Журналіст Аляксандр Чарнуха на сваім YouTube канале «Міністэрства сепультуры» расказаў пра гродзенскі гурт WOE UNTO ME. Журналіст зрабіў агляд на пяць гуртоў, якім бы «пазайздросцілі на Захадзе». У пяцёрку Чарнуха ўнёс і гродзенцаў Woe Unto Me.

Гродзенскія металісты патрапілі ў ТОП-5 гуртoў, якім бы “пазайздросцілі на Захадзе”
Гурт Woe Unto Me. Скрыншот з відэа «Міністэрства сепультуры».

«Гурт існуе ўжо 16 год. І за гэты час музыкі запісалі тры поўнафарматныя альбомы. У гэтым годзе як раз выйшаў трэці, з лаканічнай назвай, якую я нават не вазьмуся вымавіць», — сказаў журналіст.

Гурт Woe Unto Me існуе з 2008 года. Першыя тры гады яго ўдзельнікі працавалі над матэрыялам для дэбютнага альбома, а таксама шукалі музыкаў, каб сфармаваць поўны склад. У 2014 годзе гурт выдаў першы альбом «A Step Into The Waters Of Forgetfulness». Другі альбом, які музыкі запісалі ў Польшчы ў 2017, называецца «Among The Lightened Skies The Voidness Flashed». Трэці альбом музыкі апублікавалі ў сакавіку 2023 года. Ён выйшаў на лос-анджэлескім лэйбле M-Theory.

У альбом «Along the Meandering Ordeals, Reshape the Pivot of Harmony» увайшлі пяць кампазіцый, кожная — прыкладна па 12 хвілін. «Класічная гісторыя для дума. Але пры гэтым матэрыял вельмі разнастайны: тут вам і манатонны, пануры пахавальны дум, і меладычныя ўстаўкі з чыстым вакалам, якія ўжо не пра дум, а пра пост-метал, а месцамі Woe Unto Me можна нават пераблытаць з сучаснымі запісамі Behemoth!».

Паводле журналіста, матэрыял у гурта вельмі дасканала прапрацаваны і небанальны. Гучанне песень шчыльнае і якаснае. А песні з альбома часам нагадваюць рознакаляровую мазаіку, але колеры ў ёй самыя змрочныя. «Нейкім чынам яны не развальваюцца на дробныя кавалкі, а наадварот складаюцца ў манументальныя кампазіцыі».

Чытайце таксама: Rammstein і коцікі. Два браты, два айцішнікі і чыгуначнік адыграюць у Гродне трыб’ют улюбёнага гурта