Гродзенец Яўген Кіслы прыняў удзел у расійскім музычным шоў «Привет, Андрей». Там ён выканаў песню «Птица счастья». Запіс праграмы, прысвечанай песням пра птушак, апублікавалі 2 снежня 2023 года. Фрагмент свайго выступу гродзенец апублікаваў на сваёй старонцы ў Instagram.

Гродзенец паехаў на расійскае шоў: заспяваць савецкую песню і падарыць Малахаву сала
Гродзенец Яўген Кіслы падчас выступу. Скрыншот праграмы «Привет, Андрей».

«Калі мне патэлефанавала рэдактар праграмы і запрасіла паўдзельнічаць, падумаў, што гэта нейкі розыгрыш. Апынулася, што рэдактары звярнулі ўвагу на мой выступ у сацыяльных сетках. Выкананне песні ім спадабалася. І вось так я патрапіў у гэты дзіўны свет тэлебачання», — сказаў Яўген Кіслы выданню Newgrodno.by.

Падчас выканання Яўгенам песні гледачы ўсталі са сваіх месцаў - пачалі танчыць і падпяваць. «Перадаць такі настрой можа толькі шчаслівы чалавек», — сказаў тэлевядоўца Андрэй Малахаў. Яму гродзенец падарыў кавалак хатняга сала.

Чытайце таксама: «Вольга, давай завядзем дзяцей!». Фатограф з Гродна трапіў на шоу да Бузавай

Чым Кіслы займаецца ў штодзённым жыцці

Яўгену Кісламу 29 гадоў. Ён піша і выконвае ўласныя песні. Таксама ён кіраўнік народнага ансамбля песні «Нёман» Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры.

«Калісьці музыка была простым хобі. Я тады не мог уявіць, што праз 15 гадоў усё так разгарнецца і закруціцца. А сёння музыка — гэта частка мяне. Яна дарыць мне натхненне, зараджае настроем і дазваляе развівацца і рухацца да ўсё новых вяршыняў, якія калісьці падаваліся недасяжнымі», — сказаў Кіслы.