Жыхар Гродна звярнуў увагу на тое, як у грамадскім транспарце абвяшчаюць назву вуліцы Пераможнай па-беларуску. Замест звыклай для яго «Перамоганоснай» гучыць «Пераможная». Ідэолаг гарвыканкама ў каментарах адказаў, што ўсё правільна.
Аўтар публікацыі звярнуўся да гарадскога аўтапарка з просьбай правільна перакладаць назвы вуліц. На яго думку, руская назва «Победоносная» па-беларуску павінна гучаць як «Перамоганосная», а не «Пераможная», што адпавядае слову «Победная».
У каментарах некаторыя карыстальнікі пагадзіліся з аўтарам. Адна з гараджанак расказала, што аднойчы нават не села ў тралейбус, пачуўшы аб’яву «Пераможная»: яна падумала, што гаворка ідзе пра нейкую іншую, новую вуліцу. Іншы ўдзельнік абмеркавання адзначыў, што яшчэ прыкладна тры гады таму прыпынак абвяшчалі як «Перамоганосная».
Іншыя каментатары звярнулі ўвагу на правілы перадачы геаграфічных назваў. Адзін з карыстальнікаў напісаў, што, згодна з заканадаўствам, назвы вуліц павінны не перакладацца на іншыя мовы, а транслітаравацца. У адказ яму патлумачылі, што гэтае правіла не распаўсюджваецца на назвы, прысвоеныя да ўступлення адпаведнага закона ў сілу ў 2011 годзе, і падмацавалі свае словы спасылкай на закон.

Што адказаў гарвыканкам
На публікацыю адрэагаваў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама Аляксей Апановіч. Ён заявіў, што памылкі ў назве няма, а гэтае пытанне падрабязна вывучалі, у тым ліку ў гарвыканкаме.
«Па ўсіх нормах і правілах слова „Перамоганосная“ няма, перакладаецца як „Пераможная“. І такая назва ўжо з 29 снежня 2014 года», — напісаў Апановіч.
У пацвярджэнне сваіх слоў ён дадаў спасылку на афіцыйны пералік вуліц, праспектаў і іншых аб’ектаў Гродна, дзе назвы пададзеныя на дзвюх дзяржаўных мовах.



