нерухомасць у Гродне

Рэдакцыя Hrodna. life 22 верасня атрымала пастанову ад Пракуратуры Гродзенскай вобласці. У ёй паведамляецца пра блакаванне сайта Hrodna. life і «аб абмежаванні доступу да яго суполак, уключыўшы ідэнтыфікатар дадзенага інтэрнэт-рэсурсу ў спіс абмежаванага доступу».

Улады вырашылі заблакаваць сайт Hrodna.life
Пастанова аб блакаванні сайта

Пастанова пракуратуры за подпісам выканаўцы абавязкаў пракурора Гродзенскай вобласці Эдуарда Бурака датуецца 16-м верасня. Прычынамі блакавання сайта ўлады называюць:

  • «Асобныя артыкулы, якія суправаждаюцца відэаматэрыяламі, што негатыўна характэрызуюць пасля сканчэння выбарчай кампаніі грамадска-палітычную сітуацыю Беларусі і дыскрэдытуюць дзейнасць дзяржаўных праваахоўных органаў».
  • Прыцягненне рэдактараў «Гродна Лайф Медыя» Аляксея Шоты і Ірыны Новік да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
  • Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкага характару, распаўсюд якой забаронены заканадаўствам, і далейшае размяшчэнне якой можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі. Згодна з гэтым сеткавае выданне падлягае ўключэнню ў спіс абмежаванага доступу.

«Наш сайт не першы і не апошні рэсурс, заблакаваны ўладамі за год пасля выбараў. Гэта было не пытаннем парушэнняў ці іх адсутнасці, а толькі пытаннем часу. Спачатку разграмілі вялікія парталы. Зараз чарга дайшла да лакальных медыя. Мы былі гатовыя да такога павароту падзеяў. Ужо прааналізаваны досвед калегаў, прадуманы далейшыя дзеянні. Таму не развітваемся з нашымі чытачамі. Будзем працаваць далей і інфармаваць пра самыя важныя падзеі ў Гродне», — пракаментавала падзею рэдактарка спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік.