У Лідзе прыступілі да перасадкі дрэў, якія павінны былі спілаваць дзеля будаўніцтва новага будынка ў цэнтры горада на скрыжаванні вуліц Савецкай і Таўлая. Для гэтага прывезлі спецыяльную машыну. Аднак у Threads гараджане працягваюць абмяркоўваць лёс чаромхі і пытаюцца, куды менавіта яе перасадзяць і ці зможа дрэва прыжыцца.
Пра з’яўленне спецыяльнай тэхнікі расказалі ў Threads. «Цяпер прыехала спецыяльная машына для перасадкі дрэва», — напісала адна з карыстальніц і апублікавала відэа працэсу.
Некаторыя лідчане ўзрадаваліся, што дрэвы вырашылі захаваць, іншыя засумняваліся, ці змогуць дарослыя расліны перанесці перасадку. У прыватнасці, карыстальнікаў непакоіць надвор’е: у каментарыях пытаюцца, ці не пашкодзяць дрэвам маразы, якія чакаюцца ў бліжэйшыя дні.
Іншыя ўдзельнікі абмеркавання тлумачаць, што позняя восень — прыдатны час для перасадкі дарослых дрэў: яны ўжо знаходзяцца ў стане спакою, а ўвесну змогуць пачаць аднаўляцца.


«Усё будзе добра. Горш было б пры +5–10, калі дрэва магло б прачнуцца», — адказала адной з карыстальніц, якія сумняваліся, іншая ўдзельніца абмеркавання.
Пры гэтым гараджане цікавяцца, куды менавіта перасадзяць дрэвы. У абмеркаванні згадваюць Курган Бессмяротнасці.
Па словах адной з удзельніц абмеркавання, пакуль перасадзілі толькі адно дрэва — другое ўсё яшчэ застаецца на ранейшым месцы. Гараджане пытаюцца, ці будуць яго таксама перасаджваць.
Раней у Threads з’явілася публікацыя пра тое, што ў цэнтры Ліды могуць спілаваць два дарослыя дрэвы дзеля будаўніцтва новага будынка. Мяркуецца, гаворка ішла пра насаджэнні на вуліцы Таўлая, у тым ліку пра чаромху дробнапільчатую — рэдкі для горада від, які расце каля Лідскага каледжа.
Пасля абмеркавання ў сацыяльных сетках забудоўшчык і камунальныя службы паведамілі, што лёс шасці дрэў — дэкаратыўнай чаромхі, глогу і ясеня — вырашылі задоўга да з’яўлення зваротаў гараджан. Іх абяцалі выкапаць і перасадзіць у межах горада.
Дрэвам каля 25 гадоў
Дрэвы на вуліцы Таўлая прыцягвалі ўвагу гараджан задоўга да цяперашняй гісторыі. Яшчэ ў маі 2015 года пра іх пісала «Лідская газета». Тады журналіст выдання звярнуў увагу на багатае пяшчотна-ружовае цвіценне і паспрабаваў высветліць, што гэта за расліны.
Як расказала газеце начальніца цэха «Зелянбуд» вытворчага падраздзялення «Зелянгас» Лідскага ГУП ЖКГ Ала Яскель, саджанцы купілі ў Гродне прыкладна за 15 гадоў да публікацыі. Паводле яе слоў, такія дрэвы пасадзілі толькі ў гэтым месцы.
Пазней, у 2022 годзе, выданне зноў расказвала пра цвіценне гэтых дрэў.
Тады майстар службы зялёнай гаспадаркі ЛГУП ЖКГ Сяргей Ярашэвіч патлумачыў выданню, што гэта чаромха дробнапільчатая. Паводле яго слоў, на гарадскіх вуліцах такі від можна было сустрэць толькі каля будынка Лідскага каледжа.
У артыкуле таксама звярталі ўвагу на тое, што некаторыя людзі ламаюць галінкі дрэў дзеля букетаў. Журналісты заклікалі берагчы расліны, каб яны як мага даўжэй радавалі гараджан сваім цвіценнем.



