300 сувенірных значкоў «Герб Гродзенскай вобласці» закупляюць у Галоўным упраўленні ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама. Інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце дзяржзакупак.

300 значкоў плануюць купіць за 3 320 BYN. Адпаведна, кошт аднаго значка складае прыкладна 11 рублёў. Набываюць значкі за сродкі бюджэту.

Што за значок

  • памер: вышыня — 20 мм, шырыня — зыходзячы з прапорцыі афіцыйна зацверджанага геральдычнага сімвала;
  • мацаванне — цанга;
  • матэрыял: латунь, заліванне эпаксіднай смалой;
  • тэхналогія вырабу — чаканка;
  • гальванічнае пакрыццё — залацістае, сінтэтычныя эмалі;
  • макет узгадняецца заказчыкам;
  • ўпакоўка — зіп-пакет паштучна.

Закупка яшчэ наперадзе, распавёў Hrodna.life прадстаўнік заказчыка. Пакуль у аблвыканкаме вывучылі кан’юнктуру рынку. Папярэдне запыт адправілі 11 арганізацыям, якія займаюцца сувенірамі. Хто менавіта стане пастаўшчыком і як будуць выкарыстоўвацца значкі, у аблвыканкаме пакуль не раскрылі. Пастаўка пройдзе з 26 жніўня да 9 кастрычніка.

Падобную закупку праводзіў Брэсцкі аблвыканкам — там цана значка склала прыкладна 9 рублёў.