У Варшаве разам з заняткамі праводзяць стрымы, у Вільні на Каляды запрашалі адзінарожку. Навучальны сезон 2021−2022 года курсаў «Мова Нанова» праходзіць за мяжой: ва Украіне, Польшчы і Літве. Курсы ў Беларусі летась ліквідавалі. Выкладчыкі «Мовы Нанова» расказалі Hrodna.life, як ідуць справы на занятках і чаму попыт на родную мову не змяншаецца.

«Першай была Варшава, потым падцягнуліся іншыя гарады»

«Мы скончылі навучальны год і амаль адразу атрымалі рашэнне аб ліквідацыі, — расказалі Hrodna.life каардынатары праекта. — Многіх выкладчыкаў выклікалі на допыты. У выніку больш за 10 чалавек былі вымушаны з’ехаць за мяжу. У рамках пректа гэта вялікая лічба. Напрыклад, з Ваўкавыска з’ехала ўся каманда».

Аднавіць працу ўдалося ў пяці гарадах за мяжой. Сёння курсы ёсць у Варшаве, Гданьску, Вільні, Кіеве і Львове.

«Шмат студэнтаў прасілі аднавіць заняткі. Таму перад вераснем пачалі ўсіх штурхаць, каб аднавіць сустрэчы. Каманда трошкі асвоілася [у рэлакацыі] і разам вырашылі, што ёсць сэнс паспрабаваць, каб падтрымаць супольнасць і дапамагчы людзям захаваць сваю беларускасць. Пачалася ланцужковая рэакцыя. Першай была Варшава. Потым пачалі падцягвацца іншыя гарады».

З Маладзечна ў Варшаву

"Каб не страцілі беларускасць". Як працуе "Мова Нанова" за мяжой
Алеся Каролік, вядоўца курсаў у Варшаве

Алеся Каролік была выкладчыцай курсаў «Мова Нанова» ў Маладзечне ад 2018 года. У жніўні 2020 яна з’ехала з Беларусі «па зразумелых прычынах» і зараз выкладае на курсах у Варшаве.

«Першым пытаннем было знайсці памяшканне. Вырашыць яго нам дапамаглі арганізатары Цэнтра беларускай салідарнасці. Адразу заняткі праводзілі тут. Зараз працуем у беларускім моладзевым хабе. Карыстаемся інтэрнэтам, каб далучыць людзей анлайн», — расказала Алеся.

Каманду «Мова Нанова» ў Варшаве падтрымлівае дабрачынны праект беларусаў «Хатні Session у Beer Station». Заняткі на курсах праходзяць раз на тыдзень.

«На занятках звычайна прысутнічае каля 20 чалавек. Яшчэ 15−20 далучаюцца анлайн. Некаторыя студэнты далучаюцца да розных гарадоў: адзін дзень паглядзелі Варшаву, другі - Вільню. Фармат мы не мянялі: у складзе урока лексіка, граматыка па тэме і сустрэча з госцем».

Ёсць заняткі для дзяцей

Заняткі для дзяцей у Варшаве праводзіць Юлія Букштановіч. Раней яна прыходзіла на лекцыі для дарослых, а потым прапанавала сваю дапамогу з арганізацыяй дзіцячых курсаў. Па адукацыі Юлія выкладчык беларускай мовы, як замежнай. Больш за 10 год працуе з дзецьмі.

«Ініцыятарамі заняткаў выступілі бацькі і настаўнікі. Адразу планавалі, што яны будуць доўжыцца па 45 хвілін. Але хутка стала зразумела, што разыходзіцца не хочацца, і дзеці самі папрасілі, каб зрабілі даўжэй. Таму зараз мы сустракаемся на дзве гадзіны з перапынкам на смакоткі», — расказала Юлія для Hrodna.life.

Заняткі для дзяцей праходзяць два разы на тыдзень. На ўроках ёсць час на гульні і інтэрактыўныя практыкаванні па лексіцы і граматыцы.

«Да нас дадучаюцца цікавыя госці. Разам з імі закранаем беларускую гісторыю і культуру. Прыемна адзначыць, што пабольшала і саміх удзельнікаў. На першых сустрэчах было каля 10. Зараз — больш за 20».

З Гродна у Гданьск

"Каб не страцілі беларускасць". Як працуе "Мова Нанова" за мяжой
Надзея Маляўка, вядоўца курсаў з Сопата

У лістападзе да курсаў далучылася каманда з Гданьска. Надзея Маляўка — актывістка і новы выкладчык праекта Мова Нанова расказала Hrodna.life, як распачала заняткі ў новым горадзе.

«У Гродне я ўдзельнічала ў шматлікіх актыўнасцях. Таму тут, далёка ад дома, было вельмі цяжка маральна без падобнай крэатыўнай суполкі».

Усе выкладчыкі гданьскіх курсаў - новыя сябры каманды. Выкладаць яны пачалі толькі сёлета.

«Я напісала ў суполку курсаў у Варшаве папрасіць, каб дапамаглі нам арганізаваць заняткі. Нам пайшлі насустрач — дапамагаюць з пошукам гасцей, а матэрыялы можна браць з афіцыйнай старонкі курсаў».

Заняткі ў Гданьску праходзяць па суботах, на іх збіраецца каля 15 студэнтаў.

«Я вельмі рада, што сярод розных людзей ёсць такая зацікаўленасць да вывучэння беларускай мовы», — кажа Надзея Маляўка.

«Заняткі - маё свежае паветра і водар радзімы»

Ірына В. наведвае курсы «Мова Нанова» у Гданьску. «Я заўседы адчувала, што [са стаўленнем да мовы] адбываецца нешта не тое, што мы, беларусы, павінны размаўляць па-беларуску. Але вырасла я ў рускамоўнай сям'і і мабыць праз сваё гультайства так і не знайшла раней шлях да мовы. Ніколі не хадзіла на заняткі і не размаўляла да гэтага. Хаця мова не была мне чужой. Я зараз у пачатку шляху да мовы. Заняткі - маё свежае паветра і водар радзімы. Гэта і новыя знаёмствы, і новыя веды».

Збіраюцца аматары роднай мовы ў памяшканні «Аб'яднання беларусаў Памор’я». Адна з арганізатарак аб’яднання расказала Hrodna.life, як прыйшла ідэя пачаць курсы мовы ў Гданьску.

«Галоўная мэта нашай працы — аб’яднаць беларусаў, якія жывуць у Труймясце [папулярная зборная назва трох гарадоў - Гданьска, Сопата і Гдыні - Hrodna.life]. Асацыяцыя працуе на валанцёрскай аснове. Беларусы праводзяць бясплатныя заняткі ў тым, што яны ўмелі і рабілі ў Беларусі, але не могуць у дадзены момант займацца ў эміграцыі любімай справай па розных прычынах. Такім чынам імкнемся падтрымаць адзін аднаго. Памяшканне для нашых актыўнасцяў, сустрэч і заняткаў дала адміністрацыя Сопата. Мы даўно хацелі арганізаваць курсы беларускай мовы, але не так проста рэалізаваць усё тое, што хочацца. Наш валанцёр Надзея ўзяла на сябе гэтую працу і з нуля запусціла курсы ў Сопаце».

У Вільню з Бабруйска і Салігорска

"Каб не страцілі беларускасць". Як працуе "Мова Нанова" за мяжой
Даша Роскач

Даша Роскач з Бабруйска адзін год была вядоўцай курсаў у Бабруйску, а Глеб Сандрас вёў заняткі «Мовы Нанова» ў Салігорску. Пасля пераезду яны аб’ядналі намаганні і разам вядуць заняткі для мясцовых беларусаў.

«Віленская „Мова Нанова“ адрозніваецца тым, што тут вельмі проста знайсці гасцей. Нават калі нешта не складваецца ў запрошанага чалавека, атрымліваецца хутка адшукаць замену. У горадзе шмат цікавых людзей з рознабаковымі інтарэсамі і хобі. У Беларусі, асабліва ў невялікіх гарадах, з гэтым было складаней».

На сустрэчы ў Вільні збіраюцца каля 20 чалавек. «Ёсць пастаянныя наведвальнікі. Іншыя прыходзяць пад тэму ці на адмысловага госця», — расказала Даша.

Мова Нанова, Вільня
Знайсці касцюм казы на каляды не атрымалася. Даша вырашыла, што яе заменіць «калядні адзінарожак»
"Каб не страцілі беларускасць". Як працуе "Мова Нанова" за мяжой
Глеб Сандрас

Глеб Сандрас распавёў Hrodna.life, што гасцямі віленскай суполкі ўжо былі спявачка Кацярына Ваданосава, музыка Лэслі Найф, Карына Салавей з «Аховы птушак бацькаўшчыны» ды іншыя.

«У новым семестры будзе таксама шмат цікавых гасцей», — запэўніў ён.

Чытайце таксама: