На базе «Авіякампаніі Гродна» можа быць створаны лаўкост, які прапануе недарагія авіярэйсы з Беларусі. Пра гэта ў эфіры праграмы «Неделя» на СТВ распавёў міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка, паведамляе карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны». Чым валодае аэрапорт Гродна?

— Мы задумаліся аб стварэнні другой беларускай кампаніі (першая — «Белавія». — рэд.), больш бюджэтнай, для развіцця канкурэнцыі і перавозак пасажыраў, — расказаў кіраўнік Мінтранса.

Аўраменка звярнуў увагу на тое, што ў Гродне дзейнічае бязвіз, таму загрузка пасажыраў можа ажыццяўляцца непасрэдна ў абласным цэнтры. Паводле яго слоў, такая схема будзе цікавая мясцовым уладам.

Міжнародны аэрапорт Гродна размешчаны 18 км на паўднёва-ўсход ад абласнога цэнтра, побач з аграгарадком Абухава. «Авіякампанія Гродна» базуецца непасрэдна ў аэрапорце. Сёння ў яе парку 16 паветраных суднаў. Але гэта не ёмістыя «Боінгі» і нават не самалёты сярэдняга класа «Эмбраер». Кампанія займаецца грузавымі перавозкамі па ўнутраных і міжнародных авіялініях, а працуюць у ёй самалёты Ан-30, Ан-32, тры Ан-12 і адзінаццаць Ан-2.

Да прыкладу, Ан-30 прызначаны для паветранага назірання і аэрафотаздымкі. Самалёт можа перавозіць 5 т грузу альбо 12 пасажыраў і 3,8 т багажу.

Ан-30

Ан-12 — транспартны самалёт, здольны перавозіць да 21 т грузу (ваенны варыянт — 90 салдат або 60 парашутыстаў).

Ан-12

Ан-32 — яшчэ адзін транспартны самалёт, здольны перавозіць амаль 7 т грузу (ваенны варыянт — 50 салдат або 42 дэсантнікі).

Ан-32

Акрамя грузавых перавозак кампанія выконвае паветраную здымку і аэрафотаздымку, аглядныя палёты над Аўгустоўскім каналам, Гроднам і яго наваколлем, замкамі ў Лідзе, Навагрудку, Міры і Нясвіжы. Можа выконваць трансферныя рэйсы ў Нацыянальны аэрапорт Мінск (агульны час палёту 2 гадзіны 10 хвілін).

Гродзенская авіякампанія выконвае таксама авіяцыйна-хімічныя работы, прапануе паслугі па дэсантаванні парашутыстаў, лазернага сканавання і сканавання ў ІЧ-спектры.

— Каб выконваць міжнародныя пасажырскія перавозкі, кампанію спатрэбіцца сур’ёзна перааснасціць, — кажуць яе прадстаўнікі.

Нагадаем, паветраны флот «Белавія» цяпер налічвае 28 самалётаў: дзевяць Boeing 737−800 (на 189 месцаў), чатыры Boeing 737−500 (на 132 месцы), чатыры Boeing 737−300 (на 149 месцаў), сем Embraer 195 (на 107 месцаў) і чатыры Embraer 175 (да 88 месцаў).