Слонімчан абурыла, што на Салдацкім возеры высякаюць дрэвы і тут жа спальваюць расліннасць. Аказалася, што і гэта не ўсё – з 30 чэрвеня па 4 ліпеня мясцовыя ўлады абмяжуюць да возера доступ.

Возера пазбавілася дрэў з-за ваенна-гістарычнай рэканструкцыі

Жыхары Слоніма звярнулі ўвагу, што на Салдацкім возеры «значна высечана расліннасць» – дрэвы спальваюць на месцы, а дым валіць на людзей, якія адпачываюць.

Гараджане пацікавіліся ў чыноўнікаў, няўжо яны “агаляць усю гару” і якія планы маюць па добраўпарадкаванні тэрыторыі.

Аказваецца, дрэвы высякаюць да ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Вызваленне Слоніма”, якую правядуць у рамках святкавання Дня Незалежнасці. Апроч высечкі дрэў, тэрыторыю апрацуюць ад кляшчоў, прыводзіць адказ чыноўнікаў паблік slonim_live. 

Людзі не змогуць купацца ў спякоту па той жа прычыне

Яшчэ адно абмежаванне, якое мясцовыя ўлады ўводзяць з прычыны ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, – наведванне пляжа каля Салдацкага возера. Яно будзе абмежаванае з 30 чэрвеня па 4 ліпеня.

Як піша BGMedia, ваенна-гістарычныя рэканструкцыі ў Слоніме праходзяць рэгулярна, аднак раней улады абыходзіліся без закрыцця возера для наведвання.

Чытайце таксама: Слонімчанка паскардзілася на стан дзіцячай пляцоўкі ў двары – яе дэмантавалі