Дадаць навіну
Серада, 18 ліпеня 2018, 22:32

«Цвёрды як сталь. Чысты як золата». Чаму іржавы пярсцёнак — самы каштоўны ў залатым скарбе з Гродна?

У Гродне толькі і размоваў пра скарб, знойдзены ў старым доме 14 красавіка. Кошт знойдзенага можа сягнуць ажно да 30 тысяч долараў, а самую каштоўную рэч калісці насіў слуга імператара.

Падрабязна пра залатыя знаходкі Свабодзе распавёў гісторык і калекцыянер Ян Лялевіч.

Знайшоў будаўнік медычнага цэнтру

Скарб знайшлі на паддашшы мураванкі на тэрыторыі былога габрэйскага гета (2-я Працоўная вул., № 3). Гэта цэнтр горада. Цяпер дом рэканструююць пад медычны цэнтр.

Будаўнік Уладзімір Страковіч разбіраў дах і пад цэглай знайшоў металічную скрыню ад тытуню з надпісам «Tytuń fajkowy specjalny», хутчэй за ўсё варшаўскага вырабу.

Будаўнік, які знайшоў скарб
Унутры ляжалі 23 залатыя манеты, 11 пярсцёнкаў, ланцужкі, завушніца, абрэзаны медаль, зліткі золата, зубныя пломбы. Зверху ўсё было прыкрытае паперкамі для ўшчыльнення. Агульная вага скарбу болей за 400 грамаў.
Дом, у якім знайшлі скарб

Двудукат, польская дзесяцізлатоўка і аўстрыйская крона

Найстарэйшая манета датаваная пачаткам XVIII стагоддзя, найноўшая — 1925 годам. Найбольш каштоўныя манеты: двудукат XVIII стагоддзя, тры дукаты, польская дзесяцізлатоўка міжваеннага часу з выявай першага польскага князя Мешкі І (князя можна ўбачыць на сучаснай банкноце ў 10 польскіх злотых), крона Аўстрыйскай імперыі. Рэшта — расійскія рублі, сярод якіх пяць досыць рэдкіх 15-рублёвікаў.

Залаты скарб важыць больш за 400 грамаў

​Пярсцёнак важыць як чатыры сучасныя

Пярсцёнкі пераважна стандартныя, большасць — заручальныя. Але вага некаторых сягае 16 грамаў (для параўнання: сённяшнія заручальныя пярсцёнкі ў сярэднім важаць 3−4 грамы). На іх няма надпісаў, як, да прыкладу, у папярэдне знойдзеным у Гродне скарбе. Яны мала адрозніваюцца ад савецкіх пярсцёнкаў, толькі стаіць царскае кляймо.

Чытайце яшчэ:  Гісторыя са скарбам на Антонава скончылася: рабочыя атрымалі ўзнагароджанне

«Mon Dieu, mon roi, ma dame»

У скрыні з золатам з агульнай масы выбіваўся ржавы пярсцёнак. Навошта жалеза ў каштоўным скарбе? Аказалася, гэта адна з найцікавейшых і, магчыма, найдаражэйшых рэчаў са скрыні. Пярсцёнак некалі насіў выпускнік корпусу пажоў, які існаваў у Пецярбурзе з 1802 па 1918 год. У гэтай вайскова-адукацыйнай установе рыхтавалі да службы імператару. Пажоў было вельмі абмежаванае кола.

Золата захоўвалі ў металічнай скрыні ад тытуню. На першым плане добра відаць іржавы пярсцёнак корпусу пажоў
«Пярсцёнак іржавы толькі звонку, а ўнутры залаты. Такі незвычайны склад, бо дэвіз пажоў быў: „Цвёрды як сталь. Чысты як золата“. Надпіс на пярсцёнку па-француску: „Mon Dieu, mon roi, ma dame“ — „Мой Бог, мой кароль, мая дама“. Гэта старадаўні рыцарскі дэвіз. Таксама відаць выяву мальтыйскага крыжа (васьміканцовы крыж, які раней выкарыстоўвалі як свой сімваль рыцары)», — тлумачыць малодшы навуковы супрацоўнік Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Ян Лялевіч.

Адзін толькі пярсцёнак з корпусу пажоў можа каштаваць некалькі тысяч долараў.

Як ён трапіў у Гродна, цяпер цяжка сказаць, хіба што гэта высветліцца выпадкова. Але наўрад ці сам паж жыў у горадзе.

Медаль падразалі ў чорныя дні

Сваёй формай вылучаецца медаль у форме няправільнай трапецыі з рэльефным малюнкам. Гэта прускі медаль першай паловы ХІХ стагоддзя.

Медаль у выглядзе трапецыі гаспадар, відаць, проста абразаў і прадаваў, калі былі патрэбныя грошы
«Там відаць дата рымскімі лічбамі — 1529. Думаю, гэта быў 1829 год, выпуск медаля прымеркавалі да 300-годдзя нейкай падзеі. Гэта памятны настольны медаль, які, імаверна, проста абразалі і здавалі кавалкі, калі ва ўласніка заканчваліся грошы. Калі б ён застаўся цэлы, яго можна было б значна даражэй ацаніць пры экспертызе», — распавядае гісторык.

Іншыя складнікі скарбу — залатыя зліткі да 150 грамаў у выглядзе кулек і пласцінаў. Апошнія, мажліва, былі ювелірнымі нарыхтоўкамі, з якіх планавалі ствараць вырабы.

«Не ведаю, ці нехта скуб чыесці зубы»

У асобнай круглай скрыначцы з-пад пудры ляжалі паладыевыя зубныя пратэзы і стружка.

