На вуліцы Маставой у Гродне завяршаецца ўсталёўка скульптур-літар, якія разам утвараюць слова «МОВА». Гэта пяты з серыі такіх арт-аб'ектаў, што дзякуючы кампаніі А1 і праекту «Веліч роднай мовы» з’явяцца ў шасці найбуйнейшых гарадах Беларусі.
Галоўная адметнасць кожнай з арт-інсталяцый — у колерах, якія адмыслова падбіраліся так, каб паказаць праз іх гістарычныя і прыродныя асаблівасці ўсіх рэгіёнаў краіны. Для Гродна гэта жоўты, чырвона-фіялетавы, сіні, чырвоны і чорны. Дынаміка і яскравасць такой гамы тлумачацца сучасным іміджам рэгіёна — памежнага, актыўнага і жывога. Спалучэнне гэтых колераў таксама адсылае да даследаванняў і рэканструкцый народных строяў Гродзеншчыны, зробленых знаным беларускім этнографам і мастацтвазнаўцам Міхасём Раманюком.

«Кампанія А1 працягвае падтрымліваць праекты, звязаныя з беларускай мовай і нацыянальнай культурай. Сёлета для гэтага мы спалучаем тэхналогіі з сучасным мастацтвам і вельмі рады, што праз арт-аб'екты „МОВА“ можам нагадаць жыхарам Беларусі пра тое адметнае і асаблівае, што ёсць у кожным рэгіёне краіны і звязвае ўсіх нас», — адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.


У хуткім часе побач з інсталяцыяй таксама плануецца стварыць сетку бясплатнага Wi-Fi ад А1.
«З пачуццём вялікай адказнасці, а таму і хвалявання, мы пачыналі гэты праект. А падчас яго рэалізацыі выявілі магутную яднальную сілу — шчырае, трапяткое стаўленне і павагу да роднай мовы. Гэта вельмі натхняе. Для нас кожны з арт-аб'ектаў увасабляе не толькі колеравыя асаблівасці рэгіёнаў, але і адценні гэтых светлых адчуванняў. На кожным этапе мы сустракалі непадробную цікаўнасць і спрыянне ўсіх, хто быў уключаны ў працэсы распрацоўкі, узгадненняў і ажыццяўлення арт-аб'ектаў „МОВА“. Мы ўдзячныя ўладам горада Гродна за садзейнічанне і ўпэўненасць у патрэбе развіцця падобных сацыяльных праектаў», — пракаментаваў ініцыятар праекта «Веліч роднай мовы» Захар Дудзінскі.

Арт-аб'екты «МОВА» ўжо ўсталяваныя на вуліцы Кірава ў Гомелі, набярэжнай Францыска Скарыны ў Брэсце, Траецкай набярэжнай у Магілёве і перад мостам 1000-годдзя Віцебска. Яшчэ адна інсталяцыя з’явіцца ў Мінску. Па задуме аўтара, вядомага беларускага скульптара Паўла Вайніцкага, ідэя праекта грунтуецца на працах Міхася Раманюка, а таксама на канцэпцыі дызайнера, мастака і паэта Міхала Анемпадыстава, апісанай ім у кнізе «Колер Беларусі».

Чытайце таксама: