Улетку 2021 дзяржорганы вырашылі разарваць супрацоўніцтва з фондам «Шчорсы і Храптовічы». Пры гэтым ад сумеснага трансгранічнага праекта і еўрапейскіх грошай адмаўляцца не спяшаюцца. Фонд з 2017 года імкнецца адрадзіць старадаўнюю сядзібу каля Навагрудка і стварыць на яе базе культурна-турыстычны цэнтр. Каб выратаваць адну з пабудоў комплексу, каманда фонду распрацавала праект і знайшла партнёраў у Польшчы. Падпісалі кантракт, а 15 ліпеня фонд падпісаў партнёрскія пагадненні па праекце і з аддзелам культуры Навагрудскага выканкама. У гэты ж дзень дырэктарцы фонда «Шчорсы і Храптовічы» паведамілі пра «планавую» праверку з Упраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.

Сядзіба Шчорсы недалёка ад Наваградка калісьці належала канцлеру ВКЛ Іаахіму Храптовічу. У XVIII стагоддзі ён узвёў тут палацава-паркавы ансамбль у стылі французскага класіцызму. Побач пабудавалі Мураванку — гаспадарчы двор у стылі сярэднявечнага замка. Храптовіч забараніў паншчыну, адмовіўся ад дзіцячай працы, адкрыў школу і даў сялянам роўныя надзелы зямлі. Палац моцна пацярпеў у Першую сусветную вайну. У савецкі час у доме аканома размясцілі школу, у флігелі - дзіцячы сад і жылыя кватэры, а гаспадарчыя пабудовы аддалі калгасу.

Ад вялізнага сядзібнага комплексу ў Шчорсах захаваўся закінуты будынак дома аканома, дзе ў міжваенны перыяд жылі апошнія ўладальнікі дома, некалькі гаспадарчых пабудоў і старадаўні парк з каскадам сажалак. Пабудовы і парк, дзе бываў Адам Міцкевіч, паступова з’ядае час. Уласнік будынкаў - дзяржава: частка іх належыць аддзелу культуры Навагрудскага райвыканкама, частка — сельсавету ў Шчорсах, частка — ААТ «Шчорсы» (былы калгас «Зорка»).

Чытайце таксама: Путешествие под зонтом: замки Любчи и Новогрудка, самый старый костел и музей под открытым небом — за 1 день и 280 километров

З 2017 года Мясцовы культурна-асветніцкі фонд «Шчорсы і Храптовічы» спрабуе выратаваць сядзібу. Фонд арганізоўвае летнія валанцёрскія лагеры па расчыстцы парку і Мураванкі ад хмызоў, распрацоўвае зоны аховы, змагаецца з падтапленнем тэрыторыі і нават вяртае на радзіму кнігі з найбагацейшай раней бібліятэкі Храптовічаў. Хоць фармальна гэтай грамадскай арганізацыі там не належыць нічога. У 2018 годзе фонд «Шчорсы і Храптовічы» падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з райвыканкамам і сельсаветам. Гэта быў вялікі прарыў - працу легітымізавалі, на сайце выканкама размясцілі банер «Шчорсы і Храптовічы». Праўда, згода доўжылася нядоўга.

План выратавання вяндлярні

У 2020 годзе каманда фонду «Шчорсы і Храптовічы» напісала праект і прайшла адбор на ўдзел у конкурсе Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна». На сродкі Еўрасаюза адрамантуюць дах аднаго з захаваных будынкаў - вяндлярні, і правядуць кулінарны фестываль у Шчорсах на аснове мясцовых кулінарных традыцый. Партнёра ў Польшчы (гміна Седльцэ) фонд знайшоў пры падтрымцы беларускага Міністэрства замежных спраў. Седльцэ выбралі за сувязь з Храптовічамі і досвед правядзення кулінарных фестываляў. Польскі партнёр выступае і вядучым бенефіцыярам — трымальнікам большай часткі сродкаў праекта. Беларускую дзяржаву ў праекце прадстаўляе Навагрудскі райвыканкам.

«Дах вяндлярні састарэў, і калі ён абрынецца, мы і вяндлярню будзем страчваць дакладна так жа, як Мурованку», — распавяла Hrodna.life кіраўніца фонду «Шчорсы і Храптовічы» Ганна Булда. Таксама ў праект закладзены візіт беларускай дэлегацыі ў Польшчу па абмене досведам правядзення кулінарнага фестывалю ў Прушыне-Пенькі (вёска пад Седльцам, Польшча), стварэнне турыстычнага маршруту Шчорсы-Прушын-Пенькі, летні лагер валанцёраў, этнаграфічная экспедыцыя па аграгарадку Шчорсы і навакольных вёсках.

Нядоўгае сяброўства

У час летнікаў 2017−2018 гадоў была зроблена шмат працы, а ў 2018 улады закарчавалі вычышчаную валанцёрамі ад зараснікаў тэрыторыю ў Мураванцы. У 2018 годзе фонд падпісаў трохбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве з Навагрудскім выканкамам і Шчорсаўскім сельсаветам.

Чытайце таксама: На велосипеде по туристическим местам: через Гродненскую область прошел международный веломаршрут EuroVelo-2

«У 2019 было тры заезды валанцёраў. Мы вельмі ўдарна папрацавалі: нам дапамагала і ЖКГ, і выканкам. Тады мы расчысцілі знешні контур Мураванкі, чысцілі парк, — распавяла Ганна. — Калі мы разам [з райвыканкамам] прадумвалі, працавалі, быў рэальны прарыў, мы вельмі шмат зрабілі, больш, чым у папярэднія гады».

У 2017−2018 гадах дом для валанцёрскай базы фонд арандаваў у прыватнай асобы, пазней яго прадалі. У 2019 годзе ў СВК вызваліўся дом: часткова без вокнаў, з выбітымі дзвярыма. Яго адрамантавалі сіламі фонду. «Мы стаялі на вушах, каб да летняга лагера прывесці яго да ладу», — успамінае Ганна Булда. Паспелі, база пераехала. Выканкам і СВК тады казалі, што ў іх няма планаў на дом. Дамову аб арэндзе з ААТ «Шчорсы» падпісалі толькі на два месяцы. Ужо ў 2020-м пачаліся праблемы: базу прапанавалі перанесці ў іншы будынак, які таксама патрабаваў капрамонту. Узімку 2021 года валанцёрскі дом і зусім прапанавалі выкупіць, а ў ліпені памяшканне прыйшлося вызваліць паводле тэрміновага патрабавання.

"Нас не ліквідуюць, пакуль не атрымаюць грошы?" У Навагрудскім раёне ўлады разарвалі пагадненне з фондам, які дапамог выйграць грант ЕС
Ганна Булда — кіраўніца Мясцовага культурна-асветніцкага фонду «Шчорсы і Храптовічы»

Потым забаранілі і летнікі. У 2020 гэта было апраўдана — пандэмія, згаджаецца Ганна Булда. Увесну 2021 яна прасіла дазволіць валанцёрскія лагеры зноў. «Год быў страчаны, а тэрыторыю яшчэ расчышчаць і расчышчаць — праводзіць нейкія працы там немагчыма, трэба прыбіраць джунглі, якія ўтварыліся». Дазволу запрасіць валанцёраў не далі. Вызначыцца з канкрэтным планам супольных дзеянняў таксама не атрымалася — тэрміны сустрэчы ўвесь час пераносілі.

Кантракт для рэстаўрацыі і праверка ад Мінюста прыйшлі ў адзін дзень

Да канца сакавіка 2021 фонд з палякамі адкарэктавалі праект па рэстаўрацыі вяндлярні, 4 ліпеня вядучы бенефіцыяр з гміны Седльцэ падпісаў кантракт. Партнёрскія пагадненні паміж Наваградскім выканкамам і фондам адкарэктавалі і падпісалі 15 ліпеня, іх адправілі трэцему боку, у Польшчу.

У той жа дзень, 15 ліпеня, Ганне патэлефанавалі з Упраўлення юстыцыі і паведамілі аб планавай праверцы, пра якую раней не папярэджвалі. «Яны сказалі: „Вось і да вас чарга дайшла“», — успамінае Ганна. Дакументы па спісе трэба было падаць да 10 жніўня. Ганна здала копіі, але ёй нават не далі распіскі, што іх прынялі. І сказалі-чакайце. «Магчыма, што я з сайта Адзінага дзяржаўнага рэестру даведаюся пра нашу ліквідацыю».

Чытайце таксама:

Праверка па фондзе зараз прыпыненая: чалавек, адказны за яе, у адпачынку. «Я разумею, што нас не ліквідуюць да таго часу, пакуль спадзяюцца атрымаць грошы [па праекце]», — разважае кіраўніца фонду.

Супрацоўніцтва разарвалі, але ў праекце ўдзельнічаюць

22 ліпеня 2021 года ў фонд прыйшло паведамленне ад ААТ «Шчорсы» аб неабходнасці тэрмінова вызваліць валанцёрскі дом, каб пазбегнуць адміністрацыйнай адказнасці. А 30 ліпеня аддзел культуры Навагрудскага райвыканкама падпісаў апавяшчэнне аб спыненні супрацоўніцтва. Следам скасаваў пагадненне сельскі выканаўчы камітэт Шчорсаў.

Атрымаўшы ўсе апавяшчэнні, кіраўніца фонду паспрабавала растлумачыць сітуацыю — як быць з трансгранічным праектам. У Навагрудскі райвыканкам спачатку было не датэлефанавацца, потым прадстаўніку Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва па Гродзенскай вобласці вусна сказалі, што рэалізоўваць праект будуць. Пазней райвыканкам усё ж пацвердзіў гэта і ў адказе на афіцыйны запыт.

17 жніўня Ганна атрымала падпісаныя з польскага боку арыгіналы дакументаў па праекце. Яго можна рэгістраваць у Беларусі, запытваць частку грошай на рэалізацыю і, па планах, з кастрычніка прыступаць да працы. Але як працаваць ў праекце з партнёрам-дзяржавай, якое больш не супрацоўнічае, не ясна.

«У нас ёсць падпісанае пагадненне, абавязацельствы, мы ажыццяўлялі камунікацыі. Выканкам жа падрыхтаваў тэхдакументацыю па вяндлярні і не замінаў нам працаваць», — успамінае кіраўніца фонду «Шчорсы і Храптовічы».

Адказнасць за мерапрыемствы згодна з праектам ляжыць на фондзе, выканкам адказвае толькі за рэканструкцыю. У той жа час бюджэт абмежаваны, і многія рэсурсы, напрыклад, сталы для кулінарнага фестывалю, выканкам абяцаў даць вусна. Калі чыноўнікі перадумаюць, у фонда на гэта сродкаў няма. «Калі выканкам з лёгкасцю без тлумачэння прычын скасоўвае пісьмовае пагадненне, то на захаванне вусных дамоўленасцяў наогул няма ніякіх гарантый», — пераймаецца кіраўніца фонду.

«Галоўная задача — атрымаць грошы»

24 жніўня прайшла сустрэча ўдзельнікаў праекта з боку Беларусі, на якой настаяла Ганна Булда. Пратакол аб намерах прадстаўнікі ўладаў падпісаць адмовіліся. Наконт ранейшага скасаванага пагаднення яны сказалі, што ўсе абавязацельствы выканалі. «Калі ж адкрыць тое пагадненне, яго мэта была — аднаўленне сядзібы Храптовічаў і культурна-гістарычнага ландшафту парку», — патлумачыла Ганна.

На сустрэчы дамовіліся, што прадстаўнікі райвыканкама самі зарэгіструюць праект у Беларусі. Райвыканкам не бачыць магчымасці для аднаўлення сядзібы сваімі сіламі. Таму пабудовы комплексу канца XVIII стагоддзя намагаюцца распрадаць праз аўкцыёны. Зараз на продаж выстаўлены ўсе аб’екты сядзібы, а кошт аднаго з будынкаў ужо зніжаны на 80%. Раней прадавалася і вяндлярня, але з-за праекта яе знялі з таргоў. Яе аднаўленне — гэта адзін са спосабаў прыцягнуць інвестара, сказалі на сустрэчы прадстаўнікі ўладаў.

Чытайце таксама: Самое крупное имение ВКЛ, дворец Хрептовичей в Щорсах, выставили на продажу. Повторно

Наконт рэалізацыі праекта ў выканкама таксама сваё бачанне, распавяла Ганна. Кулінарны фестываль хочуць правесці каля клуба (планавалася каля вяндлярні, каб прэзентаваць яе), да яго правядзення прыцягнуць спецыялістаў з Моталя Брэсцкай вобласці, а валанцёраў размясціць у Навагрудку, за 24 км ад сядзібы.

«Для мяне відавочна, што галоўная задача для іх цяпер — атрымаць грошы», — мяркуе Ганна.

«Бачу, як усё сыходзіць у нябыт»

«Пакуль мы ў падвешаным стане. Мы не ведаем, якой у нас будзе статус праз дзень-два, тыдзень, месяц. Мы не ведаем, як павядзе сябе выканкам», — тлумачыць кіраўніца фонду «Шчорсы і Храптовічы».

«Мы другі год не можам праводзіць летнікі, штосьці рабіць. Калі як краязнаўца праводжу там экскурсіі, бачу, наколькі ўсё зарастае і сыходзіць у нябыт — сэрца крывёй абліваецца. Такая колькасць людзей прыязджала, і працавалі выключна па парыве душы, жылі ў сельскім доме па 20 чалавек, без магчымасці нармальна памыцца, спалі на падлозе, шчыравалі, як коні», — распавядае Ганна Булда.

У 2019 годзе, праўда, дапамог райвыканкам: прывезлі пару скрынь памідораў, скрыню агуркоў, мех бульбы і мех буракоў - на шэсць тыдняў на 20 чалавек.

Першапачаткова фонд вырашыў сам з праекта не выходзіць. «Так ці інакш, праходзіць усе, і гэта калі-небудзь таксама пройдзе. Губляць рэпутацыю зараз нам недарэчна. Калі толькі нас гвалтоўным чынам выведуць за кошт рашэнняў з боку ўладаў - тады мы будзем вымушаныя прыняць і падпарадкавацца».

Чытайце таксама: