нерухомасць у Гродне

Аркестр «Art College Band» з Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў стаў найлепшым на міжнародным конкурсе джазавай і эстраднай музыкі «JAZZ-TIME 2021». Конкурс прайшоў 16 траўня ў Салігорску.

Музыкі з Гродна атрымалі гран-пры міжнароднага конкурса джазу
Art College Band. Фота: artcollege. by

У конкурсе прымалі ўдзел каля 400 музыкаў, педагогаў, кіраўнікоў джазавых калектываў з Беларусі. Пераможцы — «Art College Band» — атрымалі ў падарунак лічбавы раяль Casio.

Конкурс «JAZZ-TIME» арганізуюць раз на два гады. У ім прымаюць удзел музыкі з краін бліжэйшага замежжа, перадусім Расіі і Украіны. З-за пандэміі «COVID-19» конкурс у 2020 годзе адмянілі, а сёлета ў ім удзельнічалі толькі беларусы. На папярэднім конкурсе, у 2018-м, гродзенскі аркестр заняў другое месца.

«У джазавым накірунку гэта самы лепшы і самы раскручаны конкурс у рэспубліцы. Тут вельмі высокая канкурэнцыя. З-за таго, што конкурс праводзяць раз на два гады, не ўсе маюць магчымасць патрапіць. Я вёз аркестр для ўдзелу і матывацыі. Спадзяванняў на ўзнагародны не было. Тое, што мы атрымалі гран-пры, поўная нечаканасць», — распавёў Hrodna.life кіраўнік аркестра Сяргей Санец.

Калектыў «Art College Band» Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў існуе з 1997 года, на аснове дысцыпліны «Аркестравы клас». Сярод удзельнікаў аркестра не толькі студэнты, але і педагогі. Апошнія восем гадоў аркестрам кіруе выкладчык Сяргей Санец.

Акрамя гран-пры студэнты каледжа занялі першае і трэцяе месца ў намінацыі «Саліст-інструменталіст».

У пятніцу 21 траўня аркестр можна будзе пачуць у канцэртнай зале Гродзенскага каледжа мастацтваў (БЛК, 23). Там адбудзецца трыб’ют-канцэрт амерыканскага джазавага піаніста, 35-разовага ўладальніка «Грэммі» — Чык Корыа. Пачатак у 19:00.

Музыкі з Гродна атрымалі гран-пры міжнароднага конкурса джазу