Беларус паскардзіўся на недахоп аўтобусных рэйсаў з чыгуначнага вакзала Слоніма. Сваю прэтэнзію мужчына накіраваў у чат-бот райвыканкама – чыноўнікі параілі планаваць вячэрнія паездкі з улікам ужо існуючага раскладу.

“Не кожны можа дазволіць раскошную паездку на таксі”

Прэтэнзію апублікаваў Instagram-паблік slonim_live. У паведамленні гараджанін піша, што прыбыў на цягніку ў Слонім а 22:44 у суботу.

«Мы хацелі паехаць дадому на таксі, але пачуўшы зааблочную цану ад таксіста, адмовіліся ад паездкі. Якраз незадоўга да гомельскага цягніка прыязджае яшчэ і на станцыю цягнік з Баранавіч.

Чаму б не пусціць якую-небудзь дванаццатку ці тройку, якая раней між іншым прыходзіла пад самы цягнік і ўсе людзі паспявалі з’ехаць. Бо не кожны чалавек можа сабе дазволіць раскошную паездку на таксі», – пацікавіўся жыхар у слонімскага аўтапарка.

Адказ чыноўнікаў: расклад складзены з улікам пасажырапатоку

У чат-боце слонімскага райвыканкама гараджаніну адказалі, што аўтобусы ездзяць згодна з зацверджаным графікам. «Рух на гэтым маршруце завяршаецца раней: у працоўныя дні – у 21:40, у выходныя – у 21:10. Расклад складзены з улікам пасажырапатоку і рэсурсаў аўтапарка. Рэкамендуем планаваць вячэрнія паездкі з улікам гэтага часу».

Каментатары: адказ чыноўнікаў смешны, але праблема сапраўды ёсць

На рэакцыю падпісчыкаў пабліка звярнула ўвагу BGmedia — журналісты пішуць, што “жыхары Слоніма высмеялі адказ уладаў”.

«Рэкамендуемы планаваць паездкі. Вы сур’ёзна!? Трэба тады мяняць расклад цягнікоў пад Слонімскі аўтапарк. Яшчэ раз пераконваюся, што Слонім гэта камедзі клаб», – напісала leonard.7459.

«Так і перададзім бч каб планавалі свой расклад цягнікоў з улікам часу аўтапарка г. Слоніма», – жартуе jeni12_02.

«Дзеці вучацца ў Баранавічах. У некаторых каледжах ніяк нельга заставацца на выхадныя. Дызель з Баранавічаў у 13 недзе адпраўляецца. Трэба адпрошвацца. Маршруткі дарагія. І сын непаўналетні неаднаразова ішоў пешшу з вакзала на Тапалёвую. Вельмі патрэбен аўтобус», – выказваецца spiridonovamasha74.

«Па-мойму гэта здзеклівы адказ, гучыць як блюзнерства, нават у галаве не ўкладваецца як можна так адказаць людзям, гэта адна з самых вялікіх праблем горада і такі адказ жэсць», – лічыць tania2025ch.

Чытайце таксама: У Слоніме засохлі дзесяткі новых дрэў — камунальнікі паабяцалі іх замяніць