Фатографа Сяргея Марозава 13 верасня выклікалі ў міліцыю. У аддзяленні ў яго ўзялі пробу сліны, адбіткі пальцаў, а таксама азнаёмілі са зменамі ў заканадаўстве. Ён звязвае выклік з мінулагоднімі падзеямі.

«Я так разумею, што зараз выклікаюць усіх, хто засвяціўся ў мінулым годзе па артыкуле 23.34 КАаП (Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў - заўв. Hrodna.life). Мне патэлефанавалі, я прыйшоў. У мяне ўзялі біяпробы, адбіткі пальцаў і азнаёмілі са зменамі ў заканадаўстве. Што зараз за удзел у насанкцыяваных мерапрыемствах можа быць крымінальная адказнасць», — распавёў Hrodna.life Сяргей Марозаў.

Сяргей Марозаў — былы дацэнт кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдат гістарычных навук. Вясельны фатограф, вядоўца фотакурсаў, байкер. Здымаў акцыі пратэсту. У адносінах да яго заводзілі адміністрацыйную справу па арт. 23.34 КаАП. 13 жніўня 2020 году ён выклаў у Instagram відэа, на якім выкінуў у сметніцу ўзнагароды, якія атрымаў за пяцігадовую працу з гродзенскай міліцыяй.

«Зараз з творчымі планамі складана. Гарызонт планавання прыкладна — два тыдні. Але да апошняга з’язджаць з Беларусі я не планую», — сказаў Сяргей.

Чытайце таксама: «Ніколі не лічыў, што маю талент». Гісторык, фатограф і байкер Сяргей Марозаў аб творчасці, працы і планах