Як звязаныя дзяржаўныя расходы на сацыялку і новыя вокны ў мясцовай паліклініцы? Ці могуць у школе збіраць грошы на парты і дошкі, хоць адукацыя ў Беларусі бясплатная? Што рабіць, калі грошы за капрамонт плаціце, а рамонту няма? Эканамістка напісала для Hrodna.life, як выконваецца бюджэт і на што выдаткоўваюцца падаткі беларусаў і беларусак.

Што такое бюджэт Беларусі?

Бюджэтную сістэму Беларусі можна падзяліць на дзве вялікія часткі: кансалідаваны бюджэт і пазабюджэтныя фонды (напрыклад, дзяржаўны фонд сацыяльнай аховы насельніцтва).

Кансалідаваны бюджэт у сваю чаргу складаецца з рэспубліканскага і з мясцовых. Мясцовыя ўключаюць у сябе бюджэты абласцей, раёнаў, вёсак і асобна Мінску.

Асноўным даходам любога з вышэйпералічаных бюджэтаў з’яўляюцца падаткі, якія плацяць рэзідэнты краіны. Менавіта са сродкаў бюджэту забяспечваецца функцыянаванне ўсёй дзяржавы, уключаючы розныя інстытуты, органы ўлады, інфраструктуру і рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі.

Куды ідуць мае падаткі?

Падаткі дзеляцца на прамыя і ўскосныя. Прамыя рэзідэнты плацяць кожны год, падаючы падаткавую дэкларацыю. Да іх адносяцца: падаходны зямельны, падатак на маёмасць, транспартны і г. д. Асноўных ускосных падаткаў два: акцызы і падаткі на дададзеную вартасць. Яны закладзеныя ў цане тавараў, якія мы набываем.

У рэспубліканскі бюджэт ідуць падатак на даданы кошт, падатак за здабычу прыродных рэсурсаў, падатак на прыбытак, акцызы. У мясцовыя бюджэты залічаюць падаходны падатак, падатак на прыбытак, падатак на даданую вартасць, падаткі на маёмасць (на нерухомасць, зямельны і транспартны).

Гродзенская вобласць на 69,3% забяспечана ўласнымі даходамі - гэта найлепшая лічба сярод абласцей пасля Мінскай і Мінска. Астатнія 30,7% - бязвыплатныя паступленні. 20,3 з іх — гэта датацыі з рэспубліканскага бюджэту, 10,5 — субвенцыі (пераводы на канкрэтную мэту — Hrodna.life).

бюджэт
Скрыншот з www.minfin.gov.by

Чым вышэй узровень эканамічнага развіцця тэрыторыі, тым больш уласных даходаў паступае ў мясцовы бюджэт, пішуць у бюджэце.

Бюджэт Гродна-2024 плануецца без атрымання датацыі з вышэйстаячага бюджэту. Практычна палова яго складаецца з падаходных падаткаў фізасоб.

Вы можаце звярнуцца ў падатковую з запытам пра тое, куды пайшлі вашыя адлічэнні.

У Беларусі мала грошай ідзе на сацыяльныя выплаты?

Пад сацыяльнымі мы разумеем шэраг сфер, якія абслугоўваюць патрэбы насельніцтва, уключаючы ахову здароўя, сацыяльную палітыку і адукацыю.

У кансалідаваным бюджэце Беларусі напісана, што на сацыяльную сферу ідзе 42,3%. Гэта троху больш, чым 30 млрд. Гэта найбольшы артыкул расходаў.

З іх: ідзе:

  • 16,3% - на адукацыю,
  • 16% - на ахову здароўя,
  • 7,2% - на сацыяльную палітыку,
  • 2,8% - на фізкультуру, спорт, культуру і СМІ.

Ці праўда, што зараз на сілавікоў ідзе больш грошай, чым на медыцыну ці адукацыю?

З таго ж кансалідаванага бюджэту вынікае, што пры 42,3% на сацсферу, на суды, праваахоўнікаў і забеспячэнне бяспекі вытрачаюць 6,7%. Гэта каля 5 млрд. Распаўсюджанае мерканне, што на сілавікоў вытрачаюць больш за ўсё, узнікае таму, што некаторыя глядзяць на рэспубліканскі бюджэт — там лічбы на сілавікоў уражваюць. Проста ахова здароўя і адукацыя фінансуюцца больш з мясцовага бюджэту, чым з рэспубліканскага.

