — кажа дзяўчына.

Тарнув беженцы украинцы волонтеры
Ж/д вакзал Тарнува. Фота: Ганна Мураўёва

Важным момантам стала прыцягненне ўкраіна- і рускамоўных жыхароў, каб дапамагаць у перакладзе. Зараз у Тарнуве валанцёраць палякі, мігранты з Украіны, Расіі і Беларусі - канфліктаў не ўзнікае.

Чытайце таксама: Что сделать, чтобы остановить поток ненависти к белорусам

«Вядома, былі асцярогі, што людзі будуць хваравіта рэагаваць на расейскую мову, але яны былі марныя», — распавяла гродзенка. Па словах Ганны, за ўвесь час ніхто з знаёмых не сутыкнуўся з агрэсіяй або нападкамі на глебе таго, што яны беларусы.

Сагрэцца пасля доўгай дарогі і адчуць, што яны не адны

Валанцёры арганізавалі дзяжурствы для дапамогі тым, хто прыбывае ў сам Тарнуў або едзе праз горад транзітам. Выявілася, што ў самім горадзе уцекачы спыняцца не спяшаюцца.

«Бачачы, што большасць людзей едзе праездам, а цягнік стаіць на станцыі ўсяго 5−10 хвілін, валанцёры сталі прыносіць сухпайкі, ваду, тэрмасы з гарбатай проста ў вагон, раздаючы ўсім ахвотным. Сагрэцца пасля доўгай дарогі і адчуць, што яны не засталіся сам-насам са сваёй бядой, што ім дапамогуць і падкажуць, што рабіць далей», — кажа гарадзенка.

Тарнув Польша волонтеры украинцы беженцы
На ж/д вакзале Тарнува. Фота: instagram.com/mojtarnow

Яе сяброўка з суседняга Кракава, які ў сем разоў большы за Тарнуў, кажа, што ўцекачоў стала так шмат, што літаральна «па вуліцах цяжка хадзіць». У Тарнуве пакуль не так, але ўкраінскую гаворку чуваць і ў крамах, і на вуліцах, і аўтамабіляў з украінскімі нумарамі стала больш. Мясцовыя прадпрыемствы прадумваюць, як пры неабходнасці ўладкаваць прыезджых на працу.

У Тарнуве думаюць, як уцягнуць украінцаў у культурнае жыццё горада

Вымушаныя эмігранты — гэта людзі розных прафесій. Палякі задумаліся і аб тым, як залучаць іх у культурнае жыццё на новым месцы. Напрыклад, польскія мадэлі і фатографы абвясцілі пра гатоўнасць арганізаваць фотасесіі для сваіх украінскіх калегаў. Культурны фонд «Бема 20» абвясціў, што гатовы бясплатна падаць свае прасторы для выставы-продажу ўкраінскіх мастакоў. Іншым прадстаўнікам сферы культуры бясплатна дапамогуць у арганізацыі іх дзейнасці ў Тарнуве і яго ваколіцах. Прадумваюць варыянты навучання дзяцей уцекачоў у польскіх дзіцячых садках і школах.

Акция в поддержку Украины в Кракове. Fot. Bogusław Świerzowski / kraków.pl
Акцыя ў падтрымку Украіны ў Кракаве. Fot. Bogusław Świerzowski / kraków.pl

«Амаль выпадкова» стаў каардынатарам і пачаў дапамагаць з транспартам

«Зіма скончылася, я аднёс усе цёплыя рэчы, сабраў рэчы польскіх сяброў, дзіцячае адзенне, абагравальнік свой. Разумею, што гэта пылінка, але працягваю дапамагаць усякімі спосабамі. Сёння яны ў бядзе, заўтра будзем мы. Усе палітычныя погляды на другім плане, галоўнае зараз дапамагаць», — распавёў Руслан (імя зменена), які з пачатку вайны ва Украіне дапамагае ўцекачам.

Па словах мужчыны, можна прыйсці ў любы фонд у Лодзі - і там дапамогуць. Валанцёрыць, па яго назіраннях, практычны кожны беларус Лодзі. Грамадскія арганізацыі і фонды шукаюць для такой працы каардынатараў. Амаль выпадкова ім стаў і Руслан.

