Скарб, які знайшлі на вуліцы 2-й Працоўнай, яшчэ ў ліпені прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Праўда, узнагароджання будаўнік, які перадаў дзяржаве знаходку, так і не атрымаў. У аблвыканкаме распавялі Hrodna.life, што пытанне з выплатай плануюць вырашыць да канца лістапада.
Скарб знайшоў 14 красавіка 2018 года ў старым будынку на 2-й Працоўнай падчас разборкі даху будаўнік Уладзімір Страковіч. Пад бэлькай у маленькай каробачцы ад тытуню ён выявіў каля 30 залатых манет 18−19 стагоддзяў, звыш 10 розных каштоўных упрыгожванняў - пярсцёнкі і ланцужкі, а таксама каронкі.
Знаходку забралі ў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Там яе ацанілі і прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Знаходку ацанілі амаль у 19,5 тысяч долараў. Па законе ўласніку будынка, дзе была знойдзена знаходка, і таму, хто знайшоў скарб, належыць 50 адсоткаў ад яго кошту.
«Рашэнне падрыхтавана і згодна з названымі ў заканадаўстве тэрмінамі ўзнагароджанне будзе выплачана. Зараз збіраюцца ўсе дакументы. Да канца лістапада ўсё павінна быць выплачана», — адзначыла Аксана Коханава.
Да нядаўняга часу гэты скарб, як і іншыя, знойдзеныя ў Гродне і вобласці за апошнія некалькі дзясяткаў гадоў, можна было ўбачыць на выставе ў Новым замку.