Блогер Vadimati не выйшаў на волю пасля 40 сутак адміністрацыйнага арышту — яго заключылі пад варту. Гаспадыня павільёна, дзе ён працаваў, закрыла кропку на рынку «Карона». У Беларусі пачаліся затрыманні завадчан і стачкамаўцаў. У Польшчы прайшлі акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў Гродне і вобласці з 20 па 26 верасня.
Музыку і палітзняволенаму Ігару Банцэру хочуць змяніць рэжым утрымання. Зараз Банцэр адбывае пакаранне на «хіміі» ў Віцебску. Пасля суда яго могуць перавесці ў папраўчую калонію. Суд працягнецца 29 верасня.
Вадзіма Ермашука заключылі пад варту 24 верасня, паведамілі яго блізкія. Гэта адбылося за дзень да заканчэння тэрміну яго адміністрацыйнага арышту. Вадзім Ермашук праходзіць падазраваным па двух справах па арт. 368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і арт. 370 КК «Здзек над дзяржаўнымі сімваламі».
Павільён на рынку «Карона», дзе працаваў блогер Вадзім Ермашук, закрыўся. На задраеных ралетах — аб’явы аб продажы абсталявання і аб здачы месца ў арэнду. Гаспадыня гандлёвай кропкі Аліцыя распавяла Hrodna.life, што арышт прадаўца стаў апошнім аргументам для ліквідацыі бізнэсу.
Рэдакцыя Hrodna.life 22 верасня атрымала пастанову ад Пракуратуры Гродзенскай вобласці. У ёй паведамляецца пра блакаванне сайта Hrodna.life і «аб абмежаванні доступу да яго суполак, уключыўшы ідэнтыфікатар дадзенага інтэрнэт-рэсурсу ў спіс абмежаванага доступу».
На выхадных 18−19 верасня ў Гродне пачаліся затрыманні азатаўцаў і іх блізкіх, якія працягваліся ўвесь тыдзень. Некаторых затрыманых змясцілі ў СІЗА КДБ у Мінску. Сярод затрыманых — Уладзімір Жураўко, Сяргей Шэлест, Андрэй Пагерыла, якія пайшлі ў стачку.
Супрацоўнікі КДБ затрымалі ўраджэнца Ліды Сяргея Сакалова, які нібыта ўвозіў у Беларусь зброю для тэрарыстычных груп. Такая інфармацыя агучана ў эфіры ОНТ, паведамляе БЕЛТА.
Былы вайсковец мае вопыт прымянення і выкарыстання агнястрэльнай зброі. Паводле інфармацыі, агучанай у тэлеэфіры, ён павінен быў дарабіць тое, што не змог рэалізаваць іншы «экстрэміст» — Уладзіслаў Вайцяховіч, які разам са сваім бацькам у ноч на 11 ліпеня нібыта паспрабаваў спаліць дом і «ліквідаваць» дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіча.
«Сакалоў па заданні замежных заказчыкаў планаваў напады аж да фізічнай ліквідацыі на супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў з мэтай застрашвання насельніцтва і дэстабілізацыі грамадскага парадку. Такія дзеянні, на ягоную думку, маглі стварыць умовы для аднаўлення пратэстнай актыўнасці і наступнага гвалтоўнага звяржэння дзейнай улады», — адзначыў прадстаўнік КДБ.
24 верасня ў Навагрудскім раёне ў вёсцы Вялікія Карнышы супрацоўнікі Дзятлаўскага РАУС затрымалі Таццяну Шыхар. Паводле папярэдняй інфармацыі, крымінальная справа тычыцца нібыта пагрозы суддзе Наталлі Лобан з Дзятлаўскага раённага суда.
Таццяну Шыхар затрымалі дома пасля ператрусу, канфіскавалі планшэт. Акрамя таго, прыйшлі і да маці дзяўчыны. Жанчыну забралі з пахавання, прывезлі дадому, забралі тэлефон. Дома знаходзіўся унук дзевяці гадоў, сын яе другой дачкі. У яго таксама забралі тэлефон.
26 верасня на бакавым полі гарадскога стадыёна ў Беластоку прайшоў дабрачынны матч. Гулялі каманды Беларускага Дома ў Варшаве і Allstars Jagiellonia — каманда ветэранаў Беластоцкага футбола. Вынік матчу — 2:2.
За сустрэчай назіралі каля 200 чалавек. Асобна падчас сустрэчы ўспомнілі беларускага журналіста і футбаліста Аляксандра Івуліна, які цяпер таксама за кратамі.
25 верасня ў Беластоку прайшла акцыя салідарнасці з Анжалікай Борыс і Анджэем Пачобутам. На яе разам з журналістамі сабралася каля 50 чалавек. Пераважная большасць удзельнікаў акцыі салідарнасці ў Беластоку — гэта беларусы і палякі, якія былі вымушаныя эміграваць з Беларусі на працягу апошняга года.
Чытайце таксама:
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…