Ушанаванне хакейнага «Нёмана» праходзіла ў гродзенскім драмтэатры ў чацвер 19 красавіка. Там каманду павіншавала кіраўніцтва вобласці, спонсары і адданыя заўзятары.

Перад уваходам у тэатр заўзятары і юныя хакеісты зладзілі для каманды жывы калідор. Прыбыўшыя гульцы «Нёмана» разам з Кубкам прэзідэнта i пад апладысменты ўвайшлi ў фае, дзе правялі аўтограф і фотасесію.

[irp posts="59 093″ name="Песню-матыватар хакейнага Нёмана" ўпершыню выканалі ўжывую перад гродзенцамі"]

Пасля на сцэне тэатра кіраўніцтва вобласці, галоўны спонсар і заўзятары павіншавалі каманду з чарговым чэмпіёнствам. У сваю чаргу «Нёман» падзякаваў усім датычным да перамогі. Для пераможцаў у драмтэатры прайшоў канцэрт.

Нагадаем, «Нёман» 7 красавіка ў Мiнску здолеў даціснуць у фінальным супрацьстаянні «Юнацтва» і ўзяць Кубак прэзідэнта. Такiм чынам «Нёман» стаў сяміразовым чэмпіёнам Беларусі. Столькі ж галоўных трафеяў і ў мінскага «Юнацтва».

Сезон 2017−18 для «Нёмана» скончыўся ўдала. Падапечныя Сяргея Пушкова змаглі заняць першае месца ў рэгулярным чэмпіянаце, а пасля ў плэй-оф прайсці ўсіх супернікаў і ўзяць Кубак прэзідэнта. Ужо летам са стартам новага сезону «Нёман» дасць старт і ў Лізе Чэмпіёнаў. Разам з гродзенцамі ў еўракубку будзе выступаць «Юнацтва».