Згодна з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, краіна павінна вытрачаць як мінімум 5% унутранага валавога прадукту на сістэму аховы здароўя, каб забяспечыць яе развіццё. У Беларусі па падліках Hrodna.life прыкладна столькі і вытрачацца (11,6 млрд пры прагназаваным на 2024 год УВП у 245 млрд (5% ад лічбы — гэта 12,25 млрд)).

бюджэт
Скрыншот з www.minfin.gov.by

А калі мне падаецца, што дому патрэбны капітальны рамонт, а ЖЭС кажа, што грошай на гэта няма: яны скралі, ці праўда няма?

Рашэнне, ці патрэбны дому капітальны рамонт, прымаюць спецыялісты ЖКГ цягам планавых аглядаў вясной і восенню. Калі, згодна іх ацэнцы, дом патрабуе рамонту, яго ставяць у чаргу. Графік прац зацвярджаецца выканаўчым камітэтам.

Фінансуецца капітальны рамонт з дзвюх крыніц: мясцовых бюджэтаў і адлічэнняў саміх жыльцоў (у квітанцыі за аплату камунальных паслуг ёсць асобны радок). Напрыклад, на капітальны рамонт дамоў у Гродне ў гэтым годзе закладзена амаль 41 млн рублёў на 180 дамоў (спіс можна паглядзець тут). З гэтых 41 млн 16,5 возьмуць з мясцовага бюджэту, астатняе — з грошай жыльцоў.

Чаму мы павінны здаваць грошы на фіранкі ў дзяржаўнай школе?

Згодна з заканадаўствам Беларусі, агульная сярэдняя адукацыя ў краіне з’яўляецца бясплатнай. Дзейнасць школ і дзіцячых садкоў фінансуецца са сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў.

Строгага падзелу на тое, што фінансуецца з рэспубліканскага бюджэту, а што — з мясцовага, няма. Гэта залежыць ад шэрагу фактараў, у тым ліку розных спецыяльных дзяржаўных праграм, прыярытэтаў рэгіёна і г. д. Але найчасцей з рэспубліканскага бюджэту фінансуюцца заробкі настаўнікаў, падручнікі і г. д.

Таму абавязку здаваць грошы на ўмоўныя фіранкі кожны год у вас дакладна няма. Калі хтосьці будзе ўпарта казаць вам адваротнае, можаце звярнуцца са скаргай да дырэктара школы ці ва ўпраўленне адукацыі мясцовага выканкама.

Разам з гэтым, калі вы хочаце дапамагчы школе, ёсць некалькі шляхоў. На патрэбы школы і на патрэбы класа можна здаць грошы наяўнымі ці праз банкаўскі перавод, у залежнасці ад мэтаў вашага даната.

«Што тычыцца збораў з дзяцей, цяпер ёсць бацькоўскі камітэт. Яны збіраюць нейкую суму, кладуць на рахунак школы. Кажуць дырэктару, што паклалі суму і хацелі б гэта і гэта купіць. Школа сама закупляе. Каб настаўніку наўпрост прынеслі грошы — цяпер такога няма», — расказвала настаўніца Hrodna.life.

Ці можна адсочваць, што адбываецца з бюджэтам Беларусі?

Інфармацыю пра рэспубліканскі бюджэт і планы дзяржавы можна атрымаць на нацыянальным прававым партале. Пра мясцовы бюджэт можна пачытаць, як правіла, на сайце мясцовага выканкама. Глядзець бягучы статус магчымасці няма. Але шмат гарадоў практыкуюць публікаванне паўгадавых справаздачаў. Больш за тое, вы можаце звярнуцца ў выканкам з пісьмовым запытам наконт таго, як горад ці раён размяркоўвае сродкі - вам павінны адказаць цягам пятнаццаці працоўных дзён.

бюджэт
Скрыншот з grodno.gov.by

А паўплываць на прыняцце бюджэту?

Бюджэт горада плануецца мясцовымі органамі, у тым ліку выканаўчым камітэтам. Тэарэтычна, паўплываць на гэты працэс можна праз сустрэчы з мясцовымі дэпутатамі і данясенне сваіх прапановаў, складанне петыцый, а таксама праз удзел у сустрэчах прадстаўнікоў мясцовых уладаў з выбарцамі.

Таксама Гродзенскі абласны савет дэпутатаў аб’явіў конкурс праектаў грамадзянскіх ініцыятываў, дзе можна прапанаваць уласную ідэю і атрымаць срдкі на яе рэалізацыю. На конкурс выдзелена 300 тысяч рублёў.