Завод па вытворчасці ўгнаенняў, які плануюць пабудаваць у Аўльсе, прайшоў дзяржаўную экалагічную экспертызу, паведамляе «Вечерний Гродно». Экспертыза доўжылася сем месяцаў.

Хто і дзе будзе будаваць хімічны завод?

Пад будаўнічую пляцоўку абралі адзін з участкаў СЭЗ (Свабодная эканамічная зона — заўв. Hrodna.life) «Гроднаінвест». Яна размяшчаецца на больш чым 4 гектарах у прамысловай зоне «Аўльс» пад Гродна, каля прадпрыемства «Тайфун». Асноўнай сыравінай для вытворчасці будзе аміяк, які робяць на «Гродна Азот». Плануецца, што завод будзе вырабляць 100 тысяч тон угнаенняў у год, працуючы ў няспынным кругласутковым рэжыме. Прадукцыю завода плануюць пастаўляць ва Усходнюю Еўропу (уключаючы Беларусь).

Завод будзе будаваць бельгійская кампанія «Tessenderlo Group». Увесці прадпрыемтсва ў эксплуатацыю плануюць у 2024 годзе.

Tessenderlo Group заснавана ў 1919 годзе і ўключае ў сябе каля 100 прадстаўніцтваў у больш чым 10 краінах свету па трох асноўных накірунках: сельская гаспадарка, біа-валарызацыя, здабыча і прамысловая вытворчасць. Галоўны офіс кампаніі знаходзіцца ў Бельгіі.

Што будуць вырабляць на новым заводзе?

На новым хімічным заводзе плануецца выпуск вадкіх угнаенняў Thio-Sul®. Пад такой назвай будзе выпускацца тыасульфат амонія (ATS), які выкарыстоўваюць пры вырошчванні сельскагаспадарчых культур. Такія ўгнаенні кампанія прадае ў Прыбалтыцы і ва Украіне. Гэта прадукцыя выкарыстоўваецца ў фермерскіх гаспадарках, бо дазваляе атрымаць прыбытак да 150 еўра з аднаго гектара зернавых.