Юбілейнае «Басовішча» пачало прыём заявак на візы. Будуць Dzieciuki, Naviband і Вольскі

А яшчэ “Крама”, Re1ikt і Znich. Сёлета адбудзецца трыццаты фэстываль «музыкі маладой Беларусі» пад Беластокам. Заяўкі на візы ўжо прымаюць, піша svaboda.org.

Арганізатары музычнага фестывалю «Басовішча», што пройдзе 19–20 ліпеня ў польскім Гарадку (Gródek), паведамілі пра пачатак прыёму заявак на візы. Усім ахвочым прапануюць запоўніць анкету — маладзейшым за 25 гадоў абяцаюць бясплатны «шэнген», а для старэйшых магчымыя зніжкі на візы (умовы пазней агучыць кансулят).

На фэсце ўжо анансаваныя некалькі хэдлайнэраў: беларускія гурты «Крама», Dzieciuki, Naviband, Re1ikt, Volski і Znich, беластоцкі польскамоўны гурт Kreha.

Хто выступіць у конкурснай частцы, стане вядома 24 траўня: у мінскім Berlin Club пройдзе «Адборышча», на якім з васьмі «паўфіналістаў» вызначаць чатыры гурты. Летась пераможцам «Басовішча» стаў гурт SnopSnoŭ, пазалетась— Teleport.

Штогадовы фэст беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі «Басовішча» рэгулярна праводзіцца Беларускім аб’яднаннем студэнтаў на некамэрцыйнай аснове недалёка ад Гарадку на Падляшшы, пачынаючы з 1990 году. У розны час пераможцамі «Басовішча» называліся Akute, :B:N:, IQ48, Mauzer, Naviband, Zet, Znich і іншыя.

Каментары