Падчас будаўніцтва новага мікрараёна на Фолюшы плануюць сфарміраваць ландшафтна-рэкрэацыйныя зоны, а таксама захаваць інфраструктуру былога вайсковага гарадка. Пра гэта сказаў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой.

Гой паабяцаў стварыць у новым мікрараёне на Фолюшы “санаторную” атмасферу
Праект забудовы мікрараёна. Крыніца: grodnonews.by

Забудову новага мікрараёна плануюць рабіць паводле прынцыпу захавання існуючай інфраструктуры. Там плануюць захаваць асобныя будынкі і камунікацыі, а таксама шматгадовыя дрэвы, якія там растуць.

На ўскрайку мікрараёна, побач з ракой Ласасянкай, сфарміруюць ландшафтна-рэкрэацыйную зону агульнага карыстання. Паводле Гоя, шматгадовыя сосны будуць ствараць «санаторную» атмасферу.

У дварах максімальна выключаць аўтатранспарт

На дваровых тэрыторыях, па магчымасці, максімальна выключаць наяўнасць аўтамабіляў. Цэнтральную алею плануюць азеляніць, а таксама размясціць там малыя архітэктурныя формы, пляцоўкі адпачынку, дзіцячыя гарадкі і спартовыя пляцоўкі.

Мікрараён ужо будуюць

Першыя два дамы ў новым мікрараёне пачалі будаваць у верасні 2022 года. Распрацоўшчык праекта — ААТ «Гроднажылбуд».

Агульная плошча новага раёна складзе 34 га. Там размесцяцца 16 шматкватэрных дамоў на 2050 кватэр. Вышыня будынкаў будзе ад 3 да 16 паверхаў. 10 дамоў будуць буйнапанэльныя, а шэсць — маналітна-каркасныя. Агульная плошча жылога фонду — звыш за 140 тыс. квадратных метраў.

Акрамя гэтага ў мікрараёне пабудуюць дзіцячы садок на 230 месцаў і аб’екты гандлёва-бытавога прызначэння.

Калі пачнуць будаваць іншыя дамы

Будаўніцтва падзялілі на чатыры чаргі. Падчас першай чаргі будуюць аб’екты інжынерна-транспартнай інфраструктуры. Зараз адбываецца другая чарга — будаўніцтва першай групы жылых дамоў № 1−4. Верагодна, што ў 2022 годзе пачнуць яшчэ адну чаргу будаўніцтва — жылыя дамы № 7−11. Скончыць будаўніцтва новага мікрараёна плануюць у 2026 годзе.