Адкуль у Гродне не атрымаецца сысці, нічога не сфатаграфаваўшы? Нагадваем пра самыя прыгожыя месцы для вясновых шпацыраў, якія падабаюцца ўсім. Праверана мясцовымі і турыстамі.

Кола агляду ў парку імя Жылібера

Нарэшце з’явілася магчымасць літаральна ў любы час зірнуць на Гродна з вышыні 42 метраў і адкрыць для сябе гэты горад па-новаму. І хоць ахвотных заскочыць у кабінку кола агляду ў парку Жылібера заўжды шмат, бо працуе яно толькі з лютага, усё ж варта дачакацца сваёй чаргі.

кола агляду колесо обозрения 01

Каля дзесяці хвілін у паветры – і не зрабіўшы ні кроку, ты ўжо ўбачыў Каложу, Фарны касцёл, Стары і Новы замкі, пажарную каланчу, масты над Нёманам ды нават ускраіны і ваколіцы Гродна. У добрае надвор’е відаць да 20-25 кіламетраў у любы бок – дзякуючы шклу ў кабінках, агляд адтуль 360 градусаў.

кола агляду колесо обозрения ноччу

Не менш эфектныя фота можна зрабіць і ўвечары, калі ўключаецца ілюмінацыя на коле агляду. За паўгадзіны каляровы малюнак на ім змяняецца 60 разоў.

«Лесвіца кахання»

У горадзе князёў і каралёў нельга не сфатаграфавацца на фоне замкаў. Блізка да Старога пакуль не падысці, бо яшчэ цягнецца рэстаўрацыя, але можна прайсціся па «Лесвіцы кахання» паміж Старым і Новым замкамі – адтуль у любую пару года адкрываецца ашаламляльны від на Нёман.

лестница любви лесвица кахання 2

лестница любви лесвица кахання 2

Калі фатаграфаваць з боку набярэжнай, панараму перакрываюць будаўнічыя агароджы, але нават такі здымак ужо праз некалькі гадоў будзе лічыцца важным дакументам – маўляў, вось як узнаўлялі гісторыю Гродна.

Каложа

Гэта месца нельга абмінуць ні мясцовым жыхарам, ні гасцям з іншых гарадоў. Барысаглебская царква – адзін з найстаражытнейшых праваслаўных храмаў, што ўвогуле дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі, і ўнікальны помнік архітэктуры XII стагоддзя. Што здалёк, што зблізу – жывапісныя кадры.

коложа каложа

Царква стаіць на самым краі высокага берага над Нёманам. Падняцца туды можна па стромкіх каменных прыступках. І на свае вочы ўбачыць векавыя сцены, упрыгожаныя ўстаўкамі з вялікіх паліраваных валуноў і шматкаляровых маёлікавых пліт у форме крыжоў. Акрамя таго, побач знаходзіцца вялікі зацішны парк, дзе заўсёды можна схавацца ад штодзённай мітусні.

Гродзенскі драматычны тэатр

Яшчэ 36 гадоў таму будынак драмтэатра на вуліцы Маставой жыхары Гродна называлі футурыстычнай каракаціцай і былі супраць яго блізкага суседства з Фарным касцёлам. Сёння ж гэта ўжо адзін з улюбленых і пазнавальных сімвалаў горада, выява якога сустракаецца літаральна на ўсіх паштоўках ці сувенірах.

гродно 891 драмтеатр драмтэатр

Фотасесія каля драмтэатра – гэта тры ў адным: хочаш – вось у цябе ў кадры незвычайны будынак у выглядзе перакуленай кароны, хочаш – яшчэ і з панарамай Савецкай плошчы, а хочаш – з відам на Нёман. Адсюль заўжды можна знайсці цікавы ракурс на горад.

Вуліца Маставая

Неўзабаве тут з’явіцца яшчэ адзін прыцягальны аб’ект для аматараў арыгінальных фота – насупраць драмтэатра ўсталююць некалькі інтэрактыўных скульптур, якія разам утвараюць слова «МОВА».

Кожная літара – гэта фактычна вулічная мэбля з дрэва і металу, на якой можна зручна размясціцца. Колеры для яе – жоўты, розныя адценні сіняга, чырвоны і чорны – падбіраліся так, каб паказаць праз іх культурныя і прыродныя адметнасці Гродзеншчыны. Яе багатае мінулае ды сучасны імідж памежнага, актыўнага і жывога рэгіёна краіны паўплывалі на дынаміку і яскравасць выбранага спалучэння.

Мова1 А1 Гродно

Арт-інсталяцыя – частка новага праекта кампаніі А1 і ініцыятывы «Веліч роднай мовы», ідэя якога грунтуецца на канцэпцыі нацыянальных колеравых упадабаннях Міхала Анемпадыстава, апісанай ім у кнізе «Колер Беларусі», а таксама рэканструкцыях народных строяў этнографа Міхаіла Раманюка. Скульптуры з’явяцца на вуліцы Маставой да канца вясны.

Задай пытанне, дашлі заўвагу або прапануй тэму