Гродзенскія валанцёры паведамляюць аб чарговым выпадку жорсткага абыходжання з жывёламі ў мікрараёне Альшанка. 19 мая яны перадалі ў ветэрынарную клініку сабаку з пашкоджанай галавой.

Асцярожна, ніжэй у тэксце жорсткае фота!

Відавочцы распавялі, што пацярпелы сабака прыйшоў каля 11:10 да крамы «Капеечка» ў Альшанцы. Там жа яна была заўважаная і днямі раней, толькі без пашкоджанняў.

Старшыня зоаабарончай арганізацыі «Адданае сэрца» Алена Шыманіца паведаміла Hrodna.life, што валанцёры дапамаглі сабаку і завезлі яго ў ветэрынарную клініку. Жывёла зараз знаходзіцца пад наглядам лекараў.

«Што адбылося невядома, хтосьці, магчыма сякерай або лапатай, даў сабаку па галаве, — распавядае Алена. — Жывёла цяпер у клініцы на аперацыі, ветэрынары глядзяць ці пашкоджаны чэрап. Будзем лячыць сабаку, а пасля шукаць дом. Чаму так паступіў хтосьці, нам незразумела».

Ударылі сякерай або лапатай: у Альшанцы зноў жорсткае абыходжанне з жывёламі

У Альшанцы з пачатку года зафіксавана некалькі выпадкаў жорсткага абыходжання з жывёламі. Самая гучная гісторыя — пра шчанюка з паламанай нагой, якога пакінулі ў мароз прывязаным у полі.

«Ва ўсіх раёнах горада бываюць выпадкі жорсткасці, проста ў Альшанцы людзі, наадварот, не праходзяць міма, таму і інфармаванасць лепш. Хоць і раён не ідэал. Там шмат у каго сабакі, і людзі шкадуюць жывёл. А вось у старых раёнах горада жывуць вечна незадаволеныя людзі, якія крычаць, што ім перашкаджаюць жыць такія самыя жывёліны», — дадала Алена.

За жорсткае абыходжанне з жывёламі ў Беларусі могуць распачаць крымінальную справу па ч.1 арт.339−1 Крымінальнага кодэкса «Жорсткае абыходжанне з жывёлай». Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае грамадскія работы, штраф, папраўчыя работы на тэрмін да аднаго года або арышт.

У пачатку 2019 года суд Кастрычніцкага раёна Гродна вынес прыгавор 36-гадоваму мужчыну, які жорстка забіў ката. Абвінавачанаму прысудзілі два месяцы арышту. У Гродне гэта быў першы выпадак, калі чалавека пазбавілі волі за падобныя дзеянні.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life