Митинг против войны в Лодзи в один из первых дней конфликта. Фото из чата "Белорусы Лодзи"
Мітынг супраць вайны ў Лодзі ў адзін з першых дзён вайны. Фота з чата «Беларусы Лодзі»

Спачатку ён дапамог сыну свайго прыяцеля з Украіны. «Я ўзяў ініцыятыву ў свае рукі і каардынаваў яго. Потым да мяне звярнулася яшчэ адна мая сяброўка-ўкраінка, дапамог ёй. Я не ведаю, можа гэта „сарафан“ нейкі, але ўчора да мяне ўжо патэлефанавалі людзі і проста прасілі знайсці транспарт для іх», — распавёў Руслан. Справа ў тым, што пунктаў пропуску на ўкраінска-польскай мяжы шмат, а валанцёры ёсць толькі на самых папулярных. Некаторыя ўцекачы пераходзяць мяжу ў месцах, дзе няма амаль ніякай інфраструктуры — па польскім баку толькі лес і поле. Руслан знайшоў транспарт у мясцовых жыхароў: закінуў просьбу аб дапамозе ў супольнасць — людзі адгукнуліся, прыехалі і забралі мігрантаў.

Легалізацыя украінцаў

Грамадзяне Украіны, якія пакінулі радзіму праз расійскую агрэсію, змогуць легальна знаходзіцца ў Польшчы 18 месяцаў. Потым ўкраінцы, якія прыбылі легальна, змогуць атрымаць часовы від на жыхарства на тры гады.

Працаўладкаванне ў Польшчы

Грамадзянам Украіны гарантуюць доступ да польскага рынку працы і рэгістрацыю ў павятовой (гарадскі або раённай) службе занятасці.

Сацыяльныя выплаты

Мясцовыя самакіраванні атрымаюць бюджэтную падтрымку, неабходную для рэалізацыі любых дадатковых задач у сферы доступу дзяцей і падлеткаў да сістэмы адукацыі або аховы здароўя. Грамадзяне Украіны атрымаюць права на сацыяльныя льготы або субсідыі за знаходжанне дзіцяці ў яслях або дзіцячым садзе.

Аднаразовая матэрыяльная дапамога

Грамадзяне Украіны могуць звярнуцца за аднаразовай грашовай дапамогі ў памеры 300 злотых на чалавека ў сям'і.

Ахова здароўя

Украінцы атрымліваюць доступ да дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя на тых жа ўмовах, што і грамадзяне Польшчы. Нацыянальны фонд здароўя будзе аплачваць кожную медыцынскую паслугу для грамадзяніна Украіны ў сістэме аховы здароўя з дзяржаўнага бюджэту.

Адукацыя і выхаванне

Урад вылучыць дадатковыя сродкі з дзяржбюджэту на навучанне студэнтаў з Украіны. Украінскія студэнты, уцекачы ад вайны, змогуць працягнуць навучанне ў польскіх ВНУ.

Палякі, якія падтрымліваюць украінцаў

Палякі, якія прынялі грамадзян Украіны пад свой дах, атрымаюць 40 злотых у дзень на чалавека, г. зн. 1200 злотых у месяц. Падтрымка будзе дзейнічаць на працягу двух месяцаў.

Дзякуючы дапамозе Руслана двое маленькіх дзяцей з маці трапілі ў Польшчу. Сам ён кажа, што не ведае, як гэта атрымалася. Ноччу ў Вінніцы (Украіна) па тэлефоне знаходзіў транспарт, каб яны праехалі хоць бы 5−10 км. Так за суткі людзі дабраліся да мяжы. «Гэта быў унутраны парыў, які мяне рухаў», — патлумачыў мужчына.

Ён запэўнівае, што ён толькі «пылінка» сярод людзей, якія дапамагаюць. «Вельмі многія беларусы дапамагаюць. Заможныя людзі грошы пераводзяць, у некаторых і з камунікацыяй лепей, і машыны свае ёсць. Хутчэй і больш робяць», — лічыць беларус.