Ліквідацыя «Гродна Лайф Медыя» і «Цэнтра «Трэці Сектар» адбудзецца ў Гродне. Некалькі «палітычных» прысудаў вынеслі ў рэгіёнах. У сувязі з ужо распачатымі справамі затрымалі людзей — наперадзе новыя судовыя паседжанні. Рэдакцыя Hrodna. life вывучыла, што адбылося ў Гродне і вобласці з 23 па 29 жніўня.

Польшча будуе плот на мяжы з Беларуссю

Улады Польшчы вырашылі пабудаваць на мяжы з Беларуссю плот вышынёй 2,5 метра. Таксама ў дапамогу памежнікам прыцягнуць вайскоўцаў. Пра гэта напісаў міністр абароны Польшчы, Марыўш Блашчак ў сваім Twitter. Раней плот на мяжы з Беларуссю пачалі будавать Літва і Латвія.

Ліквідацыя трох арганізацый

Гродзенскую грамадскую арганізацыю «Цэнтр „Трэці сектар“» будуць ліквідаваць. Да 30 лістапада заснавальнікаў абавяжуць ліквідаваць арганізацыю ТАА «Гродна Лайф медыя». А Вярхоўны суд Беларусі 27 жніўня ліквідаваў ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Затрыманне дырэктара «Іквадарт»

Каля 12.00 25 жніўня ў офіс фірмы «Іквадарт» прыйшлі сілавікі ў экіпіроўцы. Дырэктар студыі Глеб Койпіш затрыманы. Кім і па якой справе — пакуль невядома.

Міліцыя на сходзе настаўнікаў польскай мовы

Супрацоўнікі міліцыі прыйшлі ў офіс Саюза палякаў у Беларусі раніцай 28 жніўня. Там адбываўся сход настаўнікаў з пляцовак вывучэння польскай мовы, што дзейнічаюць пры Саюзе. Міліцыянты запісалі асабістыя дадзеныя прысутных.

Прысуд студэнту пакінулі ў сіле

У Гродзенскім абласным судзе адбыўся разгляд апеляцыі на прысуд палітвязню Андрэю Герасімовічу, паведамляе Б*лсат. Раней 21-гадоваму хлопцу прысудзілі 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму. Прысуд пакінулі ў сіле.

Андрей Герасимович. Фото: соцсети героя
Андрэй Герасімовіч. Фота: сацсеткі героя

Затрыманне жонкі былога міліцыянта

У Лідзе 23 жніўня затрымалі Вольгу Махнач — жонку былога падпалкоўніка міліцыі, які сышоў са службы пасля выбараў. Яе адпусцілі пасля ператрусу, паведамляе Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».

Юрый Махнач — былы падпалкоўнік міліцыі з Ліды, камандзір роты ППС Лідскага РАУС. Пасля выбараў ён запісаў свой зварот да сілавікоў, дзе распавёў, як рыхтавалі праваахоўнікаў да выбараў, хто аддаваў загады аб жорсткіх разгонах, а таксама аб збіцці людзей у Лідзе. 19 жніўня 2020 года ён напісаў рапарт аб звальненні. Юрый з’ехаў з краіны яшчэ дзевяць месяцаў таму, баючыся затрымання.

Затрыманне ў Слоніме

У Слоніме затрымалі мужчыну, які зняважыў каментаром ў «Аднакласніках» супрацоўніка Ленінскага РАУС г. Гродна.

Мужчыну прызналі падазраваным па арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады». У 2020-м грамадзянін яго ўжо судзілі за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.

Затрыманне за падзеі жніўня 2020 года

Жыхара Слонімскага раёна затрымалі за ўдзел у «жнівеньскіх беспарадках». 26-гадовага непрацуючага вяскоўца прызналі падазраваным па раней узбуджанай крымінальнай справе.

Паводле версіі ГУБАЗ, у жніўні мінулага года разам з іншымі пратэстоўцамі ён аказваў супраціў супрацоўнікам міліцыі, блакаваў рух, а таксама выкрыкваў пратэстныя лозунгі ў Мінску. Гэтым ён «прымаў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Тры гады калоніі за 13 каментароў

Аляксандра Нагелу ў Смаргоні асудзілі да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму. Суддзя — Віктар Сянько, паведамляе «Гарадзенская вясна».

Яго судзілі паводле ч. 1 арт. 130 КК за нібыта распальванне сацыяльнай варожасці ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў за 13 каментароў у Telegram-канале.

Паўтара года калоніі - за дэманстрацыю роліка

Андрэя Пятроўскага засудзілі да аднаго з паловай гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Суддзя — Людміла Міхневіч. 46-гадовы Андрэй — былы настаўнік гімназіі ў Смаргоні.

Паводле версіі абвінавачвання, Андрэй у сакавіку паказаў на ўроку відэаролік «Канстытуцыя сышла ў прастытуцыю!» з лагатыпам, які прызнаны ў Беларусі эктрэмісцкім. Сам ролік «змяшчае заведама ілжывую інфармацыю, які ганіць прэзідэнта». Справу распачалі пасля таго, як вучань паведаміў пра гэта бацькам-чыноўнікам. Настаўнік не прызнаў віну.

2,5 года «хіміі» — за каментар

Апеляцыйную скаргу 19-гадовай студэнткі першага курса геаграфічнага факультэта БДУ з Ліды Дар'і Чайко Гродзенскі абласны суд не задаволіў.

Раней яе асудзілі па ч. 1 арт. 342 КК і арт. 369 КК на 2,5 года «хіміі» ў Лідскім раённым судзе. Суддзя — Максім Філатаў. Прычына — каментар, які абразіў супрацоўніка Следчага камітэта. Чайка прынесла яму прабачэнні і выплаціла 500 рублёў маральнай кампенсацыі.

Да 15 гадоў калоніі - за паведамленне

Інжынера Андрэя Крылова ў Ваўкавыску судзяць за паведамленне ў Telegram-чаце «Банда Луки», у якім ён нібыта заклікае да масавых беспарадкаў.

Мужчына пад вартай, яму пагражае пакаранне ад пяці да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі. На судзе Крылоў віну не прызнаў.

Новыя палітвязні ў вобласці

‍Двух жыхароў Гродзенскай вобласці прызналі палітвязнямі. Гэта Аляксандр Нагела і Леанід Герасімлюк.

Коратка:

  • «Ніхто не спяшаўся». У Гродзенскім аблвыканкаме пракаментавалі чэргі ў ДАІ і абвінавацілі ў іх гродзенцаў.
  • Год з Каранікам. Чым запомніўся старшыня аблвыканкама, прызначаны на мітынгу.
  • Гродзенскія інтэлектуалы запусцілі цыкл лекцый, прысвечаных 30-ці годдзя аднаўлення незалежнасці Беларусі.
  • У Гродзенскім аблвыканкаме закупляюць 300 значкоў з гербам вобласці. Колькі яны каштуюць?
  • Тытунёвая фабрыка «Нёман» спадзяецца знайсці замену сыравіне з ЕС у Кітаі.
  • Палітвязню і журналісту Анджэю Пачобуту падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай на тры месяцы.
  • Палітвязню і музыку Ігару Банцэру на хіміі на 10 сутак працягнулі ШЫЗА. Ён прабудзе там 30 сутак.
  • Біскуп Антоні пабываў у гродзенскай турме і пагутарыў з людзьмі, якія адбываюць пакаранне.
  • Расійскія ракетныя войскі прыбылі ў Гродна.
  • Лісты ад палітвязня журналіста Дзяніса Івашына па-ранейшаму ідуць «дазавана».

Чытайце таксама: