“Нёман” саступіў “Шахцёру” ў пятым паўфінальным матчы серыі плэй-оф чэмпіянату Беларусі. Гульня праходзіла ў Гродне 20 сакавіка амаль пры двух тысячах гледачоў.

Падапечныя Сяргея Пушкова не здолелі парадаваць сваіх заўзятараў упэўненай гульнёй. Чарговая хатняя гульня і чарговая параза і гэта нягледзячы на тое, што заўзятары не пабаяліся каранавіруса і прыйшлі масава падтрымаць любімую каманду.

“Шахцёр” на працягу ўсёй сустрэчы выглядаў упэўнена і заслужана абыграў гаспадароў. Галкіпер “кратоў” Максім Малюцін становіцца непераадольнай перашкодай для гродзенскіх хакеістаў ужо ў трэцім матчы серыі. Свой наступны матч “Нёман” правядзе ў Салігорску 22 сакавіка. “Шахцёру” патрэбна ўсяго адна перамога каб выйсці ў фінал.

“Нёман” – “Шахцёр” – 0:3 (0:1, 0:0, 0:2)

0:1 – 06:26 Казнадзей (Карабанаў)

0:2 – 57:29 Фяклістаў (Крыкуненка)

0:3 – 59:53 Радченка, ПВ

Лік у серыі 3:2 (4:2, 0:4, 0:4, 4:3 АВ, 0:3).

Галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Пушкоў пасля матчу:

– Думаю, матч быў сапраўды добрым. Праблема ў нас атрымалася толькі ў пачатку гульні. Мы гэты пачатак прайгралі, “Шахцёр” сыграў больш актыўна, больш агрэсіўна з першых хвілін. Думаю, што гэтая памылка, якую мы дапусцілі ў сябе ў зоне, і якая прывяла да забітай шайбы – гэта, напэўна, адзіная грубая памылка, за якую звычайна караюць. Актыўнасць была больш у “Шахцёра”.

Потым, лічу, гульня цалкам выраўнавалася, былі моманты, калі трэба было проста забіваць. Рэалізацыя слабая. Што тут казаць? Нуль галоў, хоць былі моманты, але няма забітых шайбаў. А без забітых шайбаў гуляць складана. Зразумела, што гэта падганяе рабят. Нават калі нам забілі другі гол, зразумела было, што гэта была гульня ў атацы, нам трэба было адыгрывацца. Добры быў другі перыяд, сапраўды валодалі ініцыятывай, але, на жаль, няма шайбаў.

Хакей наш цяпер глядзяць ад Амерыкі да Скандынавіі, гэта я ведаю дакладна. І, думаю, ёсць на што паглядзець. Матч быў сапраўды добрым, які заслугоўвае ўвагі, але не на нашу карысць. Едзем далей адыгрывацца, плэй-оф працягваецца, нічога яшчэ не скончана.

 

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life

Задай пытанне, дашлі заўвагу або прапануй тэму

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам “Твой стыль”. У канцы 2018 выдаў кнігу “Горад адзін, успаміны розныя”, дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930-40-я гады.