30-ы Фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча» будзе апошнім зарганізаваным Беларускім Aб’яднаннем Cтудэнтаў, паведаміла ад імя арганізацыі Лідзія Пякарская, член Галоўнай управы БАС.
Члены БАСу, пасля многіх кансультацыяў з сябрамі фестывалю з большым досведам, вырашылі, што ў 2019-м зарганізуюць апошні выпуск Басовішча. Прычына ў складанай фінансавай сітуацыі і праз гэта немагчымасці правесці мерапрыемства на высокім узроўні.
— Гэта не было лёгкае рашэнне — кажа Лідзія Пякарская, — Але трэба адвагі прызнацца самому сабе, што так будзе найлепш.
Усе члены Аб’яднання сардэчна дзякуюць за падтрымку на працягу 30 гадоў. Дзякуем усім папярэднім басаўцам, выступоўцам, журы Конкурсу маладых гуртоў, якія дапамаглі знайсці зоркі беларускай сцэны. Дзякуем усім, хто прыязджаў на «Басовішча».
Сёлета будзе апошні выпуск фестывалю арганізаваны БАСам. — Чакаем аднак, што прынясе будучыня — дадае Лідзія Пякарская.
Юбілейнае «Басовішча» пачало прыём заявак на візы. Будуць Dzieciuki, Naviband і Вольскі
Арганізатары фестывалю просяць дапамагчы праз краўдфандынг годна правесці апошні, юбілейны Фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча». Ён адбудзецца 19−20 ліпеня ў Гарадку, паміж Беластокам і памежным пунктам пропуску «Баброўнікі-Бераставіца».
Беларускае Аб’яднанне Студэнтаў - арганізацыя, якая дзейнічае з 1981 года і аб’ядноўвае студэнтаў беларускай меншасці ў Польшчы.