Блогер і фельчар хуткай дапамогі з Гродна Фёдар Сумкін з сям’ёй з’ехаў з Беларусі. Двух гродзенцаў асудзілі за падзеі 9 жніўня 2020 года. Яшчэ два прысуды за абразу службовай асобы вынеслі ў рэгіёнах. Рэдакцыя Hrodna. life вывучыла, што адбылося ў Гродне і вобласці з 13 па 19 верасня.

У дачыненні да блогера Vadimati распачалі дзве крымінальныя справы

Вадзім Ермашук праходзіць падазраваным па двух справах па арт. 368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і арт. 370 КК «Здзек з дзяржаўных сімвалаў». Пра гэта стала вядома 16 верасня. Абвінавачванне Вадзіму пакуль не прад’явілі.

Галадоўка Ігара Банцэра

Гродзенскі музыка і палітзняволены Ігар Банцэр выйшаў з ШЫЗА пасля 40 дзён утрымання. Пра гэта 15 верасня паведаміў сябра музыкі, Андрэй Мялешка. Апошнія 19 дзён Ігар трымаў галадоўку ў знак пратэсту супраць незаконных дзеянняў у дачыненні яго. Фізічны стан музыкі кепскі. Патрэбна медычная дапамога.

Выклік у міліцыю Сяргея Марозава

Фатографа Сяргея Марозава 13 верасня выклікалі ў міліцыю. У аддзяленні ў яго ўзялі пробу сліны, адбіткі пальцаў, а таксама азнаёмілі са зменамі ў заканадаўстве. Ён звязвае выклік з мінулагоднімі падзеямі.

Новае абвінавачанне Дзянісу Івашыну

Дзяніс Івашын 2 верасня 2021 года прыцягнуты ў якасці абвінавачанага ў здзяйсненні менш цяжкага і асаблівага цяжкага злачынства. Таму намеснік генеральнага пракурора Беларусі падоўжыў яму тэрмін утрымання пад вартай да васьмі месяцаў 28 сутак.

Ад’езд і звальненне Фёдара Сумкіна

Блогер і фельчар хуткай дапамогі з Гродна Фёдар Сумкін (Астаповіч) з сям’ёй з’ехаў з Беларусі. Цяпер яны будуюць жыццё ў Польшчы. Пакінуць у Гродне давялося рамонт, планы пра кавярні і сабаку Карыцу. Раней ён звольніўся з працы.

Прысуд за 9 жніўня 2020 года

Барыса Ляшкевіча і Леаніда Клімава 17 верасня засудзілі да двух гадоў «хіміі» — столькі і запатрабаваў дзяржабвінаваўца. Іх судзілі паводле ч. 1 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Новыя каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі

Экстрэмісцкімі прызналі каналы:

  • «Гродно Южный чат»,
  • «Ихтиандры Гродно»,
  • «ГродноАзот для Жизни»,
  • «Волковыск для жизни new»,
  • «Ошмяны».

Затрыманыя яшчэ дзве удзельніцы маршу адзінства ў Гродне

Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі дваіх жыхарак абласнога цэнтра ва ўзросце 34 і 52 гадоў. Паводле версіі сілавікоў, у верасні мінулага года разам з іншымі ўдзельнікамі пратэсту жанчыны выходзілі на праезную частку, блакуючы рух, а таксама стаялі «ў счэпцы», аказваючы непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыянтаў.

Распачалі крымінальную справу за ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Жанчыны працавалі ў дзяржустановах, з’яўляліся «актыўнымі ўдзельнікамі вулічных шэсцяў і дэструктыўных Telegram-чатаў».

Чарговыя затрыманні ў Гродне

11 верасня пасля ператрусу ў вёсцы Зарыца затрымалі Валянціну Будрэвіч. Паводле папярэдняй інфармацыі, прычына затрымання — удзел у мітынгах у 2020 годзе, распачатая крымінальная справа, паведамляе «Гарадзенская вясна».

10 верасня ў Гродне затрымалі Андрэя Баранава. У дачыненні да яго ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 342 КК «Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Яго змясцілі ў ІЧУ на Гая.

У пачатку верасня затрымалі 34-гадовага супрацоўніка «Гродна Азот» Аляксандра Хлебнікава. Прычына затрымання — удзел ў «дэструктыўных Telegram-каналах». Відэа з яго «раскаяннем» апублікаваў канал, блізкі да сілавікоў.

Прысуды за абразу

У Іўі на два гады «хатняй хіміі» за абразу двух супрацоўнікаў міліцыі (арт. 369 КК) асудзілі Рэгіну Лавар, паведамляе «Вясна».

У Смаргоні Таццяну Янкоўскую абвінавацілі ў абразе начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх (арт. 369 КК) і асудзілі на два гады «хіміі».

Сыход суддзі

У верасні апублікавалі ўказ Лукашэнкі аб прызначэнні і вызваленні суддзяў. Сыходзяць прынамсі трое суддзяў, якія выносілі палітычныя рашэнні ў 2020 годзе і раней, паведамляе «Гарадзенская вясна».

Сярод іншых вызвалены ад пасады суддзя Гродзенскага абласнога суда Уладзімір Яўхута, які 16 жніўня асудзіў на 3,5 гады калоніі гродзенца-палітвязня Леаніда Герасімлюка нібыта за «заклікі да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь праз інтэрнэт».

Коратка:

  • Справу адкласці, меру стрымання — пакінуць. Па справе гродзенца Аўсіевіча прызначылі дадатковую экспертызу.
  • Васкрасенскі тройчы прапаноўваў Пачобуту папрасіць аб памілаванні. Палітвязень кожны раз адмаўляўся.
  • У Навагрудскім раёне ўлады разарвалі пагадненне з фондам, які дапамог выйграць грант ЕС.
  • IСОMOC: Улады хочуць ліквідаваць, каллегі - прынялі у міжнародную супольнасць.
  • Дырэктара гродзенскай студыі «Іквадарт» Глеба Койпіша прызналі пялітзняволеным.
  • «British American Tobacco» спыніла супрацоўніцтва з Гродзенскай тытунёвай фабрыкай. Гэта адзін з яе асноўных партнёраў.
  • Новым кіраўніком каталіцкай царквы Беларусі стаў біскуп-памочнік з Гродна.
  • На Старым мосце у Гродне ізноў з’явіліся таблічкі ў гонар уз’яднання Беларусі. Іх знялі 13 гадоў таму.
  • У ГрДУ імя Янкі Купалы клікалі на свята 17 верасня, абяцаючы вызваленне і рэйтынг.
  • Сярод 13 памілаваных палітвязняў не было нікога з Гродзенскай вобласці.
  • Сілавікі затрымалі яшчэ аднаго гродзенца. Яго змясцілі ў ІЧУ. Відэа затрыманне апублікаваў канал, блізкі да сілавікоў.
  • Лявон Карповіч пабываў на «прафілактычнай бяседзе».
  • На пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі ў Лідзе Андрэя Астрацова, якога абвінавачвалі ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч.1 арт. 361 КК)

Чытайце таксама: