Музыку і палітзняволенаму Ігару Банцэру хочуць змяніць рэжым утрымання. Зараз Банцэр адбывае пакаранне на «хіміі» ў Віцебску. Пасля суда, які адбудзецца 23 верасня, яго могуць перавесці ў папраўчую калонію, паведамляе «Медиазона».

Музыка лічыць, што яму хочуць змяніць месца адбывання пакарання праз шэсць парушэнняў:

  • не быў у ложку пасля «адбою»;
  • не пагаліўся;
  • кепска прыбраўся ў камеры;
  • крычаў на супрацоўнікаў ізалятара (музыка гэта абвяргае);
  • спаў на крэсле;
  • падчас адбывання пакарання запісаў відэа для кліпа Лявона Вольскага і Маргарыты Ляўчук.

Ігар Банцэр 15 верасня выйшаў з штрафнога ізалятара (ШЫЗА) пасля 40 дзён утрымання. Вярнуўшыся з ізалятара, Ігар даведаўся, што яму прыходзіў ліст ад Юрыя Васкрасенскага з прапановай папрасіць памілавання. Музыка адмовіўся. У яго прынцыповая пазіцыя — «Не падпісваць лісты ад „праўладных дзеячоў“».

За што Ігар Бацэр адбывае пакаранне

Ігара Банцэра асудзілі за перформанс, які прызналі хуліганствам. Суддзя Наталля Козел 19 сакавіка прысудзіла яму 1,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яго вызвалілі з-пад варты ў зале суда пад падпіску аб нявыездзе.

Пяць месяцаў Ігар знаходзіўся ў турме № 1 у Гродне. Адзін дзень знаходжання пад вартай роўны двум дням абмежавання волі. Гэта значыць, Ігару засталося адбыць шэсць месяцаў пакарання.

Ад 3 сакавіка, калі пачаўся разгляд справы ў судзе, Ігар трымаў сухую галадоўку. 15 сакавіка праваабаронцы прызналі Банцэра палітвязнем.