Шосты матч паміж «Нёманам» і «Юнацтвам», які праходзіў у Мінску 6 красавіка, скончыўся перамогай гродзенскай каманды. Такім чынам у фінальнай серыі да чатырох перамог дружына Сяргея Пушкова аказалася мацнейшай за свайго суперніка і стала чэмпіёнам Беларусі.

Падтрымаць у Мінску «Нёман» адправілася вялікая армія гродзенскіх заўзятараў. Ужо пасля матчу гульцы «Нёмана» казалі, што гулялі на «Чыжоўцы» як дома. Падтрымлівала гродзенскую каманду на мінскай арэне больш за 1000 чалавек.

Гаспадары лёду пачалі матч актыўна і хутка здолелі адкрыць лік. Пасля памылкі Труса на 2-й хвіліне Зямлянкiн скарыстаўся сваім шанцам і адправіў шайбу ў вароты «Нёмана». Пасля прапушчанага гола гродзенцы не зажурылися і праз 40 секунд зраўнялі лік. Ляўша па-майстэрску прайшоў абарону «Юнацтва» і закінуў Мільчакову. Але за кошт актыўнасці гаспадарам яшчэ да перапынку атрымалася закінуць другую шайбу i выйсцi наперад. Вызначыўся Усцiненка.

Са стартам другой дваццаціхвілінкі гродзенцы прыкметна дадалі ў гульні, але здолелі вызначыцца толькі ў канцы перыяду. Спачатку Ляўша закінуў чарговую шайбу і зраўняў лік у матчы. А праз хвіліну Грынь вывеў «Нёман» наперад. Як аказалася пазней, яго шайба і была апошняй у матчы.

У заключнай дваццаціхвілінцы «Нёман» добра глядзеўся і не даваў «Юнацтву» наблізіцца да варот Труса. Было шмат барацьбы з боку мінчан, але прабіць вароты гродзенцаў ім так і не ўдалося. У выніку «Нёман» утрымаў лiк і здолеў стаць чэмпіёнам краіны.

«Юнацтва» — «Нёман» 2:3 (2:1, 0:2, 0:0)

галы:
01.52 1:0 — Зямлянкiн
02.32 1:1 — Ляўша (А.Маляўка)
07.09 2:1 — Устiненка (Корса)
36.41 2:2 — Ляўша (Пасют, Крыскін, — бол.)
37.19 2:3 — Грынь

У фінальнай серыі да чатырох перамог «Нёман» абыграў «Юнацтва» з лiкам 4:2 і стаў сяміразовым чэмпіёнам Беларусі. Столькі ж галоўных трафеяў і ў мінскага «Юнацтва».

Пасляматчавы каментар галоўнага трэнера «Нёман Сяргея Пушкова можна
пачытаць тут.

Сезон 2017−18 для «Нёмана» скончыўся ўдала. Падапечныя Сяргея Пушкова змаглі заняць першае месца ў рэгулярным чэмпіянаце, а пасля ў плэй-оф прайсці ўсіх супернікаў і ўзяць Кубак прэзідэнта. Ужо летам са стартам новага сезону «Нёман» дасць старт і ў Лізе Чэмпіёнаў. Разам з гродзенцамі ў еўракубку будзе выступаць і «Юнацтва».