Дзякуючы прафілактычным аглядам у 11 тыс. беларусаў, якія лічылі сябе здаровымі, знайшлі анкалогію, паведамляе СТВ.
Некаторыя ставяцца да дыспансерызацыі як да фармальнасці, асабліва калі бачных сімптомаў ці рэзкага пагаршэння здароўя не назіраецца. Але менавіта прафілактычныя агляды дазваляюць медыкам выявіць анкалогію на ранніх стадыях.
“Калі ў цябе гэта знаходзяць на ранніх стадыях, і ты потым усведамляеш, што ты б сам гэта даведаўся праз год, але даведаўся б тады, калі гэта вылечыць немагчыма, ты пачынаеш разумець, навошта гэта трэба”, – расказаў старшыня камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Юрый Горбіч.
Пры гэтым у першай палове 2025 года ў Гродзенскай вобласці фіксавалі рост анказахворванняў – ён склаў прыкладна 2% (або 2571 чалавек). Згодна з дакладам Міністэрства аховы здароўя, такая сітуацыя назіралася па ўсёй краіне, а адной з галоўных прычын росту стала тое, што людзі радзей праходзілі абследаванні.
У Гродзенскай вобласці такім раёнам, дзе рак выяўляюць на позніх стадыях, стаў Дзятлаўскі. Там у 24,2% выпадкаў часцей за ўсё спазняліся з дыягназамі.
Чытайце таксама: “Адкладзеная смяротнасць”. У Беларусі з-за рэпрэсій памерлі як мінімум 37 чалавек


