У вялікай белай зале цемра. Святло толькі ў колах ад пражэктараў. Мікрафон, некалькі крэслаў, гітары і мікшэры — нічога не адцягвае ўвагу ад творчасці і музыкі. Так працуе свабодная музычная прастора Gimme Danger.

Гэта прастора, дзе кожны можа выступіць са сваімі песнямі. Яна пасуе пачынаючым артыстам, якія толькі выходзяць на публіку. Сёння са сваімі песнямі выступаюць студэнтка Дыяна Аплевіч і дуэт The Chain. Сустрэчы праходзяць штосерады, а пляцоўка месціцца ў корпусе фізтэха ГрДУ. Працуе з 6 лютага.

Як у кліпах Nirvana

Тут існуюць пэўныя правілы. Музычны сэт пачынаецца роўна ў 20:00 без спазнення і доўжыцца 20 хвілін. Музыкант выконвае ўласныя песні і ніякіх кавераў. Музыкант сядзіць у крузе святла, публіка стаіць вакол яго у паўзмроку. Фота- і відэаздымка расцэньваецца як адсутнасць густу. Для гледачоў уваход бясплатны. Зараз вечары збіраюць дзясяткі два людзей, але пакуль многа і не трэба, лічаць стваральнікі. Музыкантам трэба сыграцца і асмялець.

— Будзем рабіць такія кароткія live session па дзве-тры песні з запрошанымі музыкамі. А публіка будзе стаяць па крузе. Як у кліпах Nirvana. І камера па крузе. Другая зверху. Будзе крута! — упэўнены стваральнік Георгій Войтка.

Праект некамерцыйны

Ініцыятары і, як яны сябе называюць, рэзідэнты рок-клуба — Георгій Войтка і Вольга Кваснеўская. Георгій кіруе аматарскім тэатрам «7 Студыя» на базе Фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ. Зараз з Вольгай яны стварылі гурт The Chain і ўжо напісалі 30 песень. У планах — альбомы і першы канцэрт. А пра музычную прастору мы размаўлялі яшчэ летам. Цяпер усё здзейснілася.

У Гродне стварылі рок-клуб “Gimme Danger”. На базе ўніверсітэта

— Любая творчая дзейнасць звязаная. Тэатр — занятак не для ўсіх. Музыка заўсёды цікавей, прынамсі, для большасці маладых людзей. Таму мы хочам асобна вылучыць з тэатральнага яшчэ музычны і харэграфічны напрамак. Каб у гэтым быў рост, — кажа Георгій.

У Гродне стварылі рок-клуб “Gimme Danger”. На базе ўніверсітэта
Гурт The Chain
Праект некамерцыйны і Георгій робіць яго з уласных сродкаў. Ужо набылі мікрафон і мікшэры. У будучым плануюцца бубны, клавішы, гітарныя ўзмацняльнікі. Абсталяванне з’явіцца паступова. Часткова Георгій купіць яго за свае грошы, часткова будзе шукаць фінансаванне. Магчыма, праз краўдфандынг. Залу можна будзе выкарыстоўваць як рэпетыцыйную кропку. Кошты за гадзіну будуць сярэднія на горадзе.

Студэнты — «за»

Георгій кажа, што кропка будзе добрым месцам для пачынаючых і тусовачным месцам. Маладыя музыканты змогуць выступіць сярод прыхільнай публікі і пратэсціць свае песні. У тэатральнай супольнасці яго ідэю падзяляюць. Такія вечарыны ладзілі і раней, але нерэгулярна.

Арганізуе такую прастору Георгій не для грошай, а для душы. «Калі глядзець тактычна, гэта, канешне, не выгадна. Я б і тэатрам не займаўся, калі б падыходзіў да гэтага меркантыльна. Але тады ніхто не зрабіў бы тое, што я раблю. Не было б ні тэатра, ні спектакляў».

У Гродне стварылі рок-клуб “Gimme Danger”. На базе ўніверсітэта

«Гродзенская дзвіжуха адраджаецца»

Георгій кажа, што трэба стварыць творчае асяроддзе, бо толькі ў ім зможа нарадзіцца сапраўдны талент.

— У нас такое цудоўнае месца ў Гродне. Раней было яшчэ цікавей — у другой палове 80-х. І зараз гэта адраджаецца — дзвіжуха ўся творчая. Бо гэтая шэрасць выклікае пачуццё разгубленнасці і млоснасці. Гэта нікога не задавальняе. Людзі да 25 з гэтым мірыцца не будуць. І з’язджаць яны не хочуць. Яны хочуць стварыць вакол сябе цікавую прастору, каб ім было камфортна.

Яшчэ для Георгія рэпкропка — гэта змаганне з «мёртвай» музыкай.

— Дэйв Грол на апошнім «Грэмі» сказаў: рабяты, бярыце гітары, ідзіце ў гараж запісваць альбом, што вы ў камп’ютарах сядзіце. Камп’ютарная музыка — мёртвая. Там нешта ёсць, але гэтага недастаткова, бо энергія застаецца ў табе, не выходзіць.Выхад ствараецца, калі ёсць іншыя музыканты, калі ёсць асяроддзе і ўзаемаабмен энергіяй, сутыкненне з іншымі. Гэта такі сацыяльны рухавік нашага развіцця.

У наступную сераду там выступіць Андрэй «Нортан» Несцяровіч.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life