«Я не хачу ўваходзіць у дэталі, якая стружка і з якіх зубоў. Не ведаю, ці нехта скуб чыесці зубы. Але каронкі тады рабілі з паладыевага сплаву. Паладый каштуе дастаткова дорага. Ён толькі ўдвая таннейшы за золата», — кажа Ян Лялевіч.

Кошт можа дайсці да 30 тысяч долараў

Найменш скарб можна ацаніць у 15 тысяч долараў, калі проста здаць золата на вагу, як лом. Але з улікам гістарычнай каштоўнасці прадметаў кошт можа павысіцца нават удвая.

«Дарагія будуць дукаты, пятнаццацірублёўкі. Увогуле манеты дарагія. Пярсцёнкі звычайна не надта [высока ацэньваюць], толькі пажаўскі», — разважае калекцыянер.

Чыё золата?

Золата ў Гродне ўжо назвалі габрэйскім. Хаця сказаць дакладна, чыё яно, наўрад ці нехта зможа.

«На 90% можна казаць, што гэта габрэйскае золата, бо яно знаходзілася на тэрыторыі гета. Чалавек, які яго схаваў, з нейкіх прычын не змог па яго вярнуцца. Думаю, ён зрабіў бы ўсё магчымае, каб яго забраць. Ты не прыехаў бы па 15 тысячаў долараў? Гэта для нас скарб, а тады гэта хутчэй за ўсё быў дэпазіт. „Заначка“, якая збіралася, магчыма, гадамі, а можа, стыхійна ў вайну», — разважае Лялевіч.

У сеціве пачалі з’яўляцца прапановы знайсці ўласнікаў гэтага дому і аддаць золата іхным нашчадкам. Аднак зрабіць гэта наўрад ці рэальна.

Дом пабудаваны ў 1894 годзе. Першы вядомы гаспадар — габрэй Хаім. Аднак ягоныя нашчадкі маглі ўжо і не жыць у гэтым будынку. Змесціва скрыні магло належаць адной сям'і або некалькім, як складчына. Неканечне гаспадаром быў чалавек, які да вайны жыў у гэтым доме. Калі ў міжваенны час у такім двухпавярховіку маглі месціцца па чатыры сям'і, то пасля стварэння гета — па дваццаць.

У скрыні знайшлі паперы з надпісамі. Аднак нават яны не дапамогуць раскрыць загадку гаспадара. На дакументах відаць прозвішча «Фінкельман» і 1937 год.

Дакументы ў скрыні са скарбам належалі будаўнічай краме і не сведчаць пра ўласніка багацця
​"Як мы ўкручваем нешта ў газеты, так, напэўна, і яны схапілі першае, што трапілася пад руку, і ўшчыльнілі змесціва скрынкі. Першае, што ўбачылі на паперах, — гэта прозвішча «Фінкельман», і паспяшаліся зрабіць выснову, што гэта і ёсць уласнік. Але нельга сказаць, што гэта схавалі ў 1937 годзе. Гэта глупства", — мяркуе гісторык.

Гэтыя выходныя дакументы былі высланыя з нейкай будаўнічай крамы, хутчэй за ўсё, гродзенскай. У іх ідзецца пра тачыльныя дыскі.

«У 1939 годзе нацыяналізавалі (сканфіскавалі ў гаспадароў) дробныя прадпрыемствы, склады, крамы. Архівы гэтых прадпрыемстваў, у тым зыходныя дакументы, ліставанне, бальшавікі потым спісалі і аддалі габрэям. Тыя іх хутчэй за ўсё прадалі на другаснае выкарыстанне паперы, што мы часта сустракаем на дакументах: раней чарнавікі, чыстыя з аднаго боку, прадавалі на другаснае выкарыстанне паперы», — тлумачыць Ян Лелевіч.

Лёс скарбу мусяць вырашаць у Гродне

Паводле закону, палова скарбу належыць дзяржаве, рэшта пароўну дзеліцца паміж чалавекам, які знайшоў скарб, і ўласнікам будынку.

​Ужо цяпер можна меркаваць, што скарб прызнаюць гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

«Яго мусяць зрабіць гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Калі зрабілі „Антонаўскі“ (знойдзены ў 2016 годзе на вуліцы Антонава ў Гродне), то гэты дакладна зробяць. Па-першае, ён па вазе золата ў чатыры разы цяжэйшы. Па-другое, ён цікавейшы. Антонаўскі быў 110 рублёў золатам і чатыры пярсцёнкі. Тут манетаў удвая больш і цікавейшыя, пярсцёнкаў утрая больш, лому яшчэ колькі», — сцвярджае Лялевіч.

Рашэнне наконт папярэдняга скарбу прымалася каля году. Тады пытанне разглядала Міністэрства культуры. Цяпер, пасля прыняцця летась новага Кодэксу аб культуры, лёс скарбу мусіць вырашацца на рэгіянальным узроўні.

Гэта 25-ы скарб, знойдзены ў пасляваенны час на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, у Гродне ён трэці і найцікавейшы. Першы — гаманец з манетамі пры раскопках на вуліцы Вялікай Траецкай, другі — на вуліцы Антонава пры пабудове гандлёвага цэнтру.

На пачатку чэрвеня ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі плануюць адкрыць выставу, дзе можна будзе пабачыць усе скарбы, знойдзеныя ў вобласці. Цяпер золата захоўваецца ў фондах музея.


Цікава, што «дом са скарбам» фігуруе як знак габрэйскага супраціву фашыстам у адной са сцэнаў фільму «Сляды апосталаў» (2013), які здымалі ў тым ліку ў Гродне. Паводле сюжэту, з гэтага будынку герой страляе з кулямёту.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: