Жыхары, якія жывуць ля беларуска-літоўскай мяжы, паведамілі лідскім памежнікам пра мужчыну, які запускаў дрон. У выніку беларуса затрымалі, паведамляе Дзяржпагранкамітэт.
На месцы здарэння выявілі аўтамабіль Audi і дрон «кустарнай вытворчасці». Да яго ішоў пульт дыстанцыйнага кіравання і сем акумулятарных батарэй. Прадметы канфіскавалі для экспертызы.
У дачыненні да беларуса распачалі адміністрацыйны працэс за парушэнне памежнага рэжыму (ч. 1 арт. 24.19 КаАП). У яго дзеяннях памежнікі ўгледзелі прыкметы парушэнняў правілаў выкарыстання паветранай прасторы (ч. 2 арт. 18.35 КаАП) і незаконных дзеянняў у дачыненні да грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў (ч. 1 арт. 18.38 КаАП).
Мужчыну пагражае штраф у памеры да 100 базавых велічыняў (4,5 тыс. руб.) з канфіскацыяй беспілотніка.
У Беларусі з 28 сакавіка 2024 года фізічным асобам забаранілі ўвозіць, захоўваць, прадаваць беспілотнікі, карыстацца імі і вырабляць іх. Карыстацца дронамі могуць толькі арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі. Астатнія павінны былі альбо паспець прадаць тэхніку, альбо бясплатна перадаць яе ў «Белаэранавігацыю» ці Беларускі Чырвоны Крыж. Таксама дроны збірала праўладная грамадская арганізацыя «Патрыёты Беларусі», каб потым перадаць іх беларускай арміі.
Пры гэтым для моладзевых патрыятычных клубаў дзяржава дроны закупляе, а ва ўніверсітэтах з’яўляюцца спецыяльнасці, звязаныя з беспілотнікамі.
Пракуратура маніторыць маркетплейсы на наяўнасць дронаў, якія могуць прадавацца там як дзіцячыя цацкі. Напрыклад, пракуратура Мінска знайшла на Ozon 366 такіх прапаноў купіць беспілотнік. Дырэктару маркетплейса вынеслі прадстаўленне.
У пракуратуры мяркуюць, што свабодны продаж дронаў «павышае рызыкі выкарыстання авіяцыйнай тэхнікі ў супрацьпраўных мэтах, у тым ліку для парушэння грамадскага парадку і экстрэмісцкай дзейнасці, уключаючы здзяйсненне актаў тэрарызму».
Чытайце таксама: «Пра законную здымку захаду сонца і гаворкі не было». Фатограф параўнаў правілы выкарыстання дронаў у Беларусі і Польшчы



