Калі кажуць пра знакамітых музыкаў ХХ стагоддзя, што родам з Гродна ці Гродзеншчыны, то ў першую чаргу называюць Чэслава Немэна. Гэта заслужана, бо ён займаўся рэдкім у нашым рэгіёне спалучэннем прог-року, псіхадэлікі і блюзу. У той жа час амаль ніхто не ўзгадае сёння Веславу Драецку (у дзявоцтве — Дунай). Яна не стала суперзоркай, як Немэн, але свой след у папулярнай музыцы паваенных часоў пакінула.

Пра спявачку напісаў гістарычны канал Hrodna 11:27. Мы пашырылі і дапоўнілі гэты тэкст.

Веслава Драецка. Фота: gazetawroclawska.pl
Веслава Драецка. Фота: gazetawroclawska.pl

У СССР у 1960−70-я гады Драецку успрымалі часта зоркай не меншай за Анну Герман. Тым больш, абедзве спявачкі былі добра знаёмыя, разам выступалі, жылі пасля вайны ў адным горадзе — Вроцлаве. Ды і абедзве добра ведалі расійскую мову.

Вывезлі ў Сібір наўпрост з дзіцячага летніка

Драецка нарадзілася ў Гродне 27 кастрычніка 1930 года. Калі ёй было 9 гадоў ужо ішла Другая сусветная вайна і яна патрапіла ў Сібір. Іх — дзяцей — вывезлі наўпрост з дзіцячага лагера на беразе возера на Віленшчыне. Лагер быў узнагародай для выдатнікаў у школе.

У Сібіры дзяўчынка ў 1940-м годзе трапіла ў дзіцячы дом. Яе бацька ў той момант быў ужо ў войску, маму таксама вывезлі, але ў іншае месца — і яна ссылкі не перажыла. Агулам разам з Драецкай тады вывезлі 11 дзяўчат. Толькі 5 з іх пасля вайны здолелі адшукаць бацькоў. Будучай спявачцы пашанцавала — пасля вайны ў Гродне яе чакаў тата.

У інтэрв'ю ў 2013 годзе Драецка расказала, што ўжо вельмі фрагментарна памятае час праведзены ў дзіцячым доме. Яна ўзгадвала тыповы рытм жыцця: зімой — навучанне, летам — адпачынак. Узгадвала цэлыя палі суніц, спагаду і дабрыню мясцовых жыхароў.

Менавіта ў дзіцячым доме ў Сібіры малая Веслава ўпершыню заспявала на сцэне. Гэта быў выступ для афіцэраў савецкай авіяцыі. Дзяўчынка заспявала зусім свежую тады ваенную песню «Огонек», а яшчэ затанцавала. За выступ дзеці атрымалі цукеркі, пернікі, арэхі - неверагодныя для часоў вайны ласункі. Асабліва калі ўлічыць, што ў дзіцячым доме нават гарбаты звычайна не было — толькі вада, а хлеб быў, па ўспамінах Драецкай, жахлівай якасці.

Да бацькі ў Гродна дзяўчынка вярталася цягніком тры месяцы. Момант, калі ён узяў яе на рукі пасля некалькіх гадоў расстання, Драецка называла найлепшым у жыцці.

Вучылася на стаматолага, але не пабаялася выйсці на сцэну

Хутка, ужо ў 1945 годзе, Веслава пераехала ў Польшчу, у Вроцлаў. Неўзабаве надыйшоў час выбіраць далейшы шлях — і яна паступіла ў Познань на стаматолага. У студэнцкім інтэрнаце яна часта спявала — і сяброўкі, якім гэта вельмі падабалася, часта прасілі заспяваць яшчэ і яшчэ. Відаць таму ў 1959 годзе, на трэцім курсе, Веслава вырашыла паўдзельнічаць у конкурсе Польскага Радыё ў Познані. Там, атрымаўшы прыхільныя водгукі ад суперзоркі тых часоў Мечыслава Фога, яна зразумела, што хоча звязаць жыццё з музыкай.

Дзяўчына здала экзамен на эстрадную спявачку (трэба было выдатна заспяваць пяць песен) і пазней шмат гадоў спявала з аркестрам Познаньскага радыё. З ёй жа запісала больш за 200 песень. Тады ж яна ўпершыню выйшла замуж і ўзяла прозвішча Драецка, пад якім стала знакамітай і якога ўжо не змяняла, хоць потым разводзілася двойчы.

Чытайце таксама: Музыкі з Гродна атрымалі гран-пры міжнароднага конкурса джазу

Спявала ў Лужніках перад 30 000 слухачоў

У 1961 яна атрымала дзве ўзнагароды на Першым міжнародным фестывалі ў Сопаце. Пасля гэтага пачалася імклівая кар’ера: канцэрты ў Берліне (савецкім, вядома), Югаславіі, але найбольш — у СССР, літаральна ад Брэста да Новасібірска. Там яна спявала па-польску і па-руску, бо рускую мову выдатна вывучыла ў часы дзіцячага дома. У маскоўскіх «Лужніках» Драецка збірала пад 30 тыс. чалавек! Паміж трасамі запісвала ў Маскве адну кружэлку за другой.

Савецкая афіша аднаго з канцэртаў Веславы Драецкай. Фота: gazetawroclawska.pl
Савецкая афіша аднаго з канцэртаў Веславы Драецкай. Фота: gazetawroclawska.pl

Аднойчы ў Крамлёўскім палацы з’ездаў яна выступала як адзіная полька. Але заўсёды мусіла выступаць перадапошняй, каб апошнім быў нехта з СССР — і каб ён сабраў найбольшыя авацыі.

Веслава Драецка. Фота: commons.wikimedia.org
Веслава Драецка. Фота: commons.wikimedia.org

Іншым разам, выступаючы ў Ташкенце, наўпрост падчас спеву на сцэне Драецка перажыла землятрус. І яна, і слухачы толькі і глядзелі на столь, спадзяючыся, што яна не абваліцца і не пахавае іх на руінах канцэртнай залы. Пасля канцэрту яна атрымала столькі кветак, што ўся ванна ў здымнай кватэры была імі запоўненая. У Ерэване яе наогул засыпалі кветкамі, калі кругамі вазілі па стадыёне на кабрыялеце. У Польшчы Драецка ніколі не мела такой славы.

Жыццё не было шчаслівым, слава прамінула

У інтэрв'ю 2013 года Драецка ўзгадвала, што з часоў славы ў яе амаль не засталося здымкаў, уласных кружэлак ды і асаблівых грошай. Яна нават не ведае, колькі дакладна песен і альбомаў запісала за ўвесь час.

Асабістае жыццё Драецкай было не надта шчаслівым. Першы муж, якога прозвішча яна ўзяла і захавала, здрадзіў ёй з яе сяброўкай, пакуль Веслава ляжала ў шпіталі. Другі - армянін Жан Татр’ян — быў спеваком і кампазітарам. Яна пазнаёміліся ў 70-х і разад давалі канцэрты. Але ўжо праз паць гадоў ён паехаў будаваць кар’еру ў Парыж — і прыслаў адтуль паперы на развод. Адзіная дачка Драецкай памерла ад раку ў 35 год. Унучка спявачкі жыве ў Лондане, музычны талент бабулі ў спадчыну, як казала сама Драецка, не перадаўся.

Двойчы кватэру Драецкай у Вроцлаве рабавалі. Аднойчы — наўпрост у час фестывалю ў Аполі. Злодзеі ведалі, што спявачка ў гэты момант выступае за 100 км ад дому, і вынеслі літаральна ўсё, што маглі.

Веслава Драецка: забытая зорка родам з Гродна, якая збірала залы ад Брэста да Новасібірска
Кружэлка Драецкай, запісаная ў СССР

У 1980-я Веслава Драецка вырашыла скончыць кар’еру. Яна ўжо мела пенсію, а пастаянныя гастролі пачалі яе стамляць. Колькі ўсяго трэкаў і альбомаў яна запісала, колькі канцэртаў з аркестрамі Польскага Радыё ці Маскоўскага Тэлебачання дала — не магла ўзгадаць нават сама.

У 2013 годзе яна атрымала ўзнагароду «Gloria Artis» за заслугі для польскай культуры.

Веслава Драецка ў 2013 г. Фота: gazetawroclawska.pl
Веслава Драецка ў 2013 г. Фота: gazetawroclawska.pl

«У мяне быў у жыцці поспех. Калі я станавілася на сцэне, свет нібы затрымліваўся, найпрыгажэйшай была цішыня, калі ўзыходзіла на сцэну. Дырыжор падаваў мне руку, я здымала акуляры і чуваць было буру апладысментаў. Я спявала ўсім сэрцам. Гэты былі прыгожыя дні», — казала ў 2014 годзе 84-гадовая спявачка.

Свае 90-годдзе Драецка сустрэла 27 кастрычніка 2020 у вроцлаўскім доме сацыяльнай дапамогі для састарэлых, які некалькі гадоў раней вырашыў узяць пад апеку самотную сталую жанчыну. Аматары яе творчасці не забыліся павіншаваць яе па тэлефоне.